У свет выйшла новая кніга Уладзіміра Ліпскага “Уліпкі”

365 сiстэмных учынкаў

Новы зборнік Уладзіміра Ліпскага «Уліпкі» вучыць углядацца ў магчымасці кожнага дня


КАШТОЎНАСЦЬ жыццёвага шляху ацэньваецца па-свойму. Асабіста для мяне блізкая пазіцыя, калі кожны дзень чалавек адкрывае для сябе нешта новае, вылучае дробязі, з якіх і складаецца лёс. Менавіта гэта чапляе ў новай кніжцы пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра ЛІПСКАГА “Уліпкі”. Пад вокладкай зборніка з такой незвычайнай назвай змешчаны дзённікавыя запісы ў вершах пра кожны дзень 2015 года. Кніга – гэта заклік-прымус для чытача: задумацца пра сэнс жыцця, пра тое, што кожная пражытая хвілінка — гэта вялікі цуд. І вярнуць яго ўжо немагчыма.


Сама форма падачы — дзённік — падыход у літаратуры не новы. Але ж для Уладзіміра Ліпскага такая спроба была эксперыментам, пэўным экзаменам на вывучэнне і пераадоленне самога сябе. Складанасць была менавіта ў гэтым, як зазначае сам аўтар, таму што ў будзённай мітусні бывае вельмі цяжка азірнуцца і прааналізаваць свежапражыты дзень. Дарэчы, цікавая гісторыя стварэння “Уліпкі”. Аднойчы на Новы год Уладзімір Сцяпанавіч, аказалася, паабяцаў, калі святкавалі. Думаў, як назваць кнігу. Напісаў: “Ул.Ліпскі”. Скарочана і атрымалася “Уліпкі”.

Работу можна назваць наватарскай, таму што гэта не проста дзённік. У кнізе занатоўваецца нешта асабістае альбо нешта вельмі важнае. Здольнасць у самым звычайным бачыць незвычайнае, цікавае, вечнае, здольнасць прыкмячаць дэталі – гэтым вылучаюцца вершаваныя дзённікавыя запісы пісь- менніка. Шчыра кажучы, часамі строфы паэтычных нататак нагадваюць белы, ці свабодны, верш, а можа, нават і верш у прозе. Аднак гэтая асаблівасць, як мне здаецца, толькі ўпрыгожвае зборнік. Дый не такая гэта, згадзіцеся, лёгкая справа — напісаць 365 вершаў (колькі ёсць дзён у годзе) з рознымі пачуццямі і ўвагай да пэўных акалічнасцей і абавязкова на розныя тэмы.

Як зямлячцы Ліпскага, першай кінулася ў вочы тэма малой радзімы. Ёй, мне падалося, прасякнуты ўвесь зборнік. Родная вёска ўзгадваецца аўтарам па-рознаму: у вершах, дзе ён успамінае гісторыю вёскі, яе лёс падчас Вялікай Айчыннай вайны, сваё жыццё і дзяцінства. Узгадваецца з трапяткім, непадробным пачуццём, якое закранае тонкія струны патрыятызму ў душы.

Асобны лейтматыў вершаванага дзённіка — праца Уладзіміра Сцяпанавіча як літаратара. Гэта прасочваецца ў яго думках і працах, пра якія ён распавядае ў сваіх запісах. Як пісьменнік паўстае перад чытачом вельмі рухавым, шматідэйным. У яго многа праектаў, і яму не сядзіцца на адным месцы. “Усюды хочацца пабыць,” — зазначае Ліпскі, вылучаючы асабліва сустрэчы з чытачамі. Прычым яму зусім не важна, у Беластоку ці Таліне яны адбываюцца, у рэчыцкім Салтанове альбо ў райцэнтры. Усё цікава.

“Уліпкі” — гэта партрэт-хранаметраж неардынарнага чалавека. Больш за тое, і гэта ўжо, мабыць, незалежна ад жадання аўтара, адлюстраванне і партрэт нашага часу. Так піша ў прадмове да кнігі кандыдат філасофскіх навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Зіновій Прыгодзіч. І з ім складана не пагадзіцца, бо Уладзімір Ліпскі прадстае перад намі як пісьменнік, які характарызуе эпоху, у якой ён, як і ўсе мы, жывём.

Кніга Ліпскага аздоблена малюнкамі юнай паэткі і мастачкі з Віцебска Аляксандры Вараб’ёвай да кожнага раздзела — а іх 12 (па колькасці месяцаў). Прыгожа атрымалася. Я нават, калі ўпершыню ўзяла яе ў рукі, падумала, што гэта чарговае выданне “Маленькага прынца” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Інтуіцыя мяне, па вялікім рахунку, не падвяла: так і атрымалася — “Уліпкі” адлюстроўваюць сусвет душы Уладзіміра Ліпскага.

uskova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter