Франтавая Coca-Cola

Унікальны ваенны антыкварыят прывезлі ў Беларусь шведы.

Унікальны ваенны антыкварыят прывезлі ў Беларусь шведы. Убачыць з тысячу рэдкіх прадметаў, неабходных для выжывання ў акопах, можна на выставе “Рэчы паміж жыццём і смерцю” ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Яе падрыхтаваў Музей арміі ў Стакгольме ў супрацоўніцтве з вядомым калекцыянерам Турб’ёрнам Ленскугам.

Упершыню экспазіцыя была прэзентавана ў Швецыі ў 2010 годзе. Тады яе ўзнагародзілі Залатой прэміяй і назвалі самай эстэтычнай выставай года. Якая эстэтыка на вайне? На дзіва, на гэтай ваеннай выставе не сустракаюцца ні зброя, ні ўніформа, ні іншая ваенная атрыбутыка — экспазіцыя цалкам складаецца з прадметаў паўсядзённасці. 

— Перавярніце салдата дагары нагамі і акурат убачыце гэтыя рэчы, бо яны выпадуць з яго кішэняў, — інтрыгуе куратар выставы са Швецыі Оле Вестэрберга. — Фотаздымкі родных, лыжкі, карты для гульні, прылады для галення, музычныя інструменты, лекі. Прадметы, агульныя для амерыканцаў, немцаў, рускіх — усе людзі маюць адны і тыя ж патрэбы. Гэтыя рэчы сімвалізуюць розніцу паміж жыццём і смерцю.

На выставе можна ўбачыць самаробную драўляную скрыпку, змайстраваную ў акопе; бейсбольныя мячы і біты, якімі забаўляліся ў вольны час салдаты; бутэльку з-пад Coca-Cola, знойдзеную ў Францыі ў 1944 годзе; набор з васямнаццаці запалкавых пушак з матывамі ўніформы фінскай арміі; кавалкі мыла, якім карысталіся амерыканскія, англійскія і нямецкія салдаты; філіжанку, упрыгожаную сцягам в’етнамскай арміі; меню каляднай вячэры, распрацаванае для англійскага фронту ў 1942 годзе; гарбату, каву, цукеркі, шакалад і нават абагачанае вітамінамі бісквітнае печыва, якое дайшло да нас з ваенных часоў. Падзівіцца сапраўды ёсць чаму.

“Рэчы паміж жыццём і смерцю” — экспазіцыя перасоўная. З ёй ужо пазнаёміліся жыхары Нарвегіі, Бельгіі і Польшчы. Сёлета настаў час беларусаў. З красавіка выстава экспанавалася ў Гродне, з сярэдзіны ліпеня да верасня яна будзе знаходзіцца ў Мінску, затым — у Гомелі, Брэсце і Магілёве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter