5 прычын наведаць Косаўскі замак

Адна з самых вядомых славутасцяў прымушае паверыць, што сотні гадоў назад Беларусь была краем замкаў
Адна з самых вядомых славутасцяў прымушае паверыць, што сотні гадоў назад Беларусь была краем замкаў


1. Убачыць моду мінулых гадоў


Падарожжа па Брэсцкай вобласці наўрад ці абыдзецца без знаёмства з маляўнічымі мястэчкамі Пружанамі і Ружанамі. Па дарозе да іх абавязкова зазірніце ў Косава (Івацэвіцкі раён). Там вы ўбачыце цудоўны архітэктурны ансамбль пачатку XVIII стагоддзя — палац багацеяў Пуслоўскіх. У народзе яго называюць Косаўскім замкам.

Замак упрыгожваюць гранёныя зубчастыя вежы, падобныя на шахматныя ладдзі. Іх 12 — па ліку месяцаў у годзе. Чатыры цэнтральныя сімвалізуюць май і тры летнія месяцы.

Акрамя незвычайнага выгляду, палац у мінулым славіўся сваімі інтэр’ерамі ды сюрпрызамі. Усе 132 пакоі адрозніваліся індывідуальным дызайнам ад моднага тады італьянскага мастака Марконі. Кожны пакой з-за мудрагелістага спалучэння праходаў і вокнаў быў цалкам асветлены сонцам усяго два дні ў год.

2. Пашукаць сюрпрызы


Пра палац хадзілі легенды. У адным з пакояў была шкляная падлога. Пад шкляной падлогай быў гіганцкі акварыум. Толькі ўявіце сабе: заходзіш, а пад нагамі… бездань і плаваюць рыбы. Для гаспадароў было вялікай забавай назіраць за рэакцыяй навічкоў, якія часцей за ўсё, трапіўшы ў пакой, падалі ад жаху на карачкі.

Ёсць легенда, што некалі гаспадары трымалі льва. Змагаліся так з крадзяжом сярод прыслугі. Кожную ноч драпежніка спускалі з прывязі і той блукаў па калідорах.

Пры будаўніцтве было “запраграмавана” нямала сюрпрызаў. Адзін з іх — музычны: калі на другім паверсе ўсходняга боку ўстаць на падваконне і пляснуць у далоні, скляпенні выдадуць меладычныя гукі.

Замак славіўся і сваёй бібліятэкай у 10 тысяч кніг. Яна знікла яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, калі ўсё разрабавалі.

А яшчэ гавораць, што па начах тут гаспадарыць прывід унука гаспадара Казіміра Пуслоўскага. Ірве на сабе валасы, крычыць і бегае па бясконцых калідорах. Гэты персанаж прайграў цудоўны замак… у карты.

3. Успомніць подзвіг партызан


Другі раз замак пацярпеў у канцы Вялікай Айчыннай — загарэўся падчас бою партызан з фашыстамі. Непадалёк сярод балота адноўлена мемарыяльная стаянка народных мсціўцаў.

У 1943-1944 гадах тут базіраваўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, падпольны абкам, рэдакцыя і друкарня абласной падпольнай газеты “Заря”. Сёння гэта музей пад адкрытым небам: драўляныя домікі, зямлянкі, калодзеж і “лясная школа”.

Калісьці партызаны ды іх сувязныя дабіраліся да стаянкі таемнымі хадамі па балоце, дзе крок убок азначаў смерць. Цяпер у лагер вядзе спецыяльны мост-насціл. Нават у дарослых гэтая экскурсія выклікае буру эмоцый, хлапчукоў адтуль проста выцягнуць не могуць.

4. Адчуць гісторыю


Ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Польшчы і ЗША, генерал амерыканскай арміі Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў сціплым драўляным доміку пад страхой з рачнога чароту. Дзесяцігоддзе назад родавае гняздо гэтай легендарнай асобы стала музеем і месцам паломніцтва аматараў айчыннай гісторыі.  Воляю лёсу Косаўскі замак быў пабудаваны недалёка ад сядзібы Касцюшкі. Так два гістарычныя аб’екты аказаліся на адной турыстычнай сцежцы.

Знаёмства з музеем-сядзібай можна завяршыць экскурсіяй па наваколлях. Тым больш што на прылеглай тэрыторыі ёсць утульнае кафэ на беразе невялікага возера. Бо нішто так не радуе бывалага турыста, як добры абед са страў мясцовай кухні.

5. Зразумець, чаму Беларусь — сінявокая


Не пашкадуйце часу і дабярыцеся да азёр — Выганашчанскага, Бабровіцкага і далей па карце. Палюбуйцеся па дарозе хараством канала Агінскага і агледзьце доты часоў Першай сусветнай вайны. На ўсё жыццё запомніцца адпачынак на цудоўным пясчаным беразе сярод высокіх сосен. А яшчэ можна парыбаліць на досвітку або паблукаць са стрэльбай у бязмежных навакольных лясах.

Герман Маскаленка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter