Як мы лавілі падпольных самагоншчыкаў

40 градусаў у ценi

Каля 750 літраў брагі і самагонны апарат вагой больш за тону... У Маладзечанскім раёне выкрылі завод па вытворчасці падпольнага алкаголю. Разам з інспектарамі Савецкага РУУС Мінска карэспандэнт «Р» адправілася ў рэйд.


Часцей за ўсё міні-заводы па вытворчасці самагону майструюць у хлявах.

Бар ля плота


У Маладзечанскім раёне самагоншчыкаў хоць адбаўляй. У спісе старшага ўчастковага інспектара Ігара Качука значацца 13 адрасоў, дзе раней ужо канфіскоўвалі брагу альбо самагон. Усе неабходна паўторна праверыць. Адзін адрас, другі, трэці... Усюды знаходзім толькі пустыя каністры са стойкім пахам брагі. На чарзе — дом у прыватным сектары на вуліцы Лясной. Гаспадыня, якая прадставілася Таццянай, добраахвотна выдаць алкагольныя запасы адмовілася. Убачыўшы пастанову пракурора на вобыск, пярэчыць не стала і дазволіла агледзець дом і гаспадарчыя пабудовы на падворку. Ні брагі, ні самагоннага апарата мы не знайшлі, затое 80 літраў самагонкі тут — расфасаваныя па каністрах і клапатліва накрытыя пакрывалам, стаяць ля плота.

— Купіла для сябе, — тлумачыць гаспадыня ўнушальнага  «бара».

Аднак захоўваць дома больш за пяць літраў алкаголю нельга, а набываць самагон зусім забаронена. Знойдзены самагон канфіскуем і адпраўляем узоры на экспертызу. Начальнік Савецкага РУУС Мінска Максім Гамола расказвае:

— Калі эксперт пацвердзіць, што знойдзеная вадкасць з'яўляецца спіртазмяшчальнай, то Таццяне пагражае адразу два пратаколы. Адзін — за захоўванне, другі — за набыццё самагонкі. Агульная сума штрафу ў выніку складзе да 30 базавых велічынь. Усе выяўленыя напоі канфіскоўваюцца.

Праз некалькі месяцаў інспектары зноўправераць гэтыя адрасы, бо самагоншчыкі могуць аднавіць вытворчасць.

Міні-завод размясціўся ў хляве


Па дарозе на наступны адрас Ігар Качук кажа, што адназначна сцвярджаць, хто часцей зарабляе самагонаварэннем — вяскоўцы ці гараджане, нельга. Напрыклад, сёння з 13 адрасоў у нашым спісе 6 знаходзяцца ў межах горада. Гаворка ідзе пра прыватны сектар. Хоць некаторыя адчайныя самагоншчыкі ўмудраюцца арганізаваць падпольную вытворчасць нават у кватэры. Некалькі гадоў таму ўчастковы інспектар накрыў такі завод у Барысаве.

— Маштабы вытворчасці ў кватэры і ў прыватным доме несупастаўныя. У кватэрах у асноўным гоняць для сябе і сваякоў, а ў прыватным сектары — у прамысловых маштабах на продаж. У тым жа Маладзечанскім раёне ў вёсцы Трапалава аднойчы канфіскавалі рэкордную партыю — больш за дзве тоны брагі і самагонны апарат, — згадвае выпадак з практыкі інспектар.

Непрыкметна за размовамі прыязджаем на наступны адрас. Гэты прыватны дом у вёсцы Скавародкі Маладзечанскага раёна даўно ў поле зроку міліцыі, бо яго ўладальнік Віталь зарабляе самагонаварэннем не першы год. Не паспеюць інспектары канфіскаваць самагонны апарат і знішчыць, як на яго месцы ўжо ўсталёўваецца новы. У адрозненне ад

Таццяны, Ві-таль здае свае спіртныя запасы добраахвотна — гэтая працэдура яму ўжо добра знаёмая. Міні-завод па вытворчасці самагону ён наладзіў у сябе ў хляве. Тут жа фільтры для ачысткі хмельнага прадукту. На стале — стакан, мабыць, для дэгустацыі тавару.

Грошы ў зямлю


Віталь з горыччу назірае, як інспектары знішчаюць 750 літраў брагі, з якіх магло выйсці каля 90 літраў чыстай самагонкі. Агучанай сумай штрафу за захоўванне брагі і самагон-нага апарата

ён не ўражаны: ягоная запазычанасць па штрафах за самагонаварэнне ўжо складае каля трох тысяч рублёў.

Сабраны ім стацыянарны апарат аказаўся такіх вялікіх памераў, што для ўтылізацыі інспектарам давялося выклікаць спецаўтамабіль. Праз пару месяцаў інспектары прыедуць сюды з праверкай зноў. Практычна ніхто не сумняваецца ў тым, што і ў наступны раз тут знойдуць падпольны завод. Тым больш і сам Віталь не трымае ў тайне даходы ад такога «бізнесу»:


Гатовы прадукт фасуюць па канiстрах.

— Выдаткі на выраб адной партыі самагону аб'ёмам 100 літраў у мяне складаюць 80 рублёў, а тавар рэалізую за 200 рублёў, розніцу кладу сабе ў кішэню.

У асноўным самагонаварэннем займаюцца адны і тыя ж парушальнікі, іх адрасы ў інспектараў ёсць. Бывае, падпольных бізнесменаў выкрываюць суседзі, якія скардзяцца на непрыемны пах, калі вецер гоніць дым ад міні-завода ў бок іх дома. Часам адзін аднаго здаюць канкурэнты ці жонкі аматараў прапусціць шкляначку-другую.

— Адкуль у самагоншчыкаў столькі кліентаў, у краме ж можна купіць недарагія напоі? — цікаўлюся.

— Вясковыя крамы працуюць гадзін да шасці вечара, а па нядзелях і зусім да трох. Самагоншчыкі ж гатовыя прадаваць алкаголь у любы час і ў любых аб'ёмах, — патлумачыў Ігар Качук.

Дарэчы, узор брагі, вырабленай Віталем, бярэм на экспертызу — яе градус істотна паўплывае на памер штрафу, які прыйдзецца заплаціць самагоншчыку.


gorbatenko_inna@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter