А на паперы гладка…

Супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці вывучана сітуацыя з нарыхтоўкай другаснай сыравіны

Супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці вывучана сітуацыя з нарыхтоўкай другаснай сыравіны. Адзначана, што шэраг гаспадарчых структур безадказна адносяцца да выканання задання здачы металічнага лому для дзяржаўных патрэб. Не забяспечваюцца ўстаноўленыя тэрміны ўліку, збору і захоўвання другаснай сыравіны, што спрыяе крадзяжу, іншым злоўжыванням.

У поле зроку кантралёраў трапілі шэраг арганізацый спажывецкай кааперацыі. Выяўлена, у прыватнасці, нездавальняючая дзейнасць прыёмных пунктаў спажывецкіх таварыстваў Лёзненскага і Верхнядзвінскага раёнаў.

На момант праверкі ў Верхнядзвінскім райспажыўтаварыстве дзейнічаў толькі адзін нарыхтоўчы пункт прыёмкі ад насельніцтва лому чорных і каляровых металаў. Таму нядзіўна, што гадавое заданне было выканана ў першай дэкадзе кастрычніка толькі на 46 працэнтаў. Да таго ж прыняты металалом захоўваўся на тэрыторыі вытворчай базы, нібы вінегрэт, без адпаведнай сарціроўкі. У агульнай звалцы грувас-ціліся розныя бытавыя металічныя рэчы і прылады, сельгасінвентар, чыгун, адходы электрабытавой тэхнікі. На склад райспажыўтаварыства насуперак дзеючаму заканадаўству былі звезены свінцовыя акумулятарныя батарэі, якія  адпрацавалі свае тэрміны, з пашкоджанымі карпусамі агульнай вагой 400 кілаграмаў.

Дзіўна, што ў райспажыўтаварыстве не аказалася ўласных вагаў для ўзважвання другаснай сыравіны. Як патлумачылі кааператары, свае буйнагабарытныя вагі зламаліся. Таму ўзважванне металалому даводзілася рабіць на вымяральным абсталяванні асфальтабетоннага завода, які знаходзіцца за 10 кіламетраў ад прыёмнага пункта, а гэта дадатковыя расходы.

Між тым аблспажыўсаюз прадаставіў інфармацыю Камітэту дзяржкантролю, што ў Верхнядзвінскім райспажыўтаварыстве  дзейнічаюць пяць пунктаў прыёмкі металалому. Не адпавядала рэчаіснасці і інфармацыя, што ў Лёзненскім райспажыўтаварыстве працуюць чатыры пункты нарыхтоўкі металалому. Магчыма, на паперы і сапраўды іх чатыры, а вось у рабоце можна было ўбачыць толькі два. Таму гадавое заданне па нарыхтоўцы лому чорных металаў лёзненскія кааператары выканалі на
48 працэнтаў, а каляровых – увогуле толькі на 6 працэнтаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter