3. «Браў касу ў рукі – і як анёлак праз дзве гадзіны...»

З сялянскай працы Іван Навуменка любiў i ўмеў толькi касiць

— Павел Іванавіч, ваш бацька больш падарожнічаў па працоўных пытаннях? Ці па сваіх?

— У савецкі час пісьменнікаў проста адпраўлялі ў паездкі. Як і яго калегі, ён ездзіў у Амерыку як прадстаўнік Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Гэта была разумная палітыка: паедзь паглядзі іншы свет, параўнай са сваім. Бацька ўдзельнічаў як навуковец у з’ездах славістаў, якія праходзяць кожныя пяць гадоў у сталіцы адной са славянскіх дзяржаў.

Ён аб’ездзіў амаль усю Еўропу. Шмат дзе па Савецкім Саюзе. У 1966 годзе трапіў разам з іншымі пісьменнікамі ў славуты землятрус у Ташкенце, калі быў разбураны горад…

— Цікава, які твор бацькі вам асабліва дарагі?

— Я быў перакладчыкам яго твораў на рускую мову ў савецкі час. Ён папрасіў мяне сам, бо быў незадаволены іншымі перакладамі. Аспірантам я перакладаў яго раманы, якія выходзілі ў Маскве, а таксама тыя, што друкаваліся ў часопісе «Нёман». Гэта былі познія творы, яны дастаткова цяжкія для перакладчыка, і, магчыма, не самыя ўдалыя з пункту гледжання мастацкай вартасці.

А лепшыя, мусіць, — гэта партызанская трылогія «Сасна пры дарозе», раннія аповесці, «Смутак белых начэй». Гэта ж кнігі ў пэўнай ступені яго маладосці.

— Чым асабіста вас мог здзівіць бацька?

— Гэта было не яго амплуа — здзіўляць… Дарэчы, у сям’і была нейкая нябачная іерархія. Галоўным камандзірам, у тым ліку і бацькавым, у плане гаспадаркі была маці. І бацька ёй быў вельмі ўдзячны за гэта. Недарэмна дзед Якаў казаў: «Старэйшы Іван нягеглы да гаспадаркі». Гэта было не бацькава. Маці нават вадзіла машыну, бо ён не ездзіў за рулём. Яна ж будавала і летнік. Маці вызваляла яго ад такой працы. Але, нягледзячы на тое, што ён не ўмешваўся ў бягучыя праблемы, яго меркаванне і слова былі галоўнымі. У пэўнай ступені ўсё было падпарадкавана бацькаваму графіку. Помню, што ў маім дзяцінстве ён увесь час працаваў. Нават калі выязджаў на адпачынак куды-небудзь на Балтыйскае ці Чорнае мора, жалезна з дня ў дзень сядзеў да абеду за сталом. Пісаў. Да пяцідзесяці гадоў — з цыгарэтай. І калі трэба было зайсці ў яго кабінет, то ў дыме бацьку і не бачна было. А паліў ён з вайны, з шаснаццаці гадоў. І вельмі шмат.

Таму здзівіць, паўтараю, — гэта не яго. Ён вызначаўся сваімі грунтоўнасцю і стабільнасцю.

— Наколькі адказна быць сынам вядомага чалавека?

— Адказна? Ну гэта проста часам не вельмі камфортна… Калі вучыўся на філфаку і кожны глядзеў на цябе: «А, вось гэта — сын Івана Навуменкі!» Бацька ж там выкладаў. І ў пэўнай ступені трэба было адпавядаць нейкім стандартам. Гэта, вядома, не самае прыемнае. Але я вучыўся ахвотна, з задавальненнем, не меў за пяць гадоў навучання ва ўніверсітэце ніводнай чацвёркі. У залікоўцы — усе пяцёркі. Дурань быў, па вялікім рахунку, трэба было хоць якіх дзяўчат у кіно павадзіць (смяецца). А я сядзеў у кнігах… Але, будзем лічыць, што гэта — мая ахвяра ў гонар адказнасці быць сынам вядомага чалавека…

— Павел Іванавіч, як так склалася, што вы пайшлі па слядах бацькі? Бо ён выкладаў у БДУ...

— Бацька сышоў з БДУ ў 1972 годзе, калі я толькі размяняў першы клас. Але ў нас і дагэтуль дома выдатнейшая бібліятэка. Раскіданая па ўсіх кватэрах, дамах і дачах, яна налічвае болей за 7 тысяч кніг.

Бацька быў фанатычным букіністам разам з Барысам Сачанкам. Яны былі канкурэнты. Насілі шакаладкі маладым прадаўшчыцам, казалі: «Калі што людскае прынясуць, паведамляйце…» Вось таму ў мяне сёння ёсць і першадрук «Шляхам жыцця» Купалы, і Ластоўскі, і першае выданне Коласа. Ёсць кнігі і XVIII стагоддзя, і многія выданні XIX. Мне ўжо, як майму бацьку, не даводзілася бегаць у местачковую бібліятэку і выхопліваць якую-небудзь кнігу.

І я нават успамінаю эпізод ва ўніверсітэце са славутым выкладчыкам замежнай літаратуры Цімафеевай, якая вучыла і бацьку, і маці. Здаць ёй экзамен — гэта было тое самае, як здаць па тэхнічных спецыяльнасцях сапрамат. Цімафеева лічыла сваім гонарам студэнта «заваліць». І ў гэтым сэнсе я яе раздражняў. Яна мяне ганяла па ўсім курсе, але 90 працэнтаў таго, пра што яна пыталася, я прачытаў гадоў да дванаццаці. А памяць на тэксты ў мяне выдатная. І «злавіць» мяне было немагчыма. І нарэшце яна спыталася: «Ці чыталі вы «Уліса» Джэймса Джойса?» — «Чытаў». Яна па-сатанінску зарагатала і сказала: «Вось я вас і злавіла. «Уліса» ніколі не перакладалі цалкам на рускую мову». — «На рускую — не. А на ўкраінскую, у часопісе «Всесвіт», твор быў перакладзены цалкам у 1966 годзе. Там я яго і чытаў…»

І гэта ўсё — бацькава бібліятэка… Хто ведаў гэты ўкраінскі часопіс з радавых чытачоў? А бацька шмат чаго прывозіў з-за мяжы. З Польшчы, дзе выдавалася шмат літаратуры, з Германіі.

Таму з такой бібліятэкай, з такой літаратурай я сам быў запойным чытачом. Чытаў і па начах, і на дачы. Для мяне свет кніг быў вельмі-вельмі прывабным.Таму я і пайшоў на філфак. Хоць ездзіў у Маскву, прыглядаўся, мог бы лёгка паступіць на любы факультэт…

Мы з сястрой Таццянай сапраўды ішлі бацькавым шляхам. Гэта быў яго ўплыў. Універсітэцкае выкладанне — гэта вельмі цікавая справа. Як казаў мой загадчык кафедры нябожчык Алег Антонавіч Лойка: «Філфак дае ілюзію вечнай маладосці». Бо заўсёды працуеш з адным і тым жа ўзроставым кантынгентам. І такое адчуванне, што ты не змяняешся.

— Ці часта вы самі бываеце на малой радзіме Івана Якаўлевіча? Ваш бацька добра быў знаёмы з сельскай працай, а вы?

— З сялянскай працы бацька любiў i ўмеў толькi касiць. І сялянская праца не прайшла міма нас, яго дзяцей. Усе мы стаялі ў градах, палолі. І бульбу пад лапату саджалі. Гэта было на Лысай Гары, дзе ў нас летнік. І касіць мы ўмелі. Між іншым, у дзіцячыя і юнацкія гады я ўсё гэта ненавідзеў, як і мае сёстры. Бо гэта быў матчын прымус. У сталыя гады, наадварот, мне ўсё стала вельмі падабацца. З працы прыязджаў заматаны, злы, як чорт, а браў касу ў рукі — і як анёлак праз дзве гадзіны. Рукі працуюць — галава адпачывае. Каб вы бачылі мае гарбузы, кабачкі, гуркі і кроп, якія я вырошчваў… Цяга да зямлі — гэта добрая рэч, яна сядзіць у нас, у нашых каранях…

А што тычыцца таго, ці бываю на малой радзіме бацькі, то мы з Іванам Штэйнерам праводзім там раз у два гады міжнародныя навуковыя чытанні ў Гомельскім універсітэце. У праграме канферэнцыі заўсёды ёсць навуменкаўскія мясціны. Вывозім усіх удзельнікаў у Васілевічы, Рэчыцу, Мазыр, дзе бацька працаваў пасля вайны…

— Якім пісьменнік Іван Навуменка быў па характары — дома, у сям’і? Што любіў і шанаваў?

— Ён быў чалавекам дастаткова мяккім, можа, трошкі імпульсіўна-выбуховым, мог абурыцца, але хутка адыходзіў. Быў не зласлівым. Гэта ведаюць усе, хто з ім працаваў. Ён быў чалавекам далікатным, праўда, у нейкіх прынцыповых момантах, якія тычыліся і навукі, і літаратуры, можа, часам залішне рэзкім і недыпламатычным. Таму не раз псаваў адносіны з многімі калегамі. Такая ў яго была рыса характару…

У прынцыпе, ён быў у чымсьці падобны на сваю матку: у нейкіх момантах — трошкі занудлівы, са спецыфічным пачуццём гумару, які мая маці не прызнавала абсалютна. Зрэшты, яны ўсе былі падобныя: і ён, і Мележ, і іншыя пісьменнікі-палешукі.

А што цаніў бацька ў жыцці? Лес і баравікі, ды, як я казаў, яшчэ апантанае кніжніцтва былі ягоным пажыццёвым шаленствам. З бацькавым кнігазборам магла спаборнічаць мала якая бібліятэка Беларусі!

Таксама ён цаніў спакой. А яшчэ сваю велізарную бярозу на дачы. Яна стаіць і сёння. Між іншым, калі ён бярозу пасадзіў, яна засохла. І ад кораня вырасла іншае дрэва, якое вымахала вялізным і стаіць сёння на Лысай Гары як нейкі значны сімвал... Бярозу ён забараняў чапаць, мы ездзілі з ім у лес па бярозавік, але са сваёй ніколі не спускалі.

А яшчэ вось такая пісьменніцкая байка. Бацьку не любілі браць у грыбы калегі-пісьменнікі, за яго лёгкую зануднасць. Яго прывозілі на месца, ён са сваім кашом знікаў на тры гадзіны, прыходзіў змрочны, з поўным кашом баравікоў, пакуль у астатніх было пяць штук на донцы, і занудна казаў: «Масавага грыба няма» (смяецца). Таму яго і браць з сабой у грыбы не любілі. Ён перадаў мне гэты грыбны фанатызм, у мяне ёсць грыбовішчы свае, патаемныя.

— З кім сябраваў вядомы пісьменнік Іван Навуменка? І гэтае сяброўства ці можна назваць асаблівым?

— З сябрамі юнацтва, з якімі ён быў у падпольнай групе, у партызанскім атрадзе, лёс развёў. Яны прыязджалі, але вельмі рэдка. А так у бацькі былі добрыя адносіны з Мележам, але той рана памёр, у 1976 годзе. У яго былі добрыя адносіны і з Шамякіным, з Алегам Лойкам, ды шмат з кім.

Мы ж жылі ў пісьменніцкім доме, дзе ў адным пад’ездзе пасяліліся і Маўр, і Брыль, і Караткевіч, і Вітка, і Пестрак, і Адамчык. Яны хадзілі адзін да аднаго ў госці. Калі бацька падымаўся па лесвіцы, чулася рытмічнае, з інтэрваламі ў трыццаць секунд, ляпанне зачыняемых фортак… А яшчэ памятаю постаці Глебкі, Скрыгана, Лужаніна, Мележа і філасофскага, у паласатай піжаме Янкі Маўра. Караткевіча, які хадзіў калядаваць. Маці налівала яму чарку, клала хатнюю каўбаску. Маглі пісьменнікі пастаяць на лесвіцы, як кажуць, перакінуцца вострым слоўцам. Увогуле, пісьменніцкі свет у нейкай ступені быў намнога больш гуманны, дабрэйшы, змястоўны, глыбейшы…

Тыя, каго я памятаю па трыццаць шостым доме, — гэта не проста каларытныя, яркія, вясёлыя людзі. Гэта непадобныя адзін да аднаго, выразна індывідуальныя, але маштабныя творчыя постаці…

З іншага боку, бацька не любіў ніякіх груповак, ніколі актыўна не ўдзельнічаў у жыцці Саюза пісьменнікаў, нейкіх інтрыгах. Для яго альтэрнатывай больш была Акадэмія навук, аб’ектыўны навуковы свет.

— А аб чым марыў ваш бацька?

— Цяжка сказаць. Магчыма, напісаць тыя кнігі, якія ён не напісаў. Таму што ён казаў: «Я ўсё жыццё мусіў бегаць на службу, а колькі мог бы паездзіць, пабачыць, больш напісаць». І часам у яго гэта добрая зайздрасць прабівалася да некаторых пісьменнікаў: «О, каб я пабачыў тое, што бачыў ён!» Хаця скардзіцца яму было не варта. Тое, што ён бачыў, не заўсёды было лёгкім, прыгожым і рамантычным, але пабачыў ён у сваім жыцці дастаткова чаго.

— Ці прыходзілі людзі па дапамогу да Івана Навуменкі?

— Прыходзілі. І ён шмат каму дапамагаў. Просьбы былі розныя. Ад вяскоўцаў, і не толькі. Прыязджалі і людзі з Васілевічаў. Быў жа бацька і дэпутатам. Хапала і ўсялякіх недарэчнасцей. Напрыклад, той самы ацалелы ў вайну Базыль Васенда ўсё пісаў паперы на раённых начальнікаў. І прыязджаў, каб бацька таксама гэтыя кляўзы падпісаў. Але ён выганяў яго, выкідаючы чаравікі госця за парог. У такіх справах ён не ўдзельнічаў…

Лёс бацькі — тыповы, ён нічым не вылучаўся сярод пісьменнікаў. Лічылася, што калі чалавек выйшаў у людзі, то можа дапамагчы. І бацька дапамагаў. Чым мог. Тым больш што ён быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. А просьбы былі розныя: пакласці кагосьці ў бальніцу, дапамагчы выдацца, знайсці нейкую справядлівасць. Як заўсёды ў жыцці, усяго хапала. Былі ў яго і дэпутацкія справы: школе дапамагчы, бібліятэцы...

Пісалі людзі яму шмат. Лісты прыходзілі і дадому…

— Павел Іванавіч, дзякуй за цікавую размову! Усяго вам самага добрага!

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота з архіва Паўла НАВУМЕНКІ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter