А ў Бобры – людзі добры: хораша спяваюць, Тройцу праслаўляюць!

— Упершыню старадаўні народны абрад святкавання Сёмухі мы праводзілі гады чатыры таму на... стадыёне ў Ражанцы, — успамінае дырэктар Ражанкаўскага ЦДК Святлана Сямёнаўна Рубель, — і самі адчувалі нейкую дысгармонію. Нечаканае выйсце падказала адна з нашых найстарэйшых удзельніц мастацкай самадзейнасці — цудоўная знаўца фальклору, баечніца і частушачніца Валянціна Міхайлаўна Бабрыцкая. Яна запрасіла ладзіць Сёмуху... прама на свой падворак. З таго часу мы заўжды святкуем гэта рамантычнае, з язычніцкімі каранямі свята ў Бобры.

Прывольная сядзіба Бабрыцкіх без усялякіх агароджаў раскінулася на самым ускрайку вёскі. Побач — жытнёвае поле, на падворку дзве вялікія бярозы: адну калісь сама Валянціна Міхайлаўна пасадзіла, другую — яе дзед Ігнат. Менавіта гэтым бярозкам дзяўчаты ў мінулую нядзелю косы запляталі, яркімі стужкамі ды шарамі галінкі ўпрыгожвалі, тут карагоды вадзілі, на вянках варажылі... Прама на выкашаным ля дома лужку экспанаты цэнтра народных рамёстваў выстаўлены. Так і хочацца прымераць ільняны народны касцюм, саламяны капялюшык, зазірнуць у вочы арыгінальнай ляльцы з мешкавіны. Да чаго ж залатарукі ў нас народ! Колькі ўмельства і выдумкі ўкладзена ў кожны выраб!
Гасцей на Сёмуху сабралася безліч — са Шучына і Ражанкі, з Баліч і Ракавіч, Лагадаў і іншых навакольных вёсак. З Ражанкі ўдзельнікі фальклорнага гурта і моладзь дабіраліся на кані, прыбраным банцікамі, кветкамі ды бярозавымі галінкамі. Гаспадары коніка па клічцы Малыш — Юрый і Анжаліка Якусікі — вялікія аматары народных свят, заўжды ва ўсіх мерапрыемствах удзельнічаюць. А вось яшчэ адных арганізатараў абраду — супрацоўнікаў раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці даставіў у Бобру аўтобус “Кубань”. Трэба сказаць, шустры Малыш напрасткі хутчэй прывёз сваю творчую каманду, чым ад душы насмяшыў нас, “кубанскіх”. А колькі люду прыехала на іншамарках, веласіпедах і скутэрах! Усім было цікава разам з удзельнікамі абраду пахадзіць па падворках бабраўчан, паслухаць песні, пачаставацца “сёмушнай” вадзіцай з упрыгожаных студняў.

“Ой, Тройца-Тройца, Святая
Багародзіца,
А ў нашай вёсачцы хораша
пагодзіцца,
А ў нашай вёсачцы хораша
спяваюць,
А ў нашай вёсцы Тройцу
праслаўляюць!” —

гаворыць прывітальныя словы дзяўчына-Бярозка, на ролю якой падчас “сёмушнай” гульні абралі Ірыну Жыдко.
Сяляне вельмі гасцінна сустракалі ўдзельнікаў абраду, частавалі цукеркамі. Даўней лічылася: дзе пабывае такая Бярозка, там будуць панаваць шчасце і дабрабыт, будзе шчодра радзіць ніва. Ва ўтульным і вельмі акуратным двары Марыі Арцёмаўны і Віктара Генрыхавіча Шабунькаў у гэты дзень дружна сабраліся сыны, дочкі, унукі і праўнучкі.
— У вас, пэўна, нейкі юбілей сёння? — не ўтрымліваемся мы ад пытання.
— Ды не, у нас сёння — Сёмуха! — усміхаюцца Шабунькі.
— У кожнай мясцовасці па-рознаму ладзілі гэты абрад, — тлумачыць вядучы метадыст РМЦНТ Юрый Кірэй, сам, дарэчы, ураджэнец Віцебшчыны. — Каштоўна тое, што мы разам з тутэйшымі энтузіястамі адрадзілі менавіта тое свята, што запомнілі са свайго дзяцінства карэнныя жыхары Бобры і наваколля.
А як парадаваў слухачоў канцэрт, з якім прыехалі самадзейныя артысты Ракавіцкага ЦДК, і асабліва песні народнага фальклорнага гурта “Вяргіня”.
...Не хацелася развітвацца з гасціннай сядзібай і гэтым міні-фестывалем народнай творчасці. Валянціна Міхайлаўна Бабрыцкая з маладой іскрынкай у вачах расказвала пра старадаўнія гульні, песні, якія спяваў яе бацька, чытала вершы. А яшчэ частавала ўсіх нязменнай святочнай стравай — цуда-яечняй і пірагамі ўласнай выпечкі. Вельмі смачна, скажу я вам. Як-небудзь пасля Сёмухі даведаемся яшчэ і пра кулінарныя сакрэты гэтай незвычайнай жанчыны з Бобры, чыё прозвішча — Бабрыцкая — пераклікаецца з назвай вёскі, дзе жыве яна з дачушкай-інвалідам вельмі няпростым жыццём, але ўмее радавацца ўсім праявам быцця, шчыра любіць людзей, захоўвае народную спадчыну і сама — нібы душа народная. Вось такая незабыўная сустрэча, за што вялікі дзякуй табе, Сёмуха...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter