У Беларускім дзяржаўным Маладзёжным тэатры, які пераехаў у новы будынак, адсвяткавалі юбілей — трыццаць гадоў з дня нараджэння.

30 гадоў творчасці

У Беларускім дзяржаўным Маладзёжным тэатры, які пераехаў у новы будынак, адсвяткавалі юбілей — трыццаць гадоў з дня нараджэння. Свята прайшло ў форме капусніка, падарыўшы гасцям магчымасць здзейсніць не толькі экскурс у гісторыю тэатра, але і ад душы пасмяяцца. А яшчэ задумацца аб прызначэнні акцёрскай прафесіі.



У Маладзёжным тэатры цяпер прыгожа, утульна, камфортна

 Што і гаварыць, двайное свята ў Маладзёжным тэатры ўдалося. У ліку запрошаных былі прадстаўнікі Міністэрства культуры, адміністрацыі горада і, вядома ж, сябры: рэжысёры і акцёры мінскіх тэатраў. Трэба было ў той дзень бачыць твары акцёраў, якія, нарэшце, пераехалі ва ўласны дом. Яны проста свяціліся ад радасці. Усё нарэшце— сваё! Утульныя грымёркі, хоць і невялікія, зручная сцэна, зала з выдатнай акустыкай! Па-мойму, падобную падзею, якой для тэатра азнаменаваўся пачатак 2015 года і якая супала з юбілейнай датай, можа па-сапраўднаму ацаніць толькі той, хто ведае, што такое шэраг бясконцых пераездаў. І зразумець радасць усіх служб тэатра. І асаблівую ўрачыстасць атмасферы, якая панавала ў той дзень.  

Дарэчы ўспомніць і пра мінулае творчага калектыву. Дзе толькі невялікая акцёрская трупа Маладзёжнага тэатра, якая пачынала сваё жыццё з рэжысёрам Рыгорам Баравіком на чале, ні пабывала. І хоць асноўнай базай тэатра была філармонія, рэпеціравалі акцёры ў клубах, палацах культуры, у будынку былога кінатэатра “Спартак”… Сярод пляцовак была і сцэна Дома культуры будаўнікоў, на месцы якога сёння і вырас будынак Маладзёжнага тэатра. Так што свой трыццаць першы творчы сезон тэатр завершыць, пакінуўшы ў мінулым былыя нязручнасці, побытавую неўладкаванасць. сцэнічных плошчаў. Як гаворыцца, да добрага прывыкаюць хутка.  

Алена Хрысціч

Прызнаюся, і мяне будынак уразіў сваёй эстэтыкай — зіхоткімі люстрамі, з густам аформленым інтэр’ерам, у які ўдала ўпісаліся стыльныя партрэты акцёраў, развешаныя па сценах у фае. Уразіў і капуснік — плён калектыўнай творчасці, даволі распаўсюджаная форма самавыяўлення акцёраў без рэжысёрскага кіраўніцтва, чыя творчая энергія не абмяжоўваецца ігрой у спектаклях, а просіць вызвалення ў новых прыдумках. Як тут не ўспомніць і спектакль “Капуста по-russki” ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, новы праект тэатра, прэм’ера якога прайшла ў студзені. І мяне ў ліку прыхільнікаў гэтага вясёлага, забаўляльнага жанру ён уразіў. Чула ў антракце, як акцёры старэйшага пакалення пазітыўна  адгукаліся пра маладых сваіх калег, аўтараў спектакля.

У капусніку Маладзёжнага таксама ўсё было выбудавана з выдумкай. Заўважана шмат цікавых дэталяў у закуліссі тэатра — прыхаваным баку творчага жыцця. У жартоўнай форме юбіляры распавялі нам не толькі пра тое, як яны жылі ў мінулым, але і звярнулі ўвагу на тонкасці сваёй прафесіі.

Сярод мноства крэатыўных нумароў ярка прагучала трыа “старэйшын” тэатра — Алены Хрысціч, Наталлі Падвіцкай і Ганны Лаухінай. Спадарыні выканалі прыпеўкі аб тым, як могуць “даць фору” моладзі. У канцы нумара яны з лёгкасцю прадэманстравалі сваю выдатную фізічную форму. Пасля выступлення актрыс Барыс Луцэнка, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага — дазволю сабе яго працытаваць — выказаўся аб высокай місіі Маладзёжнага тэатра: “Гэтае прызначэнне ва ўвасабленні жывога чалавечага духу з яго вечным запалам! І дух гэты бессмяротны, бо знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых формаў”.

Сцэна са спектакля “Банкрот”

Дарэчы, у Алены Хрысціч — немалы досвед работы на дзіцячага гледача: дзесяць гадоў служыла ў Тэатры юнага гледача. Заваявацьі ўтрымаць увагу дзяцей і падлеткаў пад сілу, як вядома, толькі акцёру адоранаму. У Алены, гавораць яе калегі па ТЮГу, гэта атрымлівалася. Да прыкладу, Сяргей Журавель, народны артыст Беларусі, у той час ён таксама працаваў на тгаўскай пляцоўцы, успамінае: “Ленка вельмі добра іграла школьніц, ды так арганічна, што падлеткі, якія сядзелі ў зале, затаіўшы дыханне сачылі за яе ігрой”. А потым Рыгор Баравік запрасіў і Жураўля, і Хрысціч, і іншых тюгаўцаў у сваю каманду — “паднімаць” Маладзёжны. Так што Алена — адна з тых, хто стаяў ля вытокаў новага ў тыя часы тэатра. І такіх, як яна, “старажылаў”, у тэатры сёння ўсяго толькі пяцёра.  
Нехта пайшоў у іншы тэатр, нехта з’ехаў з Беларусі, а хтосьці адправіўся на  пенсію. Напрыклад, расказала артыстка, Валерыя Ліхадзей паехала ў Маскву, Васіль Нікіценка ў Пецярбург. Ігар Фільчанкоў і Марына Дударава служаць у Драматычным тэатры Беларускай арміі, а Уладзімір Мішчанчук, які таксама некаторы час працаваў у Маладзежным, у Тэатры-студыі кінаакцёра. Сышоў і Сяргей Журавель. Цяпер ён у Купалаўскім тэатры.

Алена добра памятае, як тэатр увайшоў у яе жыццё яшчэ ў дзяцінстве. Вось як яна пра тое гаворыць. 
“Наогул я марыла стаць балерынай. Праўда, паступаць у харэаграфічнае вучылішча, пакінуўшы Баранавічы, дзе жыла сям’я, бацькі не раілі: у Мінску не было інтэрната для іншагародніх. Але жаданне пакарыць сцэну з гадамі толькі ўзмацнялася. Спачатку, як і многія жвавыя дзяўчынкі, я займалася танцамі і спортам. Затым стала ўдзельнічаць у пастаноўках Баранавіцкага Народнага тэатра…”. Менавіта там яна зразумела: без тэатра ёй не жыць. Адразу ж пасля школы паспрабавала паступіць на акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, але яе, 17-гадовую абітурыентку, не ўзялі. Уладзімір Маланкін, які набіраў курс, сказаў: занадта юная, наіўная. І параіў паступаць на наступны год. Таму Лена трапіла “ў рукі” іншага майстра — Аляксандра Бутакова. “Гэта быў, — расказвае мая суразмоўніца, — самы малады курс: амаль усе толькі што скончылі школу. Праз пяць гадоў разам са мной выпусціліся і мая сяброўка па ТЮГу і па жыцці — Галіна Кухальская, купалаўскі акцёр Аляксандр Падабед… Тамара Ляўчук паехала ў Брэст, Уладзіслаў Карака і Аляксей Бычкоў — у Гомель…”. Некаторыя аднакурснікі, паводле слоў Алены, сышлі з жыцця ў маладым узросце. Карацей, у кожнага свой лёс.

Пасля заканчэння інстытута маладую актрысу размеркавалі ў Тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску. Гэта быў час актыўных гастроляў па ўсім былым Савецкім Саюзе. І Лена паездзіла па краіне, набіраючы ўражанняў і акцёрскага досведу. А потым Рыгор Баравік, у той час ён працаваў галоўным рэжысёрам у ТЮГу, запрасіў яе ў штат. Так пачалося акцёрскае жыццё Алены ў Мінску.

 — Алена Мікалаеўна, вы звязалі сваё жыццё з драмтэатрам. Пра балет не шкадуеце?
  
— Не, вядома. Хто ведае, якім быў бы мой харэаграфічны лёс? Магчыма, танцавала б у кардэбалеце. А так мая кар’ера склалася цалкам удала. Я сыграла шмат цікавых роляў.

— Вы доўгі час працавалі ў ТЮГу. Пра што ўспамінаеце ў першую чаргу? 

— Пра маленькіх гледачоў: такіх цікавых, але складаных. На іх можна правяраць, наколькі ты шчыры, праўдзівы ў ролях. Дзеці тонка адчуваюць фальш. І разам з тым яны такія адкрытыя, бо вераць у казку, умеюць марыць.

— Ці існуюць спецыяльныя акцёрскія або псіхалагічныя прыёмы, каб утрымаць увагу юных гледачоў?

— Прыёмаў такіх няма. Павінен быць талент, абаяльнасць. Харызма, калі хочаце. Вось і ўсё. І ў сувязі з гэтым не магу не ўспомніць Міхаіла Пятрова, народнага артыста Беларусі. Як ён валодаў залай, як мог усіх заваражыць!.. Кожны раз гэта было нешта дзіўнае! А які гэта быў Кот у ботах! Мы заўсёды тоўпіліся за кулісамі і пакочваліся са смеху. Міхаіл быў віртуозам. 

— Чаму ж тады пайшлі ў Маладзёжны?

— Мабыць, вырасла з дзіцячых роляў. Хацелася паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым. Да таго ж мяне запрасіў у тэатр галоўны рэжысёр. Мы пайшлі групай з сямі чалавек. І пачыналі з нуля… Усе, памятаю, зведвалі захапленне, натхненне… Нас усіх аб’ядноўваў дух студыйнасці. Доўгі час, вы ведаеце, туляліся па розных пляцоўках, клубах, рэпеціравалі ў начны час нават у тэатры аперэты. Залы сваёй не было. І толькі праз дзесяць гадоў, прыкладна ў 1995-м, нам аддалі будынак былога кінатэатра “Спартак”. Потым быў і Дом культуры работнікаў гандлю. Ён цалкам не быў прыстасаваны для тэатра, шмат чаго даводзілася перабудоўваць самім. І потым зноў мы “бадзяліся” гадоў пяць, пакуль, нарэшце, не скончылася рэканструкцыя будынка для нашага тэатра, у якім мы і адсвяткавалі юбілей. 

— А “бадзянне”, як вы гаворыце, напэўна, адбівалася і на адносінах у трупе?

— Не, у нас не было канфліктаў. Усе мае калегі разумелі, што гэта рэальнасць. І яе трэба прыняць. Хтосьці змірыўся з ёй, хтосьці не вытрымаў і пакінуў тэатр.  

Алена вытрымала. І сёння яна — старажыл Маладзёжнага. Апошні са спектакляў, які я паглядзела з яе ўдзелам — “Восем любячых жанчын” Робера Тома, дзе Алена іграе Бабулю, прамаці сямейства, у якім не нараджаліся мужчыны. Але менавіта пра яго, пра Марсэля, гаспадара дома, яе зяця, пад дахам дома якога сабраліся толькі жанчыны — жонка, іх дочкі, сястра, аканомка, і ішла размова на працягу ўсяго сцэнічнага дзеяння. Гэтая гісторыя, вызначаная па жанры як “іранічны дэтэктыў”,  апавядае аб тым, як па парадзе малодшай дачкі галава сям’і прыкінуўся мёртвым, каб высветліць, як і хто да яго на самай справе ставіцца. А калі высветліў — застрэліўся.

Прызнаюся, пасля камедыі-мюзікла Франсуа Азона “8 жанчын” з галівудскімі зоркамі Катрын Дэнёў у ролі Габі, жонкі гаспадара дома Марсэля, і з Фані Ардан, яго сястры, ішла на спектакль Маладзёжнага з прадузятасцю. Але тое, што ўбачыла, перасягнула мае спадзяванні. Пастаноўка атрымалася цэльнай, дынамічнай, якая кранае за жывое. Гэта ж так здорава, калі акцёры ўнутрана пражываюць свае ролі, разумеючы, што яны іграюць, за імі назіраеш з задавальненнем. І, зразумела, суперажываеш іх персанажам. Алена ў ролі Бабулі ў ліку такіх. Яе гераіня раз-пораз  гаварыла сваім дочкам: дзяўчаты, не сварыцеся… І было відаць, што ёй не даспадобы такі стыль узаемаадносінаў у сям’і. Ужо толькі таму, што яна і малодшая дачка ў доме Марсэля — нахлебніцы і ім любой цаной тут трэба застацца. Гэтую ўнутраную турботу — што ж будзе з імі далей — Алена Хрысціч іграла таленавіта.


Сцэна са спектакля “8 любячых жанчын”

Як жа ёй, дасведчанай актрысе, узнагароджанай за творчыя дасягненні медалём Францыска Скарыны, працуецца сёння побач з акцёрскай моладдзю? Як адчувае яна сябе ў новай зале? Ці не тужыць па былых часах? Мы працягваем гутарку ў грымёрнай Алены.

— Так, здараецца часам і патужыць. Бо тыя імгненні мінулага — мая маладосць. Ці добра мне з маладымі акцёрамі побач? Вядома ж. Я нешта бяру ад іх, спадзяюся, і ім таксама нешта даю. А зала мне вельмі падабаецца: яна ні вялікая, ні маленькая, зроблена амфітэатрам і з добрай акустыкай. Рады крэслаў стаяць радамі ў розных узроўнях, таму ніхто нікому не перашкаджае глядзець спектакль.
 
— Што скажаце пра сучасную акцёрскую моладзь? 

— Розныя прыходзяць маладыя людзі. Ёсць вельмі таленавітыя, і ім усё лёгка даецца. А ёсць — вялікія працавікі, у якіх усё атрымліваецца дзякуючы ўпартасці. Але, вядома, адчуваецца, што гэта ўжо іншае пакаленне. Здаецца, тая ж акцёрская школа, а не так гавораць, не так паводзяць сябе на сцэне. Яны іншыя. Але гэта не перашкаджае мне іх разумець, а ім, спадзяюся, мяне. Калі просяць нешта ім падказаць — чаму б і не! Сама ініцыятыву не праяўляю: лёгка ж можна пакрыўдзіць. Я праходзіла гэты шлях і добра разумею пачуцці маладых.

 — Наколькі я ведаю, у творчым асяроддзі існуе павер’е, што сцэна можа не прыняць акцёра. Тады ён спатыкаецца на роўным месцы, здольны нават забыць  словы… А як у вас?

— Нічога падобнага пакуль не здаралася, дзякуй Богу. Мне тут утульна. Магчыма, сцэна памятае сваіх першых “герояў”.  

— У інвалідным крэсле ў ролі Бабулі не баіцеся сядзець? Не асцерагаецеся, што жыццё правядзе свае паралелі, як гэта часам здараецца з акцёрамі? Узяць, да прыкладу, сучасны серыял “Майстар і Маргарыта” Булгакава, удзельнікі якога не раз згадвалі ў прэсе пра“містычныя” цяжкасці, з якімі ім даводзілася сутыкацца падчас здымак…

— Прызнацца, я ніколі аб гэтым не думала. Сядзець у інвалідным крэсле — гэта  ўсяго толькі прыём, не больш таго. Акцёра па ролі могуць і павесіць, і пахаваць…. Калі хочаце, гэта выдаткі прафесіі. Дарэчы, яны ёсць у любым рамястве. І потым, я не прымхлівая. Калі ўсяго баяцца, можна стаць параноікам. Ды на ўсё воля Божая, у рэшце рэшт. 

— Відаць, у гэтым і праяўляецца акцёрскі прафесіяналізм, калі  выдаткі прафесіі не палохаюць. І акцёр тады можа сказаць сабе: усё, я магу ўсё…

— Ну, так гаворыць сабе толькі дурань. Нельга спыняцца на дасягнутым. Проста скончыць акцёрскую школу — гэта яшчэ нічога не значыць. У многіх ёсць дыплом, але хіба ён дае права называцца спецыялістам у сваёй сферы? Патрэбен досвед, які прыходзіць разам з сыгранымі ролямі. А разам з ім прыйдзе і прафесіяналізм. Але нават калі ты, маючы гэты досвед, перастанеш удасканальваць сваё майстэрства, рызыкуеш прайграць.  

— Прынята лічыць, што ў жанчыны няма ўзросту. А ў актрысы ён ёсць? 

— Не! У актрысы не можа быць узросту. Яна заўсёды павінна быць у форме. У адваротным выпадку  ёй лепш пайсці з тэатра. Таму што сцэна не церпіць, што называецца, халтуры. 

— Якія ролі вам хацелася б яшчэ сыграць і якія спектаклі з тых, што ў рэпертуары, асабіста вам падабаюцца?

— Акцёр — вельмі залежная прафесія. Ён іграе не тое, што хоча, а што даюць. Любая роля цікавая, калі ты яе пражываеш. І чым яна больш складаная, чым даўжэй над ёй працуеш, тым больш яе любіш. А з нашых спектакляў мне падабаюцца “Звычайная гісторыя” Ганчарова і “Меў бы я залатыя горы” Ладо. Яны таленавіта пастаўлены. У іх ёсць і глыбіня, і філасофскі сэнс. І глядач можа задумацца аб чымсьці важным і, упэўнена, не пакіне тэатр ашуканым і спустошаным, як гэта іншы раз здараецца, калі яму прапаноўваюць “сучаснае прачытанне”. Іншымі словамі, прыгожую абгортку, усярэдзіне якой — пустышка.

— А як вы ставіцеся да таго, што вымушаныя пастаянна падпарадкоўвацца рэжысёру?

— З разуменнем, бо такая  расстаноўка творчых сіл. У звязцы: рэжысёр-акцёр менавіта рэжысёр тая фігура, якая вяршэнствуе. І гэта дадзенасць. Дарэчы, сёння ў тэатры няма галоўнага рэжысёра.Так што, пакуль мы яго, працуючы, чакаем.

— Што скажаце пра ваш рэпертуар?

— У нас аншлагі. І спектакляў-пустышак няма. 

— Як доўга, па-вашаму, будзе жыць тэатр? 

— Пакуль будзе жывы чалавек. Вы толькі паглядзіце: у непагадзь, у працоўныя дні тыдня, нягледзячы на праблемы, якіх у кожнага хоць адбаўляй, людзі імкнуцца ў тэатр. І гэта, адзначу, у стагоддзе “жалеза”, калі такія папулярныя тэлебачанне, інтэрнэт і 3D-кінатэатры. Гаварылі, тэатр памрэ. Пераканана: гэтага ніколі не здарыцца. І ведаеце чаму? Таму што чалавек — жывы і ён імкнецца да такіх жа жывых зносінаў. У тэатры адчуваецца дыханне акцёра, у тэатры цалкам іншыя, не “кіношныя” эмоцыі. Ніколі адзін і той жа спектакль не будзе аднолькава сыграны! Таму што іграюць яго людзі. Бывае, не ідзе роля, хоць ты трэсні! Як, да прыкладу, у Інакенція Смактуноўскага ў спектаклі  “Іваноў” Чэхава. Я глядзела яго ў Маскве. Ведаеце, што Смактуноўскі зрабіў? Трэснуў рукой аб стол так, што, падавалася, зламаў сабе руку. І ўсё — пайшла роля! 

— А што вы робіце, калі роля не ідзе? Такое здараецца часам?

— Усякае бывае. Але акцёр не мае права на дрэнны настрой, калі ў яго ўвечары спектакль. Вось, калі я, да прыкладу, іграю “Банкрут”, то ўжо з раніцы настройваюся на ролю. І нават, калі няма жадання настройвацца, я абавязана яго знайсці. Як — гэта ўжо сакрэты на маёй акцёрскай кухні. І трэба дамагчыся выніку, каб не стаяць на сцэне з халодным сэрцам, не адчуваючы партнёра. Глядач гэтага не прабачыць. 

— А як вы адчуваеце, ці адгукаецца глядач на вашу ігру?

— У ролі тады лягчэй дыхаецца, калі ён адгукаецца. І роля, што называецца, ідзе. Але, каб зразумець мае пачуцці па-сапраўднаму, трэба быць акцёрам.  

— Трыццаць гадоў для тэатра — гэта маладосць або сталасць? 

— Напэўна, гэта пачатак сталасці. Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы семдзесят пяць гадоў. Ёсць тэатры з дзевяностагадовай гісторыяй. А мы — пасярэдзіне.

— Рэпертуар тэатра можа нешта сказаць пра яго ўзрост?

— Наўрад ці. У нас сёння ідзе, у асноўным, класіка. А класіка — па-за часам. У рэпертуары “Чайка” Чэхава, “Банкрут” і “Беспасажніца”Астроўскага… 

— Што параіце або пажадаеце будучым зоркам сцэны? 

— Раіць нічога не буду: у кожнага свой шлях. Пажадаю толькі удачы і поспеху!

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter