Более 1000 гостей побывали в усадьбе Деда Бая на Поставщине

А ў куфры зярняткі залатыя

Без Дзеда Мароза сустрэча Новага года і развітанне са старым, вядома, у Азярках не абыходзяцца. Традыцыйны дзядуля ў чырвоным кажуху тут таксама чаканы госць. Але ён яшчэ добры сябар і памагаты другога дзеда — Бая — у арганізацыі святочных забаў. Як нарадзіўся адмысловы вобраз, што за кароткі час стаў турыстычным брэндам края, і якія цуды чакаюць гасцей у Азярках? Наш карэспандэнт ажыццявіў падарожжа да сядзібы Бая.

Баба-яга ў выкананні Алены Зубко і Валерый Слядзеўскі ў ролі Дзеда Бая.

ПА дарозе даведаўся, што Новы год з Дзедам Баем ладзіцца ў Азярках, дзе некалі была рэзідэнцыя яшчэ аднаго знатнага персанажа мясцовага фальклору Зюзі Паазерскага, трэцюю зіму запар. Дзіўнае месца прываблівае ўсё больш гасцей, як маленькіх, так і дарослых. Толькі ў тым годзе яшчэ да каталіцкага Раства іх пабывала больш за тысячу. Турыстычны праект пашырае межы і папулярнасць. Гэтаму садзейнічалі шматлікія перадумовы, пачынаючы ад крэатыўнай і зладжанай каманды, якая ўвасобіла нетрывіяльную ідэю ў жыццё. Генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслаў Чымбург распавядае:

— Дзед Бай — персанаж невыпадковы. Яго стварыў наш знакаміты зямляк — паэт Уладзімір Дубоўка. Памятаеце героя са зборніка казак «Чароўная знаходка»? Дзед Бай па сюжэце меў куфар з залатымі зярняткамі, кожнае з якіх уяўляла пэўную казку — каштоўны здабытак мясцовага фальклору. Вось і мы, як знакаміты зямляк, вырашылі далучыць моладзь да народнай мудрасці і творчасці. Наш праект цалкам беларускамоўны. Усе персанажы ідэальна валодаюць сакавітым мілагучным словам. І гасцям такі ўрок мовы з дасціпнымі жартамі, казачным інтэрактывам, квестамі, у якія арганічна ўплецены традыцыі продкаў, надзвычай падабаецца. Многія пасля такога падарожжа знаходзяць час, каб зазірнуць у бібліятэку і бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Дубоўкі. Ідэя выкарыстаць такі персанаж належыць нашаму метадысту Наталлі Карнілавай. Да рэалізацыі праекта далучалася вялікая творчая каманда, і ён знайшоў падтрымку на ўсіх узроўнях.

Мы на месцы. Недалёка ад райцэнтра на беразе маляўнічага возера пад вечназяленымі шатамі сасновага лесу раскінулася сядзіба Бая. Адсутнасць снегу святочнага настрою не марудзіць, яго падымаюць прыбраная ў цэнтры перад сцэнічнай пляцоўкай зялёная прыгажуня-ёлка і агні ліхтарыкаў, якія клічуць у глыбіню чароўных сцяжынак. Тут вам і вялізнае каменнае яйка жаданняў, мосцік кахання, хатка Бабы-ягі і безліч іншых дзівосаў — у прыцемках зімовага адвячорка ўсё здаецца казачна атмасферным. 

А вось нарэшце і сам гаспадар. Знаёмцеся — Дзед Бай! У кажуху яго ад больш вядомага зімовага сябра і калегі не адлічыць. А без верхняй вопраткі сапраўды нагадвае дасціпнага рахманага дзядка са старонак казак Уладзіміра Дубоўкі. У мяне, дарэчы, у дзяцінстве была такая кніга.

— Ішоў Бай па сцяне ў чырвоным каптане. Добрая мая казка ці не? — чую ў якасці прывітання знаёмыя радкі.

Падчас займальнай экскурсіі па ўладаннях пастаўскага казачніка даведаўся і пра жыццё чалавека, які так трапна і арганічна пераўвасобіўся ў гэты вобраз. Валерый Слядзеўскі нарадзіўся і ўсё жыццё аддаў гэтым мясцінам. З паэтычнай спадчынай Дубоўкі знаёмы з дзяцінства. Пасля заканчэння Віцебскага вучылішча культуры вярнуўся на малую радзіму з дыпломам рэжысёра народнага тэатра. У Азярках Валерый таксама займае пасаду вартаўніка:

— Пакуль лёс не прывёў сюды, многа дзе працаваў — і ў раённым Доме культуры, 14 гадоў на мясцовым радыё. Роля Бая мне прыйшлася даспадобы. Кожны год у нас арыгінальная праграма як для малых, так і дарослых. Сцэнарый ёсць, але момант імправізацыі заўжды прысутнічае. З дзятвой бавіць час асабліва прыемна. Яны адкрытыя, прагныя да ўсяго новага. Перад імі душой не скрывіш. І заўжды ўзрушвае іх давер і шчырая па­дзяка. На адной з праграм у гэтым годзе мне, а дакладней, Дзеду Баю нават верш напісалі і прысвяцілі. Дзеці цікавяцца нашымі казкамі, традыцыямі, гісторыяй. Народная спадчына сее ў маленькіх сэрцах і душах зярняты павагі да роднай мовы і гонар за малую радзіму.

Да нашай размовы далучаецца яшчэ адзін, на гэты раз знаёмы персанаж, які не мае патрэбы ў прадстаўленні. Баба-яга ў выкананні Алены Зубко атрымалася каларытнай асобай, хоць і выгляд мае класічны. З дзедам у Ягіні склаліся цёплыя адносіны, як у мужа з жонкай, якія з’елі не адзін пуд солі. Увесь час адзін над адным паджартоўваюць. Сяброўка Бая дадае:

— А яшчэ ў Азярках дзеці пазнаюць традыцыі і абрады. Напрыклад, як варажылі на Каляды і чаму сяляне клалі сена пад абрус святочнага стала. І дарослым гэта таксама цікава. 

У зімовых прадстаўленнях удзель­нічаюць звычайна 7 казачных і фальклорных герояў. Многія нетыповыя. Напрыклад, Цыкота — злосная пачвара, увасабленне зла, што імкнецца пакрасці казкі Бая і сапсаваць дзецям свята. А яшчэ Боўціца — істота, якая боўтаецца без справы, хоць і не імкнецца перашка­джаць і ладзіць злачынствы. На стварэнне гэтых вобразаў таксама натхніў землякоў казачны пясняр Дубоўка.

У адрозненне ад рэзідэнцыі Дзеда Мароза сядзіба Дзеда Бая прымае гасцей круглы год. Анімацыйныя праграмы створаны для самых розных падзей і свят, рознаўзроставай аўдыторыі. Шмат гасцей знайшлі тут асаблівую атма­сферу, сваю казку, у тым ліку з блізкага і далёкага замежжа. На базе спартыўна-турыстычнага комплексу створаны вяровачны гарадок, спуск троляў і іншыя спартыўныя атракцыёны. На стадыі будаўніцтва спальны комплекс, кафэ. Станіслаў Чымбург спадзяецца, што ўсе планы будуць рэалізаваны і ў гэтым го­дзе геаграфія гасцей значна пашырыцца. 

Творчая каманда праекта «Дзед Бай запрашае на Пастаўшчыну» ўпэўнена, што гэты раённы брэнд чакае шчаслівая будучыня, як і ўсіх гасцей, якія пажадаюць дакрануцца да гісторыі іх края. А чытачам «СГ» Дзед Бай жадае толькі добрых навін, не забывацца на свае карані і заўжды жыць у чаканні цудаў. Яны побач і патрэбны не толькі маленькім, але і дарослым.

ДАВЕДКА «СГ»

Уладзімір Дубоўка нарадзіўся 15 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю. За верш «За ўсе землі, усіх народаў свету» 20 ліпеня 1930 года быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Канчаткова быў рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года. Памёр 20 са­кавіка 1976 года ў Маскве.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за зборнік вершаў «Палеская рапсодыя», кніжкі вершаваных казак для дзяцей «Цудоўная знаходка» (1960), «Кветкі — сонцавы дзеткі» (1963), «Казкі» (1968), «Залатыя зярняты» (1975), а таксама казкі «Як сінячок да сонца лётаў» (1961), «Дзівосныя прыгоды» (1963), «Мілавіца» (1964).

Дарэчы, казкі Уладзіміра Дубоўкі цікавыя не толькі дзецям, але і дарослым. На малой радзіме пісьменніка ўсталяваны памятны знак.

zakharov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter