5 балаў ад брыгадзіра цягнуць на прэмію

ГЭТЫ адказны перыяд, калі ёсць магчымасць назапасіць найбольшую колькасць сянажнай масы і сена дзеля вялікіх зімовых надояў, у СВК “Чырвоны баец” выкарысталі максімальна эфектыўна. У сянажныя траншэі тут закладзена ўжо 4760 тон зялёнай масы — 186 працэнтаў да плана.

Першы ўкос траў завяршыўся ў Кіраўскім раёне.

ГЭТЫ адказны перыяд, калі ёсць магчымасць назапасіць найбольшую колькасць сянажнай масы і сена дзеля вялікіх зімовых надояў, у СВК “Чырвоны баец” выкарысталі максімальна эфектыўна. У сянажныя траншэі тут закладзена ўжо 4760 тон зялёнай масы — 186 працэнтаў да плана.

Касавіца ў гаспадарцы праходзіць заўсёды арганізавана. Да “зялёнага жніва” мясцовыя земляробы рыхтуюцца грунтоўна і загадзя. Як паведаміў галоўны эканаміст гаспадаркі У. Р. Юшкевіч, былі распрацаваны план мерапрыемстваў на касавіцы, умовы спаборніцтваў, праведзены неабходныя інструктажы з работнікамі, да якіх да таго ж даведзены зацверджаныя ўмовы аплаты працы, прадугледжана двухразовае харчаванне працуючых.

А зараз усё гэта — у дзеянні. Пачалі першы ўкос траў “байцоўцы” на тыдзень раней, чым летась, — 1 чэрвеня. На наступны дзень ужо заняліся закладкай траншэі ў Старых Дваранінавічах каля новага комплексу. Пры такім спякотным надвор’і ды пад ветрыкам скошаная маса хутка правяльваецца і падсыхае. Ужо за першыя два дні работы на палях было закладзена 467 тон сенажу. А ўсяго ж, каб трывала адчуваць сябе зімой мясцоваму статку, гаспадарцы згодна з заданнем неабходна мець яго каля 2,5 тысячы тон. У “Чырвоным байцы” кармоў нарыхтоўваюць звычайна нават з запасам, які, як вядома, не толькі бяды не чыніць, а і папаўняе грамадскую касу. Так, сёлета іх хапіла не толькі для ўласных патрэб, а нават прадалі лішкі ў іншыя гаспадаркі.

На “байцоўскіх” палях шмат тэхнікі. З дапамогай дзвюх касілак сакавітая трава скошваецца ў роўныя радкі. Старанна працуюць на гэтым участку механізатары Ігар Пацыенак і Віталь Бабкоў. Падвяленую масу здрабняюць камбайнамі КЗР-10 Мікалай Масюковіч, Сяргей Іваноў і Андрэй Новік. Адвозяць яе адразу дзевяць адзінак тэхнікі — трактары з прычэпамі ПІМ і грузавыя аўтамашыны. Добрых слоў заслугоўвае работа Аляксандра Ермалаева, Івана Рыняка, Віктара, Дзмітрыя і Мікалая Аляксеевых, Віктара Сенчукова і іншых. Круглыя суткі вядзецца трамбоўка масы ў сянажную траншэю. Тут стараннасцю вылучаюцца Юрый Манетаў на трактары К-700 і Сяргей Аляксееў на пагрузчыку “Амкадор”.

Нягледзячы на любое надвор’е, работа не спыняецца ні на хвіліну. У “Чырвоным байцы” так заведзена: зрабіць усё хутка, у сціслыя тэрміны і, зразумела ж, якасна. Вось і зараз на першы ўкос было адведзена 20 дзён. Заданне выканана. Значна падштурхоўвае працаўнікоў адметная ад іншых гаспадарак сістэма аплаты — бальная. Адпрацаваў механізатар альбо вадзіцель працоўны дзень, выканаўшы даведзеную норму і захаваўшы патрабаванні па ахове працы і пажарнай бяспецы, — атрымаў адпаведную ацэнку сваёй працы, якую вызначае аграном або брыгадзір. За 5 балаў, калі ласка, атрымай прэмію!

Дарэчы, нягледзячы на высокія тэмпы, работа ў полі ўсё ж на непрацяглы час спыняецца: штодзень усім занятым на касавіцы прывозяць гарачы абед, таму механізатары і вадзіцелі заглушаюць рухавікі сваіх сталёвых машын, каб падсілкавацца. Потым жа з новымі сіламі прыступаюць да работы. Абед аднадушна нахвальваюць: іх тут заўсёды смачна кормяць і да таго ж практычна бясплатна.

Аляксандр ХАХЛОЎ

 НА ЗДЫМКУ: механізатары Андрэй НОВІК, які здрабняе зялёную масу (злева), і Віктар АЛЯКСЕЕЎ, які заняты на адвозцы.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter