Как в Новополоцке отпраздновали юбилей местного любительского цирка

50 імгненняў юнацтва

Самадзейны цыркавы калектыў «Юнацтва» нарадзіўся ў горадзе нафтавікоў вельмі даўно — 50 гадоў таму. Паўстагоддзя! Калі ўлічыць, што самому Наваполацку толькi 61, фраза «цырк тут быў заўсёды» — гэта не перабольшанне. Як і той факт, што «Юнацтва» з’яўляецца сапраўдным брэндам горада. У 1972 годзе цырку прысвоена званне «ўзорны», а ў 2010-м — званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Да юбілею рыхтаваліся сур’ёзна: прайшло вялікае прадстаўленне «Аліса ў Краіне цудаў» з аншлагам. Гэта было прыгожа, захапляльна і трошкі небяспечна. Усё як у казцы. Усё як у цырку.

З днём нараджэння, «Юнацтва»!

На сцэну Палаца культуры ААТ «Нафтан» выйшлі і самыя маленькія артысты, і асноўны склад, і тыя, хто цягам дзесяцігоддзяў займаецца трукамі вечарамі, пасля працы, і, вядома, тыя, хто прывёў цырк да поспеху. Гэта таленавіты рэжысёр Аляксандр Шлюндзiн, які ў 1969 годзе стварыў «Юнацтва», і яго вучаніца Людміла Арлова, прафесійная артыстка цырка, якая ўзначальвала калектыў на працягу 25 гадоў. Юбілейная праграма ў нейкім сэнсе стала іспытам для новых кіраўнікоў. Расказвае дырэктар Палаца культуры Алена Выхаванец:

— Доўгі час мы шукалі замену Людміле Ігараўне, нават звярталіся ў дзяржцырк, але такія кадры краіна не рыхтуе. І я вельмі ўдзячна былым выхаванкам «Юнацтва» Вользе і Ірыне Чарняўскім, якія тры гады таму пагадзіліся ўзяць на сябе такую адказнасць. Бо гэта самы тытулаваны ў горадзе, узорны, калектыў, якому хутка давядзецца абараняць званне. Акрамя таго, самадзейны цырк — унікальны від творчасці. Сюды прыходзяць толькі вельмі адважныя людзі, закаханыя ў гэты від мастацтва. Каб падрыхтаваць тэхнічна складаныя нумары з дзецьмі, траціцца каласальная колькасць часу. «Аліса ў Краіне цудаў» — першая іх вялікая самастойная праца. Мяркуючы па авацыях у зале, усё атрымалася.

Ірына ЧАРНЯЎСКАЯ, асістэнт рэжысёра, і яе сястра, рэжысёр цырка Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ-ТУМАКОВА, удваіх аддалі цырку амаль 50 гадоў! Сёстры прыйшлі займацца ў «Юнацтва» 10-гадовымі дзяўчынкамі.

Прадстаўленне выйшла займальным, гадзіна праляцела, нібы пяць хвілін. На сцэне змянялі адзін аднаго акрабаты, эквілібрысты, паветраныя гімнасты, жанглёры, потым былі дзівосныя трукі са скакалкай і, вядома, усіх захапляе галоўны нумар праграмы — iкарыйскiя гульні. Гэта даволі рэдкае вiдовiшча нават у прафесійным цырку. Iкарысты жангліруюць нагамі, рэквізітам ім служаць не розныя прадметы, а іх партнёры. Гэта цяжкая праца, але 14-гадовая Паліна Мячкоўская любіць iкарыйскiя гульні больш за ўсё:

— Я ў цырку ўжо дзевяць гадоў, умею рабіць усё. Падкідваць нагамі малых рэдка ў каго атрымліваецца.

Анастасія ПАКШЫНЦАВА працуе ў праектным інстытуце. І жангліруе ўжо 25 гадоў! Кажа, сцэна не адпускае.

Часам нават забываеш, што «Юнацтва» — аматарскі цырк.

— Страшна было пачынаць?

— Той, хто баіцца, у цырку не працуе. Калі шчыра, мяне дагэтуль адгаворвалi і бацькі, і бабулі з дзядулямі. Кажуць, гэта небяспечна. Ад мяне, вядома, шмат залежыць, але і ад таго, хто наверсе, — таксама. Гэта заўсёды парная праца, мы адказваем адзін за аднаго.

Каб падрыхтаваць тэхнічна складаныя нумары з дзецьмі, траціцца каласальная колькасць часу.

Марыя ЯЦЮЧЭНКА: «Лётаць не страшна!»

Адказнасць, пачуццё пляча і падтрымкі — галоўнае ў цырку. І, вядома, апладысменты чуе толькі той, хто ўмее не здавацца. Цырк — гэта перш за ўсё пастаянная праца, упартасць. Колькі, вы думаеце, дзяцей даходзіць да асноўнага складу ў цырку «Юнацтва»? Не больш за 10 працэнтаў. Многія кідаюць ужо пасля першых цяжкасцей, хтосьці не вытрымлівае фізічных нагрузак, хлапчукі пагалоўна сыходзяць у іншыя віды спорту. 


Майстэрства жанглёра артысты цырка адточваюць гадамі.
   
Але той, хто застаецца, адданы цырку назаўжды. І гэта дзеці, якія прыходзяць на трэніроўкі са зламанай рукой, каб працаваць нагамі. Яны вельмі рана разумеюць, як робяцца сапраўдныя цуды. Для гэтага патрэбны смеласць, цярпенне, праца і вера ў сваю мару. 

kruchenkova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter