535-гадовы шлях вёскі Язна

Не кожны населены пункт у Беларусі, як гэты ў Міёрскім раёне, можа пахваліцца такой даўніной. Калі сказаць, што Язна — паселішча з вельмі багатай гісторыяй, то гэта нічога не сказаць. Першае пісьмовае ўпамінанне пра Язна датуецца 1475 годам. Тут мясціліся полацкія баяры, адны з якіх — Корсакі — сталі самымі буйнымі землеўладальнікамі ў наваколлі…

Неслі свой крыж

Адкуль жа пайшла такая цікавая назва — Язна? Ад стараславянскага “яз” — плаціна. Падобным чынам называлі і старажытную рыбалоўную прыладу. Адсюль паходзіць і “імя” рыбы язь, што водзіцца пераважна ў ціхіх затоках, азёрах і запрудах. Дарэчы, у двух чароўных азёрах — Вялікім Язна і Малым Язна,  якія, нібы дыяменты, зіхацяць і ўпрыгожваюць аграгарадок, — гэтай рыбы было заўсёды безліч, як і іншай…

На вуліцы Клённай калісьці красаваўся корсакаўскі маёнтак — Двор Язна. Тут жа вясковы краявід дапаўняў драўляны касцёл Маці Божай Вастрабрамскай. Ён праіснаваў да канца 70-х мінулага стагоддзя, а потым не час і не стыхія яго сцерлі з твару зямлі, а людскія рукі — ён быў разабраны. Памяць аб гэтым месцы зберагае пастаўлены пасля крыж...

Святар і танк

Да пачатку XX стагоддзя Язна ўпрыгожвала драўляная царква. Але час прынёс змены — узвялі мураваную будыніну, Спаса-Праабражэнскую.

Са святкавання 110-годдзя храма і стартавалі святочныя мерапрыемствы ў вёсцы.

Аб пачатку Боскай літургіі з удзелам архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія абвясцілі на ўсё наваколле званы, якія прывезлі з Полацка. Скончылася служба, пачаўся хрэсны ход па вёсцы — вуліцах Юбілейнай і Клённай, працягласцю 5 кіламетраў (!). Не абмінулі, асвяцілі і Вялікі Крыж.

Потым вернікі і госці заспяшаліся ў Дом культуры, на канцэрт-сустрэчу святароў і выхаванцаў нядзельных школ не толькі Язна, але і гарадоў Міёры, Наваполацк…

“Трэба ў гэтым жыцці пражыць так, каб потым трапіць у царства Божае…” — шчырыя словы пра жыццё зямное і вечнае западалі ў душу кожнаму, хто слухаў прывітальнае слова і благаславенне Уладыкі Феадосія. Павёз з Язна ганаровы госць не толькі добрыя ўражанні, але і падарунак — ікону Божай Маці…

Цікавы факт — язненская царква на працягу ўсіх 110 год ніколі не закрывалася! З’яўлялася і пэўным культурным асяродкам. У свой час пры ёй дзейнічала бібліятэка.

За гады існавання Спаса-Праабражэнскай царквы ў яе летапісе адзначаны многія святары, якія шмат зрабілі карыснага не толькі для зямлі язненскай.

З 1939 па 1945 год у Язна працаваў айцец Уладзімір Голасаў. Па яго благаславенні вернікі сабралі столькі сродкаў, што іх хапіла на “будаўніцтва”… танка!

У 1949 годзе плябанам Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы прызначаны Серафім Гагалушка. За стараннае царкоўнае служэнне Серафім мае шмат узнагарод, самая значная — Ордэн Вялебнага Сергія Раданежскага ІІІ ступені, уручаны ў 1985 годзе самім Мітрапалітам Філарэтам.

На юбілей храма прыехала дачка айца Серафіма, матушка Арыядна, якая зараз жыве ў Смаленску. Яна падзялілася ўспамінамі, зычыла здароўя язненцам, дабрыні і шчасця. Таксама з прывітальнымі словамі і благаславеннем да прыхаджан звярнуліся святары, якія ў апошнія гады былі настаяцелямі язненскай царквы. Іх выступленні аздоблівалі задушэўныя спевы царкоўнага хору з Міёр і выхаванцаў дзіцячых нядзельных школ.

Юбілей за юбілеем

Назаўтра язненцы і шматлікія госці святкавалі 535-годдзе сваёй вёскі. Што адметна, адзначалі юбілей не толькі самога Язна, але і 135-годдзе адукацыі на Язненшчыне, 45 гадоў СДК, 20-годдзе дзіцячага садка, 25-годдзе музычнай школы!

…Сёння Язна — вялікая вёска з 15 вуліцамі з прыгожымі назвамі: Сонечная, Клённая, Азёрная, Лугавая, Лясная, Баравая… Уладальнікі лепшых падвор’яў кожнай былі ўзнагароджаны мясцовай уладай.

Жыве ў Язна каля 800 чалавек. І для ўсіх ёсць і работа, і жытло, і службы жыццезабеспячэння. На тэрыторыі аграгарадка размешчана сельскагаспадарчае прадпрыемства — КВУП “Язна”. Ёсць моцнае УП “Язненскае ПМС”. Працуюць лясніцтва, участак ЖКГ і ДЭУ, пажарны пост. Між іншым, сельгаспрадпрыемства на тэрыторыі Язна было ўтворана ў 1948 годзе. Цяпер яно аб’ядноўвае аж тры калгасы і з’яўляецца адным з буйнейшых у раёне. Вядомыя тут свае майстры па вытворчасці мяса, малака, збожжа. Ёсць праца, ёсць і каму працаваць! Маладыя язненцы ўсё часцей абіраюць родную вёску на далейшае месца жыхарства. А як жа! Тут вам і лепшы на Міёршчыне дзіцячы садок, сярэдняя школа, дарэчы, самая буйная ў Міёрскім раёне, музычная школа, бальніца, Дом культуры, комплексна-прыёмны пункт, 4 магазіны. Нядаўна адчыніла дзверы кафэ “Язенка”. Ужо на працягу 15 гадоў дзейнічае адзіны ў рэспубліцы вясковы карэспандэнцкі пункт — газеты “Белорусская нива”.

Дарэчы, на святочным канцэрце старшыня мясцовай улады Валянціна Фядзьковіч і дырэктар СДК Ларыса Бервячонак атрымалі ад рэдакцыі газеты ганаровыя граматы за вернасць галоўнай сялянскай газеце.

Дырэктару КВУП “Язна” Леаніду Марозаву Ганаровая грамата “Белорусской нивы” была ўручана прынародна падчас кірмашу “Восеньскія дары язненскай зямлі”. Яна адбылася ў трэці дзень святкавання. На ёй жыхары куплялі агародніну, мёд і нават… парасят. А яшчэ (хутка ж зіма!) тут можна было разжыцца… валёнкамі. Гучала забаўляльная музыка, выконваліся песні ў выкананні мясцовых самадзейных, але ж надта таленавітых артыстаў. А Тамара Яцкевіч, уласны карэспандэнт “Белорусской нивы”, здзівіла землякоў вершам пра сваё Язна.

…На свяце вёскі падарункі і добрыя пажаданні атрымалі старэйшыя яе жыхары, сем’і, якія згулялі ўжо залатыя вяселлі, вядома ж, і маладыя, што падаюць другім добры прыклад сумеснага жыцця. Самыя маленькія жыхары (у гэтым годзе нарадзілася яшчэ пяцёра) радаваліся салодкім падарункам.

…А вечарам, на трэці дзень святкаванняў, для язненцаў з нагоды 535-годдзя вёскі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа з Віцебска зрабіў сюрпрыз — прывёз спектакль. І гэта не выпадкова. Справа ў тым, што ў гэтым тэатры працуе зямлячка з вёскі Басянкі, што за пяць кіламетраў ад Язна, Тамара Кабяк.

Язненцы з вялікім задавальненнем паглядзелі французскую камедыю “ О, ля-ля, альбо Вось табе і Ганна”.

Вера. Надзея. Любоў

…Жыхары Язна заўсёды цікавіліся культурным жыццём. Некалі тут выступаў са сваім калектывам сам Ігнат Буйніцкі! А двухпавярховы будынак СДК з’явіўся 45 гадоў таму. Яго ўзвёў за свае сродкі калгас.

Кожны можа стаць артыстам! Было б жаданне і талент. Пры СДК дзейнічаюць фальклорны калектыў “Язынка”, вакальная жаночая група, танцавальны калектыў, студыя дзіцячай песні, гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, аматарскае аб’яднанне “Вера. Надзея. Любоў”.

…Язненскія артысты выступалі ў Віцебску, Даўгаўпілсе, Паставах у час Дня пісьменства (прадстаўлялі “Белорусскую ниву”), не кажучы ўжо пра райцэнтр і суседнія вёскі. Язненскія спевакі заўсёды, як і падчас канцэрта з нагоды юбілею Язна, удастойваюцца шчырых апладысментаў і кветак.

Хто б вы думалі вядучы ўсіх масавых мерапрыемстваў? Галоўны ўрач Язненскай участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч! Ён жа і дэпутат. А яшчэ спявае ў царкоўным хоры, на Вадохрышча купаецца ў крыніцы Святога Яна, выдатны сем’янін. Умее з густам арганізаваць жыццё для сябе, сям’і і акружэння.

 

Землякі!

На святкаванне вёскі, сваёй малой радзімы, прыехалі яе ўраджэнцы. Лёс закінуў іх у розныя гарады Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі…

Дзмітрый Угай, па нацыянальнасці карэец, з мамай Аленай Урбан жыве ў расійскім горадзе Перм, на Урале. Ім пашанцавала прыехаць у Язна, з якога Алена 22 гады назад паехала вучыцца ў Ленінград, потым выйшла замуж за ваеннага і пэўны час жыла ў Германіі. У Язна захаваўся матчын домік, і Алена Міхайлаўна (яна ўжо на пенсіі) кожнае лета да позняй восені бавіць час на сваёй малой радзіме. Сын Дзмітрый казаў, што «вельмі ганарыцца, што маці з гэтых мясцін”. Ён нядаўна даведаўся аб тым, колькі гадоў Язна. Больш, чым другім гарадам. Пярмі, напрыклад, усяго толькі 290 гадоў».

Тамара ЯЦКЕВІЧ, Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”

Фота Тамары ЯЦКЕВІЧ, “БН”

МЕРКАВАННІ

Раіса ПАРФЁНЕНКА, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

— Я працую на сваёй пасадзе з 2007 года, і, калі ўспомніць, якім Язна было раней і сёння, — гэта вялікая розніца. І не толькі ў цэнтральнай частцы, але і вакол кожнай хаты адбыліся вялікія змены.

Уладзімір ЛЯЎКОВІЧ, былы старшыня мясцовага сельсавета, краявед, адзін са старэйшых жыхароў Язна:

— Гісторыя Язна пачалася даўным-даўно. У другім стагоддзі да нашай эры тут, на берагах малога возера Язна, пасялілася першае племя з Балтыі. Людзі тут будавалі прымітыўныя доменныя печы, займаліся вытворчасцю жалеза. Яны да нас дайшлі па рэках, дзе праходзіў шлях з вараг у грэкі…

Змяняліся пакаленні людзей, а вёска расла, прыгажэла. Яна зведала тры пажары. Але, нягледзячы на гэта, засталася жыць. Самы цікавы факт — з 1917 года па 1944 на тэрыторыі Язна сем разоў змянялася ўлада.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter