А, Бэ, Вэ...

За што складальніка беларускіх слоўнікаў Арцёма Баханькова неяк у міліцыю забралі і як ён аднойчы шчупака са стрэльбы забіў

За што складальніка беларускіх слоўнікаў Арцёма Баханькова неяк у міліцыю забралі і як ён аднойчы шчупака са стрэльбы забіў

Шукаючы ў слоўніках патрэбнае слова, мы рэдка задумваемся пра тое, хто і як іх складаў, якім чалавекам быў іх аўтар, што любіў, чым захапляўся. Адна справа — пісьменнікі, якія і на прэзентацыях выступаюць, і з чытачамі сустрэчы ладзяць, і ў школы з лекцыямі ездзяць. Зусім іншая — аўтары слоўнікаў. Ціхмяныя і сціплыя навукоўцы, яны значна аблягчаюць жыццё і тым жа пісьменнікам, і настаўнікам, і школьнікам, і студэнтам, аднак рэдка з’яўляюцца перад чытачамі. Адзін з такіх — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, аўтар навуковых работ і папулярных тлумачальных слоўнікаў Арцём Баханькоў. У канцы студзеня прафесару споўнілася б дзевяноста гадоў. Пра бацьку чытачам “НГ” расказаў яго сын, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры фізікі Аляксандр БАХАНЬКОЎ. 

— Аляксандр Арцёмавіч, як вы думаеце, чаму ваш бацька звязаў свой лёс з беларускай мовай?

— Ёсць такі добры верш: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Бацька на самай справе пабываў у многіх краях. Падчас службы ў Чырвонай арміі дайшоў аж да Румыніі праз палову еўрапейскіх краін. Ён вельмі любіў Беларусь, ведаў, што яе ёсць за што любіць, як ёсць за што любіць і паважаць беларускую мову. Яна нашмат ярчэйшая, багацейшая і больш меладычная за іншыя. Вось расіянін, да прыкладу, гаворыць: “Я люблю эту женщину. Я люблю котлеты с картошкой. Я люблю смотреть, как солнце заходит”. На беларускай мове на гэтыя тры выпадкі ёсць тры розныя словы.

— Бацька заўсёды размаўляў па-беларуску?

— Так, хоць і ведаў амаль усе славянскія мовы. З беларускай мовай бацька нарадзіўся і памёр. У яго роднай вёсцы Саламір’е Полацкага раёна ўсе заўсёды размаўлялі па-беларуску. Прычым на чыстай беларускай мове, блізкай да літаратурнай. Такую гаворку рэдка сустрэнеш у беларускай правінцыі. На радзіме маёй маці ў Касцюковіцкім раёне, да прыкладу, кажуць так: “Цій та ты ета ўжо здзелала? Цій та ета напраўду сказала, ай не?” Бацьку вельмі весяліў гэты дыялект.

— Хтосьці з дзяцей пайшоў па слядах бацькі?

— Пасля школы бацька адпраўляў мяне вучыцца на мовазнаўства, бачыў у мяне здольнасці. Але гэта быў 1968 год — з космасам, атамным рэактарам... Мяне цягнула да ўсяго гэтага, таму пайшоў на факультэт фізікі. Больш за 35 гадоў выкладаў у розных ВНУ краіны. Аднак са словам звязана маё хобі. Я пішу вершы (“фізік-лірык” — гэта пра мяне), а яшчэ складаю кулінарныя кнігі — дзве ўжо выдаў. Сястра Люда скончыла біяфак, працавала ў бальніцы хуткай дапамогі, Таня пайшла па маіх слядах, скончыла фізічны факультэт, зараз жыве і працуе ў Каліфорніі, куды запрасілі па працы яе мужа.

— Ці здараліся ў Арцёма Яхімавіча падчас складання слоўнікаў і правядзення даследаванняў нейкія казусныя выпадкі?

— Бацька працаваў у галіне лексікі беларускай мовы, збіраў розныя дыялекты. Аднойчы, было гэта, здаецца, у Любані ў шасцідзясятых гадах, яго затрымалі на рынку... як шпіёна: ходзіць, слухае ды нешта запісвае! Завялі ў міліцыю, патэлефанавалі ў Інстытут мовазнаўства, дзе пацвердзілі, што насамрэч ёсць такі супрацоўнік Баханькоў, які зараз знаходзіцца ў камандзіроўцы.

— А якія ў бацькі былі захапленні?

— Любіў па грыбы-ягады схадзіць або павудзіць на беразе рэчкі. Аднойчы пашчасціла яму шчупака ледзь не ў свой рост злавіць, а калі больш дакладна, то застрэліць. Расказваў: “Іду ўздоўж ракі са стрэльбай. Гляджу — бервяно ў вадзе ляжыць. Раптам варухнулася. Прыгледзеўся — шчупак. Вось і застрэліў”. Праўда, есці таго шчупака было немагчыма — надта стары быў. Ды бацька больш простыя стравы любіў. Маці рабіла вельмі смачныя “клёцкі з душой” — шарыкам духмянага мяснога фаршу. Дарэчы, тыя маміны клёцкі ды дранікі і натхнілі мяне на напісанне кулінарных кніг — “150 страў з маладой бульбы” і “Бу-тэрброды і фаршмакі з бульбы”.

— Ці дазваляў бацька вам, малым дзецям, заходзіць у яго кабінет, калі ён працаваў?

— Заходзілі ў любы час. Ніколі слова дрэннага не чулі. Наогул атмасфера ў сям’і была спакойная, прыязная. Ад таго, відаць, адной з якасцей бацькавага характару было спачуванне.

— Якой работай бацькі вы найбольш ганарыцеся?

— Лічу, што найвялікшай справай, якую бацька зрабіў у жыцці, сталі яго слоўнікі. “Толковый словарь русского языка”, да прыклалу, і сёння перавыдаецца ў Расіі. Мяне вельмі здзівіла, калі быў у Пецярбургу і Цвяры ў камандзіроўках і ўбачыў у кнігарнях свежыя перавыданні бацькавых слоўнікаў. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” таксама вытрымаў ужо шмат перавыданняў. Акрамя таго, бацька выступаў сааўтарам вялікіх беларускіх слоўнікаў. Усімі яго работамі карыстаюцца да сёння.

— Як працаваў бацька? Ці былі ў яго пэўныя рытуалы пры напісанні артыкулаў, складанні слоўнікаў?

— У яго быў вельмі вялікі стол, як два звычайныя, які ўвесь быў застаўлены скрынкамі з карткамі, адсартаванымі па розных прынцыпах. Ад ранку да гадзіны шостай бацька працаваў у інстытуце, а пасля вяртаўся дадому і працаваў ужо з хатнім матэрыялам. Звычайна на стале ляжалі дзве кнігі: “Белорусы. Язык белорусского народа” мовазнаўцы Яўхіма Карскага і кніга Вацлава Ластоўскага, якую ён мне заўсёды рэкамендаваў. “Калі хочаш ведаць сапраўдную гісторыю беларускага народа, чытай Ластоўскага”, — казаў ён. Яго кніга ў мяне і сёння ёсць. Працаваў бацька заўсёды, нават у выхадныя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter