Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе выстава, прысвечаная юбілею першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар”

400 гадоў асветніцтва

Што было ў той год, калі ў свеце з’явіўся першы буквар? Барацьба за ўладу, паўстанні, войны… У 1618-м, напрыклад, пачалася разбуральная для Еўропы Трыццацігадовая вайна (1618–1648). Былі й перамір’і. Скажам, не ўсе ведаюць, што ў той час Вялікае Княства Літоўскае, на тэрыторыі якога й пабачыў свет першы ў свеце буквар, вяло жорсткую вайну з Маскоўскім царствам. Як піша гісторык Вітаўт Чаропка, 11 студзеня 1618 года ў Дзявуліне — сяло паблізу Троіца-Сергіева манастыра — было падпісана перамір’е тэрмінам на 14 гадоў. За Рэччу Паспалітай, у складзе якой было ВКЛ, засталіся Смаленская і Чарнігава-Северская землі, а Масковія атрымала назад раней занятыя Падольск, Мажайск, Мянгчэрск і Вязьму. Так што самая пара была продкам нашым падумаць пра мірныя справы: кнігі, адукацыю, навуку.

Пабываць на выставе буквароў — гэта як сустрэцца з дзяцінствам
фота белта

Буквары трывала ўвайшлі ў нашае жыццё, а чатыры стагоддзі таму такіх кніжак увогуле не было. І Нацыянальная бібліятэка прадставіла выставу буквароў з гісторыяй. Дарэчы, старадаўнія буквары —вельмі рэдкія выданні, бо іх ніколі спецыяльна не захоўвалі. Як і сёння… Выходзілі, пэўна, тысячамі асобнікаў, але захаваліся-ацалелі ў плыні часу — лічаныя адзінкі.

У гонар 400-х угодкаў самай першай кніжкі са словам Буквар на вокладцы зладзілі ў НББ выставу, і ў выставачнай зале было шматлюдна. Сабраліся настаўнікі, вучні, бабулі-дзядулі, навукоўцы. Здзіўленне, замілаванне, настальгія... Такія эмоцыі выклікаюць экспанаты. Пабачыла я самы старажытны буквар, што захаваўся ў Беларусі: гэта віленскі “Буквар” 1767 года. І буквары з праваслаўных манастыроў, уніяцкіх цэркваў, з абшчын старавераў. Асаблівая цікавасць — да падручнікаў для навучання чытанню пачатку ХХ стагоддзя. Гэта беларускія буквары Каруся Каганца, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Янкі Станкевіча, Леанілы Гарэцкай (жонкі пісьменніка Максіма Гарэцкага).

А вось буквары больш новыя — часоў барацьбы з ліквідацыяй непісьменнасці ў Беларусі 1920-30-х гадоў. Ёсць і буквары, што выдаваліся суполкамі беларускай дыяспары ў замежжы. А гэта ж паказчык іх моцы! Польшча, Германія, ЗША… Такое ўражанне, што ўсюды, дзе б ні жылі беларусы, займаюцца яны асветніцтвам, выдаюць буквары. Настальгічныя ўспаміны пра дзяцінства ў многіх выклікаюць буквары ад вядомага пісьменніка, перакладчыка і педагога Анатоля Клышкі. Ягоны буквар, выдадзены ўпершыню ў 1969-м, перавыдаваўся 23 разы — на беларускай, рускай і польскай мовах. У 1977-м “клышкаўскі буквар” атрымаў нават залаты медаль Міжнароднай Лейпцыгскай кніжнай выставы. У 2004-м быў прызнаны лепшым падручнікам года на выставе ў Франкфурце-на-Майне. А каб узмацніць настальжы-пачуцці пра дом, школу, дзяцінства, выставу ў НББ дапоўнілі старымі дзённікамі, сшыткамі ды невядомымі сучасным школьнікам прыладамі для пісьма.

Асаблівая ўвага была да Буквара 1618 года выдання: ён юбіляр, у яго 24 ліпеня дзень нараджэння. Гэта першая ў свеце кніга пад назвай “Буквар”, і прыдумалі яе продкі-беларусы. Выйшла пры падтрымцы беларускага магната Багдана Агінскага (і герб спонсара ёсць на першай старонцы Буквара) у мястэчку Еўе Троцкага ваяводства: прыблізна 40 кіламетраў ад тагачаснай Вільні. Там і быў маёнтак Агінскага. У наш час пра старадрук мала хто чуў. А цікавасць да выдання з’явілася ў другой палове ХХ стагоддзя, калі наш “Буквар” спачатку ўзгадалі ў каталогу Каралеўскай бібліятэкі ў Даніі, а потым Аляксандр Надсан, брытанскі даследчык беларускага паходжання і святар, апісаў выданне ў Лондане.


У свеце захавалася два асобнікі кнігі: адзін — у Вялікабрытаніі, у прыватнай Бібліятэцы Мідл Тэмпл. Другі, у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене, заставаўся малавядомым. Але дзякуючы доўгім, але паспяховым перамовам Алеся Сушы, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і намесніка дырэктара НББ, справа зрушылася. Рупліўцу ўдалося зрабіць лічбавую копію першага “Буквара”, якая нядаўна была перададзена з Даніі ў Беларусь. Сёння яе можна паглядзець у Музеі кнігі, з’явіцца яна й на сайце НББ, а да юбілейнай даты беларусы ўбачаць і факсімільнае перавыданне “Буквара” 1618 года.

Вось так праз вучэбную кнігу, звыклую для кожнага з нас, падсвечваецца гісторыя нацыянальнай культуры. Мы бачым, якія глыбокія карані ў беларускай мовы, культуры, традыцый асветніцтва — на зайздрасць тым, хто такога не мае. І нам ёсць чым ганарыцца. Як сказаў на адкрыцці выставы знаўца кніжнай культуры мінулых стагоддзяў і сучаснасці Алесь Суша, зрабіць такі меседж беларусам ды гасцям з замежжа — вельмі важна: “Менавіта беларусы прыдумалі буквар: кнігу з такой назвай. І гэта ўжо падстава для гонару. Па-другое, выстава дазваляе кожнаму з нас вярнуцца ў рамантычны перыяд нашага дзяцінства: калі мы толькі пачыналі пісаць, чытаць і адкрываць для сябе нешта новое. І, нарэшце, праз буквар мы бачым гісторыю беларускай культуры як важную частку і еўрапейскай, і сусветнай”.

Іна Ганчаровіч

Голас Радзімы № 14 (3566), чацвер, 12 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter