А ў фінале – «Выкраданне Еўропы…»

«У ЦЭЛЫМ цяперашняя восень была для Беларусі тэатральнай, а фестываль «Панарама» завяршае гэты сезон», — сказаў міністр культуры Беларусі Павел ЛАТУШКА падчас цырымоніі адкрыцця ў Мінску міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «Панарама». Міністр культуры зачытаў прывітанне гасцям і ўдзельнікам форуму Прэзідэнта Беларусі Аляксандра ЛУКАШЭНКІ.

V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва «Панарама» пачаўся ў нядзелю і працягнецца да 27 лістапада.

«У ЦЭЛЫМ цяперашняя восень была для Беларусі тэатральнай, а фестываль «Панарама» завяршае гэты сезон», — сказаў міністр культуры Беларусі Павел ЛАТУШКА падчас цырымоніі адкрыцця ў Мінску міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «Панарама». Міністр культуры зачытаў прывітанне гасцям і ўдзельнікам форуму Прэзідэнта Беларусі Аляксандра ЛУКАШЭНКІ.

Праграма свята для тэатралаў даволі разнапланавая: драматычны, харэаграфічны, лялечны тэатры. Адметнасць сёлетняга фестывалю — шчыльнае шматнацыянальнае супрацоўніцтва. «Панараму» можна было б нават назваць «фестывалем вандроўных зорак». Справа ў тым, што майстры тэатральнага мастацтва адной краіны прымаюць удзел у пастаноўках іншай. Дарэчы, у Мінск прыехалі творцы з Расіі, Венгрыі, Польшчы, Літвы, распавялі ў Міністэрстве культуры.

Фестываль адкрыў у нядзелю сумесны літоўска-расійскі праект «Чайка» піцерскага Тэатра-фестывалю «Балтыйская хата» (рэжысёр Ёнас Вайткус). Учора тэатр танца Анжалікі Холінай з Вільнюса даваў спектакль «Ганна Карэніна». А сёння парадуе пастаноўка венгерскага тэатра імя Міхая Чаканаі «Цырульніца» па п’есе Сяргея Мядзведзева ў пастаноўцы расійскага рэжысёра Віктара Рыжакова. Дарэчы, гэты спектакль прызналі лепшай пастаноўкай у Венгрыі ў 2010 годзе. У чацвер і пятніцу гледачы ўбачаць дзве беларускія пастаноўкі: Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Не мой» па аповесці Алеся Адамовіча і Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек «Драй швэстэрн» па матывах драмы Антона Чэхава «Тры сястры». Эстафету 25 лістапада прыме польскі тэатр Rampa. Ён пакажа спектакль «Пінская шляхта» па п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у галоўнай ролі — народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. 26 лістапада літоўскі тэатр Meno Fortas прадставіць «Ідыёта» па матывах аднайменнага рамана Фёдара Дастаеўскага, а артысты расійскага Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Вахтангава пакажуць спектакль «Прысвячэнне Еве» з Васілём Ланавым і Яўгенам Князевым. Закрые свята пастаноўка Купалаўскага тэатра «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл».

Такім чынам, на фестывалі пакажуць 9 спектакляў. А паколькі будынак Купалаўскага тэатра на дадзены момант знаходзіцца на рэканструкцыі, спектаклі праходзяць у Цэнтральным доме афіцэраў, Палацы культуры прафсаюзаў, канцэртнай зале «Мінск», Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter