220 тысяч усмешак

Бабруйск адзначыў сваё 620-годдзе. Святкаванне распачалося з шэсця ветэранаў вайны, да якiх далучылiся прадстаўнiкi працоўных калектываў, дэлегацыi з Днепрадзяржынска, Нарафамiнска i iншых параднёных гарадоў...

Бабруйск адзначыў сваё 620-годдзе

— Гэта свята тваё i маё — наша агульнае! – казалi бабруйчане ў днi святкавання 620-годдзя свайго горада. Маштабнае, запамiнальнае мерапрыемства. У горадзе на Бярэзiне, якi ў мiнулым годзе прымаў рэспублiканскiя “Дажынкi”, умеюць праводзiць такiя — з прыцягненнем шырокага кола ўдзельнiкаў, гаспадароў i гасцей. А тым больш Дзень горада супаў з днём яго вызвалення.

Вось чаму святкаванне i распачалося з шэсця ветэранаў вайны, да якiх далучылiся прадстаўнiкi працоўных калектываў, дэлегацыi з Днепрадзяржынска, Нарафамiнска i iншых параднёных гарадоў. Святочная калона пад апладысменты прысутных прайшла да плошчы Перамогi. Тут адбыўся мiтынг, яго ўдзельнiкi ўсклалi вянкi i кветкi да магiлы генерала Бахарава, якi загiнуў у ходзе наступальнай аперацыi “Баграцiён”. Урачыстым маршам, аддаючы данiну павагi вызвалiцелям горада, прайшлi воiны гарнiзона, падраздзяленнi МНС i МУС. 

А тым часам на плошчы iмя Ленiна загучалi песнi часоў Вялiкай Айчыннай вайны, адбыўся канцэрт артыстаў беларускай эстрады “За незалежную Беларусь”, праводзiўся комплекс мерапрыемстваў “Маладосць. Традыцыi. Будучае”. Выйшлi на зыходныя пазiцыi кааператары Глускага, Быхаўскага, Клiчаўскага i iншых раёнаў, запрацавалi “Гарады майстроў”, сваю прадукцыю дэманстравалi майстры пэндзля, ганчарных спраў. Да вечара шматтысячная аўдыторыя запоўнiла гарадскую плошчу i прылягаючыя раёны. Ну i, вядома ж, адбыўся святочны феерверк. 

Гэта ў першы дзень свята, а ў другi i трэцi гаспадары i госцi змаглi пабачыць выстаўку баявой тэхнiкi, удзельнiчалi ў святочным парадзе-шэсцi ветэранаў працы, перадавiкоў вытворчасцi, маладой змены з дэманстрацыяй дасягненняў народна-гаспадарчага комплексу горада, а таксама назiралi тэатралiзаванае прадстаўленне “Бабруйск старажытны i вечна малады”. 

Потым – урачыстае адкрыццё мiжнароднага фестывалю народнай творчасцi “Вянок дружбы”. На гэты раз фестываль выдаўся яшчэ больш яркiм i запамiнальным. Рэкордная колькасць удзельнiкаў з дзевяцi краiн, у тым лiку Кiтая i Славакii, якiя ўпершыню дэманстравалi сваё майстэрства на бабруйскай сцэне. 

Увесь горад ператварыўся ў суцэльную канцэртную пляцоўку. Дадалi яркасцi святу выступленнi зорак беларускай i расiйскай эстрады, у тым лiку музыкальнай групы “БI-2”, ВIА “Сiняя птушка”, спевака i кампазiтара Iгара Мiкалаева. Гучала музыка, песнi, чуўся вясёлы гоман, усмiхалiся роднаму гораду ўсе дзвесце дваццаць тысяч бабруйчан. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter