Чэхаў. Памiж "Снiкерсам" i тугой

На кінастудыі “Беларусьфільм” адбылася прэм’ера новай беларуска-расійскай стужкі “Аб’ект абажання” рэжысёра Алега Базілава

На кінастудыі “Беларусьфільм” адбылася прэм’ера новай беларуска-расійскай стужкі “Аб’ект абажання” рэжысёра Алега Базілава. Аўтары сумленна паскрэблі па засеках, змяшаўшы матывы з розных твораў Антона Паўлавіча Чэхава. Тут табе і “Драма на паляванні”, і “Ад няма чаго рабіць”, і “Чайка”... У выніку атрымалася цалкам сервільная экранізацыя сярэдняга серыяльнага ўзроўню. У якасці перабіўкі паміж рэкламнымі блокамі такі прадукт цалкам задаволіць тэлевізійных прадзюсараў.

І акцёры быццам бы добрыя. Трасе, як леў, грывай і казырыцца імпазантны Сяргей Шакураў, “чалавечнага чалавека” іграе інтэлігентны Аляксандр Ткачонак, нядрэнны малады акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Антон Бельскі таксама не губляецца ў зорнай кампаніі. І аператар Сяргей Паўленка здымае іх правільна і прыгожа, і музыка ў кадры гучыць цалкам “культурная”. Толькі вось у інтрыгуючы калейдаскоп агульная карцінка не складваецца. Да “Няскончанай п’есы для механічнага піяніна” ці драмы Эміля Лацяну “Мой ласкавы і пяшчотны звер” гэтаму “Прадмету абажання” ой як далёка. Чэхаў усё ж такі не ўсім па зубах. Ён толькі з віду інтэлігентны і мяккі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter