«600 метраў» для песень

Прадстаўніка Беларусі на «Еўрабачанні-2014» выберуць заўтра

Афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на «Еўрабачанні-2014» выберуць заўтра журы і тэлегледачы

Фінал Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2014» адбудзецца 10 студзеня. Нагадаем, за права прадстаўляць Беларусь на прэстыжным песенным форуме Еўропы, які вясной пройдзе ў Капенгагене (Данія), будуць змагацца 14 выканаўцаў: Мацвей Купер і гурт «DUX», ТЕО, Дарыя, Жанет, Макс Лорэнс & Дзідзюля, Анастасія Малашкевіч, Арцём Міхаленка, Аліна Мошчанка, групы «NAPOLI» і «Nuteki», Tasha Odi, Алена Сіняўская, Наталля Тамела, праект «SWITTER BOYS feat. KATE & VOLGA KAROL».

Выступленні прэтэндэнтаў адбудуцца ў студыі «600 м» Белтэлерадыёкампаніі, на працягу двух дзён тут праходзілі рэпетыцыі ўдзельнікаў, а на заўтрашнюю раніцу запланаваны генеральны прагон конкурснай праграмы.

Афіцыйны прадстаўнік нашай краіны на «Еўрабачанні-2014» вызначыцца па традыцыйнай формуле: па выніках галасавання гледачоў і ацэнак журы. Пераможца атрымае спецыяльную ўзнагароду — стылізаванае «еўравізійнае» сэрца, вырабленае на шклозаводзе «Нёман».

Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, шоу пачнецца ў 22.00 і будзе трансліравацца ў прамым эфіры на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а таксама ў рэжыме анлайн на сайце Еўрапейскага вяшчальнага саюза www.eurovision.tv.

У якасці запрошаных гасцей у фінальным шоу прымуць удзел заслужаная артыстка Беларусі, афіцыйны прадстаўнік нашай краіны на конкурсе песні «Еўрабачанне-2013» Алёна Ланская, неаднаразовая ўдзельніца нацыянальных адбораў на «Еўрабачанне» спявачка Гюнэш, беларуская ўдзельніца «Еўрабачання-2006» Паліна Смолава, папулярны выканаўца Аляксандр Саладуха , а таксама некалькі яркіх удзельнікаў праслухоўвання.

Вядучымі шоу выступяць Вольга Рыжыкава і Дзяніс Дудзінскі.

Нагадаем, арганізацыю нацыянальнага адборачнага тура і падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да Міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2014» ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter