90-гадовы мужычок яшчэ не дзядок!

НА ПАНАДВОРКУ «карагодзіў» са статкам курэй ярка-чырвоны певень. За плотам, разаслаўшыся дываном, цвілі маргарыткі і гваздзікі. Нічога не выдавала, што жыве на гэтай сядзібе адзінокі, ды яшчэ 90-гадовы, мужчына. На такі ўзрост гаспадар і не выглядае.

У вёсцы Кляпіцы Докшыцкага раёна нястомны Віктар Крупскі даглядае 15 пчоласем’яў і ўспамінае пра былое.

НА ПАНАДВОРКУ «карагодзіў» са статкам курэй ярка-чырвоны певень. За плотам, разаслаўшыся дываном, цвілі маргарыткі і гваздзікі. Нічога не выдавала, што жыве на гэтай сядзібе адзінокі, ды яшчэ 90-гадовы, мужчына. На такі ўзрост гаспадар і не выглядае.

Віктар Пятровіч Крупскі (на здымку) — жыхар вёскі Кляпіцы Докшыцкага раёна. Тут нарадзіўся, вырас, адсюль пайшоў на вайну. Тут выгадаваў дзяцей, а цяпер сустракае ўнукаў.

— Ёсць дзе жыць у горадзе, — гаворыць Віктар Пятровіч. — Дочкі настойліва раяць перабірацца ў Мала- дзечна ці Віцебск. А я не хачу. Навошта мне тая «клетка»? Тут я — гаспадар сваёй сядзібы. Без мяне ёй будзе дрэнна: струхнее... Куды ж тады будзе прыехаць унучкам? Тут жа ў мяне і пчолкі ёсць, якія кормяць гараджан мёдам. Урэшце, мне тут проста добра.

І ўсё ж, як адчулася затым у нашай размове, сумнавата Пятровічу жыць аднаму. Жонку, з якой пражыў душа ў душу, пахаваў шэсць гадоў таму. Ра- зам нажылі пяць дачок. Выхавалі іх належным чынам. Цяпер яны кожныя два тыдні бываюць на бацькаўшчыне. Парадак у хаце навядуць, бялізну памыюць. А колькі гасцінцаў розных прывозяць! Толькі па хлеб ходзіць да аўталаўкі сам.

…Калі пачалася Вялікая Айчынная, Віктару было 16 гадоў. Памятае тыя часы сённяшні ветэран добра. Першыя дні вайны былі цяжкімі, немец імкліва наступаў... У нядзелю напаў на Савецкі Саюз, а ў сераду ўжо быў у Докшыцах. Кругом — страх... Бамбілі аэрадром, які ў той час размяшчаўся ў Малажанях. Людзі ўцякалі, хто куды.

Паніка, аднак, хутка змянілася супрацьдзеяннем. Узроставага «бар’е ра» для ўдзелу ў партызанскім руху не было, а таму 16-гадовы юнак ра- зам са сваімі равеснікамі пайшоў змагацца з ворагам. У гэты час вёску Кляпіцы, як і многія іншыя, немцы спалілі. Старыя ды жанчыны перасяліліся ў іншыя населеныя пункты, да сваякоў і знаёмых.

Базіраваўся атрад, у якім змагаўся Крупскі, у Астраўцы, непадалёку ад станцыі Гудагай. Там была разгорнута асноўная іх дзейнасць. Пасля вызвалення Беларусі Крупскі трапіў у танкавую часць. На перадавой не быў, аднак старанна рамантаваў ваенную тэхніку, даваў новае жыццё танкам і нават самалётам — дапамагаў змагацца з ворагам.

Пасля перамогі яшчэ служыў. Дамоў вярнуўся ў 1947 годзе. На месцы былога папялішча ўжо стаяла невялікая хацінка, якую зладзіў бацька. Дэмабілізаваным з арміі ў той час давалі па 20 кубоў лесу, і Віктар дабудаваў да хаты трысцен. У гэтым доме жыве і цяпер.

Колькі б чалавек на свеце ні затрымаўся, здаецца, што адно імгненне. Душа маладая, памяць трымае ў галаве многае, а вось стома адчуваецца, калі папрацуе. Наш герой яшчэ сам даглядае 15 пчоласем’яў, на матаблоку апрацоўвае прысядзібны надзел, саджае бульбу. Мабыць, і не трымаў бы жыўнасць, але ж трэба некаму бульбу скарміць. Як кажуць, адна работа за другую чапляецца. У дапамозе сацработніка Пятровіч не мае патрэбы. Ні на што ён не скардзіцца, нічога не патрабуе, не назаляе нікому. Адным словам, жыве сабе спакойна.

Цешыцца сваімі нашчадкамі Віктар Крупскі, а ў яго — 8 унукаў, і лічыць, што, нягледзячы на цяжкасці, жыццё ў яго склалася добра.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter