Апошнія з магікан — так называе сябе сям’я Пралічан з вуліцы 17 Верасня ў цэнтры Брэста. Пачынаючы з 1996 года дом № 4 паступова рассяляюць: зямля пад ім адбіраецца для дзяржпатрэб. І чым менш жыхароў тут застаецца, тым больш узнікае праблем. З пачаткам абагравальнага сезона цяпло ў кватэру Пралічан прыйшло. Але батарэі ў пад’ездзе на абодвух паверхах халодныя як лёд. Галава сямейства Сямён Іванавіч хвалюецца: калі не адрамантаваць сістэму да наступлення маразоў, адзіная жылая ў доме кватэра застанецца без ацяплення. Але ўстараняць непаладку мясцовы ЖЭС не спяшаецца. Дакладней, пакуль не мае на гэта права.

Той самы дом на вулiцы 17 Верасня. Фота аўтара
У двары дома № 4 па вуліцы 17 Верасня працягваецца будаўніцтва. Вакол — тэхніка, рабочыя. Прарабская — таксама тут, на першым паверсе. Узвядзенне новага рагавога дома з крамамі ўжо скончана. Але ў цэнтры квартала яшчэ расце шматузроўневы паркінг. Менавіта яго ахвярай стала бойлерная, якая зусім нядаўна стаяла на гэтым месцы. Гарачай вадой ад яе і ацяпляўся ўвесь дом № 4, але з-за будаўніцтва вузел прыйшлося знесці.
Новую трубу да будынка падвялі з бойлернай па суседстве. Але гаспадар 9-й кватэры Сямён Пралічан толькі разводзіць рукамі: батарэі ў пад’ездзе яго дома ўсё яшчэ халодныя. І хоць у кватэру цяпло пакуль паступае спраўна, радавацца гаспадар не спяшаецца. Гэта толькі да першых сур’ёзных маразоў. Усё ж у абагравальнай сістэме маюцца паветраныя пробкі. Таму з надыходам халадоў вада ў ёй проста замерзне. І тады батарэі не пацяплеюць ужо да вясны.
Здавалася б, рашэнне праблемы відавочна: дастаткова ліквідаваць паветраныя пробкі ў сістэме ацяплення. Але Сямён Пралічан добра ведае яе канструкцыю. Тут няма пашыральнага бака, пры дапамозе якога гэта можна зрабіць. Дыяметр падведзенай з бойлернай трубы занадта малы, каб пусціць ваду пад патрэбным ціскам і выгнаць паветраныя пробкі з батарэй. А адтуліны для спуску вады ў самой кватэры проста не прадугледжаны. Час ад часу можна пачуць, як нехта стукае па трубах. Аднак Сямён Іванавіч упэўнены, што адным стукам пытанне не вырашыць...
У брэсцкім ЖЭС-4 , пад чыім наглядам знаходзіцца будынак, пацвердзілі: з такой праблемай сям’я да іх сапраўды звярталася. Але пакуль эксплуатацыйная арганізацыя нічога зрабіць з трубой цэнтральнага ацяплення не можа. Дом № 4 па вуліцы 17 Верасня рассяляецца за грошы аднаго з інвестараў. Таго, што будуе дамы і паркінг у гэтым квартале. За яго ж сродкі праклалі і новую трубу да будынка ад суседняй бойлернай падстанцыі. Але афіцыйна кампанія-інвестар яшчэ не перадала яе на абслугоўванне ЖЭС-4: акт прыёма-перадачы знаходзіцца на разглядзе ў ЖРЭУ Брэста. Як толькі яго зацвердзяць, спецыялісты атрымаюць доступ да лініі. І толькі тады будуць мець права ўмешвацца ў яе працу і займацца наладкай.
Таму і перажываюць гаспадары. Зацвярджэнне акта прыёма-перадачы можа зацягнуцца. А Сямёну Іванавічу і Тамары Дзмітрыеўне жыць тут не адзін месяц. Нягледзячы на тое, што сям’я ў доме засталася адна і астатнія кватэры даўно расселены, з’язджаць адсюль яны пакуль не плануюць. І прычыны на тое сур’ёзныя.
У іх дарэвалюцыйнай трохпакаёўцы прапісаны шэсць чалавек. Гаспадар, жонка, а таксама іх дзеці і ўнукі, якія жывуць тут з нараджэння. І пры адсяленні ў выпадку канфіскацыі зямлі для дзяржаўных патрэб інвестар павінен даць ім па 15—20 метраў плошчы на кожнага. Гэта значыць, як мінімум 90 «квадратаў». Ці ўсе 120 , як тое дапускае Указ № 563. Гаспадар кватэры гаворыць як ёсць: ад агляду прапанаваных ЖБВК «Цэнтркомпанi» варыянтаў сям’я адмовілася. Бо плошча самай вялікай кватэры не перавышала 58 квадратных метраў. Муж і жонка прапанавалі кампаніі, якая ўзяла на сябе рассяленне жыхароў, сваё бачанне сітуацыі. Але тады ўжо інвестар не пагадзіўся купіць 4-пакаёвую кватэру плошчай ад 84 да 104 «квадратаў».
Згодна з законам сям’і Пралічан належыць кампенсацыя ў 50 тысяч долараў. Але гэтай сумы недастаткова для куплі прыдатнай кватэры, наракаюць муж і жонка. Ды і сама ацэнка, на іх думку, прайшла з агрэхамі. Паколькі дом уключаны ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, яго можна ацаніць толькі з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры. У адказе ж ЖБВК на сітуацыю, якая склалася, значыцца наступнае: калі жыхары з інвестарам не дамовяцца, ён будзе вымушаны набыць кватэру, раўнацэнную цяперашняй па добраўпарадкаванні і плошчы. Але ўжо згодна са сваімі меркаваннямі.
А пакуль сітуацыя зайшла ў тупік, муж і жонка чакаюць адказу на накіраваную ў гарвыканкам скаргу. Але перш за ўсё — зацвярджэння ў ЖРЭУ акта прыёма-перадачы лініі цеплазабеспячэння. У трубы, хай сабе і часовай, павінен быць гаспадар: зіма ж не за гарамі.
КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ
Наталля ЯНГОЛЕНКА, начальнік юрыдычнага аддзела Брэсцкага гарвыканкама:
— У сітуацыі, якая склалася на вуліцы 17 Верасня, варта кіравацца не Указам № 58 ад 2009 года, як таго патрабуе сям’я Пралічан у сваёй скарзе. Так, у ім ідзе гаворка пра тое, што пры канфіскацыі зямель для дзяржаўных патрэб уласнікам жылля прадастаўляецца новае — з тымі ж спажывецкімі характарыстыкамі, не меншай плошчы і не менш за 15 квадратных метраў на ўласніка і кожнага зарэгістраванага там члена сям’і. Але рашэнне аб канфіскацыі ўчастка на вуліцы 17 Верасня ўступіла ў сілу яшчэ ў лістападзе 2008 года. Таму адносіны, што ўзніклі тады паміж Брэсцкім гарвыканкамам і грамадзянамі, якія адсяляліся, рэгулююцца 105-м артыкулам Жыллёвага кодэкса, які дзейнічаў на той момант. А ў iм гаворыцца, што пры зносе жылля прадастаўляецца ва ўласнасць жылая плошча не меншая, чым тая, якая была занята раней. Без удакладнення мінімальнай нормы надзялення на кожнага зарэгістраванага чалавека.
Арцём КІР’ЯНАЎ
artem.kirjanov@gmail.com
Фота аўтара
Фота аўтара