5 прычын пабываць у Гродне

Мясціны, дзе цікава адпачываць

Паблукаць па старых кварталах


Шматлікія куткі горада нагадваюць Вільнюс і нават Прагу. У Гродне літаральна за кожным вуглом падарожніка чакаюць адкрыцці: гістарычныя, архітэктурныя і кулінарныя. У горадзе захаваліся кварталы жылой забудовы XVII-XVIII стагоддзяў, незвычайная Пакроўская царква, нядаўна адрэстаўраваная лютэранская кірха і ўся ў ажурных арнаментах старая сінагога.

Адзін з самых старых гадзіннікаў у Еўропе — на гродзенскім фарным касцёле. Ён адмярае час ужо пяць стагоддзяў (знакаміты пражскі старэйшы за яго “ўсяго толькі” на 100 гадоў). Сам кафедральны касцёл некалі быў часткай манастыра езуітаў. Цудоўны па ўбранні і дызайне касцёл у стылі віленскага барока — адзін з самых ушанаваных у каталікоў Беларусі.


Фота: БелТА

Адчуць сябе князем


Гродна адзіны ў Беларусі меў статус сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і летняй рэзідэнцыі кара-лёў Рэчы Паспалітай. Каменныя сведкі той эпохі — Стары і Новы замкі. Яны так і стаяць насупраць адзін аднаго на высокім рачным беразе ў асяроддзі старажытных цэркваў і касцёлаў. Вакол Старога замка захаваліся магутныя крапасныя сцены і глыбокі роў з мостам, якія памятаюць яшчэ князя Вітаўта і Стэфана Баторыя, а ўнізе — прыгожая набярэжная Нёмана. Новы замак у нядаўнім мінулым — гэта пампезная раскоша каралеўскіх баляў і бясконцыя дэбаты дэпутатаў польскага сейма, якія прывялі да падзелу Рэчы Паспалітай. Сёння ў сценах замкаў размясцілася экспазіцыя Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.


Фота: Сяргей Плыткевіч


Убачыць малодшую сястру Пакрова-на-Нерлі


Знакамітая Барысаглебская (Каложская) царква пабудавана ў другой палове XII стагоддзя. Гэта самы стары каменны будынак Беларусі, цудам ацалелы ў бурным віры эпох. Калісьці Нёман нёс свае воды паблізу царквы. Але рака змяніла рэчышча і пачала падмываць стромкі бераг. Да сярэдзіны XIX стагоддзя храм апынуўся на самым краі высокага адхону. Пасля чарговай паводкі здарылася непапраўнае: частка сцяны храма абвалілася ў бурны водны паток. Гэтая гісторыя самым непасрэдным чынам адбілася на абліччы царквы: адна яе сцяна — каменная, а другая з боку ракі — драўляная.

Ад поўнага разбурэння Каложу выратавала мастацтва беларускіх інжынераў. Сёння старажытная царква, абапіраючыся на магутны жалезабетонны маналіт, стаіць на самым краі абрыву.


Паспытаць стравы старабеларускай кухні


На Гродзеншчыне ведаюць толк у ежы. Узімку асаблівае задавальненне — складаць турыстычныя маршруты з наведваннем бараў і рэстаранаў, дзе можна сагрэцца глінтвейнамі, закусіўшы іх кумпячкамі, паляндвіцай, заадно і даведацца, што за смак хаваецца за гэтымі назвамі народнай кухні. А яшчэ ў Гродне выдатнае піва, якое тут вараць стагоддзямі.

Агратурыстычны комплекс “Панскi маёнтак “Каробчыцы”, які ўзнаўляе дух старажытнай шляхецкай сядзібы, завяршае многія гродзенскія маршруты. Тут добра адпачываць узімку і ўлетку, кампаніямі і з дзецьмі. На “заднім двары” сядзібы — майстэрні народных умельцаў, кавалёў і разьбяроў па дрэве.


Праплысці па Аўгустоўскім канале


У наваколлях Гродна ёсць узор цуду тэхнічнай думкі пазамі-нулага стагоддзя — Аўгустоўскі канал. Шлюзы Аўгустоўскага канала — сапраўдныя шэдэўры інжынернага мастацтва, пабудаваныя надзвычай добра і надзейна.

Не так даўно канал адрэстаўравалі. Цяпер па ім баржы не ходзяць, затое гэта вельмі папулярнае месца адпа­чынку гараджан і гасцей горада.

Пачынаецца канал на тэрыторыі Польшчы, а заканчваецца — у Беларусі, упадаючы ў Нёман. Агульная даўжыня 101,2 км, у межах Беларусі 22 км. Глыбіня 1,8 метра. Водную артэрыю “акупавалі” байдарачнікі. Для тых, у каго няма жадання махаць вёсламі, але хочацца паглядзець навакольныя краявіды і работу шлюзаў, ёсць прагулачны катар.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter