Запрашаем чытачоў у вандроўку па гістарычных мясцінах Беларусі

А мне мiлей зямля пад белымi крыламi

АМАЛЬ чатыры гады штосуботы на старонках газеты прадстаўні- кі самых розных прафесій і за- няткаў шчыра дзяліліся сваім радаводам. Кожная з такіх гісторый поўніла творчую скарбонку і вартая ўшанавання нашчадкамі. Так з’явілася ідэя абагульніць самыя яркія газетныя матэрыялы пра найбольш выбітных людзей у асобнае кніжнае выданне. Выдавецкі дом “Звязда” па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў і на пачатку восені выдаў кнігу “Вытокі”.


Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі ў суботніх выпусках “Сельской газеты” публікаваліся матэрыялы пра лёсы ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны. Праз чвэрць стагоддзя пасля Вялікай Айчыннай франтавік Віктар Вятошкін даведаўся, што ён поўны кавалер ордэна Славы. Авіяцыйны механік-інструктар Фёдар Буранкоў падрыхтоўваў ваенных авіяцыйных спецыялістаў для фронту. Усю вайну прайшоў радавым баец 25-й стралковай дывізіі Карэльскага фронту Вячаслаў Іванавіч Буйко. У лясных гушчарах брыгады камандзіра Булатава партызаніў васемнаццацігадовы Юзік Дзьмухоўскі з іўеўскай вёсачкі Пясевічы. Любанская партызанка Ніна Барысевіч з вясковымі сяброўкамі ўдзельнічала ў “рэйкавай вайне”, перавязвала параненых мсціўцаў, працавала на падрыхтоўцы ўзлётнай пляцоўкі зыслаўскага аэрадрома.

Журы рэспубліканскага творчага конкурсу прызнала франтавы цыкл публікацый лепшым і адзначыла дыпломам і прэміяй Саюза журналістаў Беларусі.

Галоўныя героі нашай газеты — людзі розных узростаў і заняткаў. 

Сёлета мы запрашаем вас, шаноўныя чытачы, у вандроўку па гістарычных мясцінах Беларусі, дзе плануем сустракацца з цікавымі асобамі, адзначаць найбольш важныя мінулыя і сучасныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця. А калі здарыцца нагода, то завітаем і да землякоў альбо гасцінных гаспадароў у замежжы і раскажам пра іх жыццё-быццё.

Здымкі тэлепраграмы “Пісьмо з Беларусі”. 1999 г.

НАША зямля дала многа сусветна вядомых людзей. Сярод іх прызнаныя вучоныя, творцы, апантаныя працаўнікі, мужныя змагары, тытулаваныя спартсмены. І ўсіх аб’ядноўвае адно слова — землякі.

Мне пашчасціла бываць на пяці кантынентах свету, сустракацца з жыхарамі розных краін. Наведваў фермерскія гаспадаркі ў Польшчы, некалькі дзён правёў у дацкага фермера, які займаецца свінагадоўляй. Вандраваў па фермерскіх гаспадарках у Іспаніі і Чарнагорыі. Знаёмы з расійскімі, украінскімі, малдаўскімі, латышскімі фермерамі. Давялося пабываць і ў аўстралійскіх гаспадароў. Маладая сям’я з поўдня Аўстраліі шчыра дзялілася сваім невялікім фермерскім вопытам. Дзяржава субсідзіравала іх мару прыдбаць дзесяць гектараў лесу. Расчысцілі пляцоўку і пабудавалі аднапавярховы дом. Асноўным заняткам іх стала вырошчванне кветак у гаршках. Першыя некалькі гадоў ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Каб не настаўніцтва ў пачатковай школе гаспадыні і дапамога бацькі-пенсіянера, пэўна, нічога з задуманага не атрымалася б. Выстаялі, умацавалі гаспадарку, якую плануюць у спадчыну перадаць дзецям. Побач з іх фермай у загароджаных сеткамі вальерах разгульвалі гурты прыгожай жывёлы, падобнай на еўрапейскіх казуль. А крыху воддаль узвышаўся дыхтоўны фермерскі дом. Давялося пабачыць і аўстралійскую свінаферму, якая месцілася высока ў гарах. Больш за сотню гадаванцаў карміліся з дапамогай аўтаматыкі. Гаспадар, які жыве ў горадзе і мае яшчэ свае прамтаварныя магазіны, заключыў дамову з фірмай на рэгулярную пастаўку на свінаферму фуражу. 

ЗАСТАЛАСЯ ў памяці сустрэча з былым старшынёю вядомага беларускага калгаса імя Гастэла Яўгенам Ліўшыцам. Раней толькі аднойчы запісваў з ім інтэрв’ю на полі каля збожжаўборачнага камбайна. Кіраўнік расказваў пра тэмпы, называў імёны. Неўзабаве Яўгена Сямёнавіча замяніў малады гаспадар. Разам з жонкаю пенсіянер Ліўшыц пераехаў жыць да дзяцей у Аўстралію. Мне выпала вандроўка на гэты кантынент, і з’явілася думка падрыхтаваць тэлепраграму “Пісьмо з Беларусі” для яе былога кіраўніка. Так і зрабіў. Яўген Сямёнавіч часта тэлефанаваў у гаспадарку, цікавіўся справамі калектыву. Мне далі нумар яго аўстралійскага тэлефона. Павітаўся, і адразу Яўген Сямёнавіч назваў маё імя. Адчуўшы здзіўленне, запрасіў у госці. Сустрэча выпала на калядныя дні. На Беларусі трашчалі моцныя маразы, а ў Сіднэі спякота. У пяціпавярховым шматкватэрным доме атрымаў жыллё Яўген Сямёнавіч з жонкаю Юліяй Якаўлеўнай. На тумбачцы ў зале стаяў тэлевізар і крыху ніжэй відэамагнітафон. Перахапіўшы мой позірк, гаспадар сказаў: “У гэтым і сакрэт. Штораніцы ўключаю відэамагнітафон і гляджу рэпартаж з гастэлаўскага жніва. Таму ваш голас так мне ўрэзаўся ў памяць. Думкі кожны раз міжволі вяртаюць у Беларусь. Нам з жонкаю тут грэх на жыццё скардзіцца. Забяспечаны ўсім. Але кожны дзень чакаю ночы, каб у сне пахадзіць па росных гастэлаўскіх лугах, пагутарыць з тымі, хто ў сэрцы застаўся назаўсёды. Нічога даражэй няма, як тая зямля, дзе твая моц засталася”. 

Былыякіраўнік і гаспадарак Міншчыны Мікалай ВАСІЛЕВІЧ, ЯўгенЛІЎШЫЦ і журналіст Уладзімір СУБАТ. Сіднэй. 2000 г.

Слёзы засцілалі вочы ўсхваляванага Яўгена Сямёнавіча. Ён засыпаў мяне пытаннямі пра калгас, пра знаёмых кіраўнікоў, пра жыццё ў краіне. А якой радасцю была для яго відэакасета з тэлепраграмай “Пісьмо з Беларусі”. Тут жа ўключыў відэамагнітафон і на адным дыханні глядзеў, нервова перабіраючы пальцамі рук. 

ТРАПЯТКОЙ і шчымлівай запомнілася сустрэча і з былым земляком у Злучаных Штатах Амерыкі, дзе апынуўся ён па волі лёсу. Чужой заставалася яму заакіянская зямля. Марыў зарабіць грошай і вярнуцца да родных мясцін…

Такіх сустрэч лёс падарыў мноства. Даводзілася бачыць, як уручную ўбіралі рыс кітайскія сяляне. Быццам мурашы, не разгінаючы спін, увіхаліся яны на рысавых чэках. Складалі звязаныя пучкі рысу ў копны. Другія тут жа грузілі іх на нейкія цялежкі і кудысьці везлі. Брыгадзір калектыўнай кітайскай гаспадаркі запрасіў у госці. Шлях да яго дома праходзіў праз суседні падворак. Пасярод двара ляжалі складзеныя дровы, каля якіх хадзілі людзі ў белых вопратках. Цішыня стаяла незвычайная. Пакуль мы чаявалі на маленькім унутраным дворыку, як паведамілі гаспадары, у суседзяў хавалі нябожчыка. Вяртаючыся назад праз гэты двор, убачылі, што на месцы, дзе ляжалі дровы, стаялі некалькі сталоў, за якімі сядзелі тыя ж людзі. Толькі багатыя ў больш чым паўтарамільярдным Кітаі маюць магчымасць быць пахаванымі на могілках. 

Так і ў густанаселеным Іраку, дзе давялося быць пасля заканчэння вядомай ваеннай аперацыі “Бура ў пустыні”. Горы разбітай тэхнікі ўперамежку з пальмавымі гаямі віднеліся паабапал тысячакіламетровай аўтастрады, што вядзе з Амана ў Багдад. Многае здзіўляла ў гэтай арабскай краіне. Але тое, што ў цэнтры Багдада алеі парку выкладзены чэрапамі іранскіх салдат, якія загінулі ў перыяд дзесяцігадовай ірана-іракскай вайны, выклікала жах. На ўнутраных дворыках цэнтра сталіцы адкрытая каналізацыя. 

Кожная вандроўка па свеце запамінальная. Вялікая Кітайская сцяна, дзівосны вадаспад Вікторыя-Фолс у Паўднёвай Афрыцы, пабудаваны на беразе Ціхага акіяна Нацыянальны тэатр оперы ў Сіднэі, незабыўная вандроўка на аўтамабілі па афрыканскай саване, дзе гуртамі пасуцца антылопы, ходзяць жырафы і сланы, знаёмства з вячэрнім Токіа і гістарычным цэнтрам Мілана ці іншай сталіцай, прагулка па Брайтан-Біч у Нью-Ёрку і многае іншае ўбачанае запала ў сэрца. 

Але душу больш грэюць родныя мясціны. Як лёгка крочыцца і дыхаецца ў чароўным куточку Белавежжа, сярод нарачанскіх сосен ці дубоў на дняпроўскіх кручах, альбо пад шум нёманскіх хваль. Веліч і таямнічасць Мірскага замка, старажытных Полацка, Турава, Нясвіжа, Навагрудка, Мсціслава, Друцка і іншых гістарычных гарадоў і мястэчак, вёсак і вёсачак “зямлі пад белымі крыламі”, як трапна назваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч прасторы ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц. 

БЯГУЧЫ год у нашай краіне абвешчаны Годам навукі. Як прадказваў геніяльны навуковец Цыялкоўскі, 2017-ы можа стаць найбольш спрыяльным для высокага развіцця тэхналогій. Гэта можа пайсці на карысць чалавецтву. Прадказваў ён і магчымасць міжпланетных злучэнняў, але разам з тым існуе і вялікая верагоднасць тэхнагенных катастроф. 

Сусветная супольнасць сёлета адзначыць 500-годдзе выдання нашым асветнікам Францыскам Скарынай Бібліі, якая, дарэчы, была надрукавана на беларускай мове. Цікава прайсціся полацкімі сцяжынамі вялікага гуманіста, завітаць ва ўладанні праваслаўнай калыскі Беларусі — Сафійскі сабор, зазірнуць у глыбокае мінулае не толькі гэтых гістарычна выбітных мясцін, але і такіх, як малая радзіма творцаў Францыска Багушэвіча, Адама Міцкевіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы, Васіля Быкава і Максіма Танка, беларускіх змагароў Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшкі, сусветна вядомых дзеячаў мастацтва Марка Шагала і Дзмітрыя Шастаковіча, Станіслава Манюшкі і Хаіма Суціна, слынных беларускіх хлебаробаў двойчы Герояў Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Ралько і Уладзіміра Бядулі. Дарэчы, бягучы год для былога кіраўніка вядомага камянецкага калгаса “Савецкая Беларусь” — юбілейны. Вясною Уладзіміру Лявонцьевічу спаўняецца 90 гадоў.

КОЖНАЯ “вандроўка” ў адзін з куточкаў роднай Беларусі — гэта расповед пра гісторыю краю, лёсы людскія, мясцовыя традыцыі і звычаі, прыказкі і прымаўкі.

Будзем удзячны вам, шаноўныя чытачы, за дапамогу ў падрыхтоўцы такіх матэрыялаў. Пішыце, расказвайце пра свой край, слынных землякоў. Пра мястэчка, самую маленькую вёсачку альбо глухі хутарок можна цікава расказаць, бо гісторыя іх непадзельна звязана з лёсам жыхароў, з іх вытокамі.

Хочацца спадзявацца, што новая рубрыка зацікавіць вас, шаноўныя чытачы “Сельской газеты”. Так што будзем разам!

Фота з архіва аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter