22 сонцы Юлii Новiк

Юлiя Новiк – студэнтка 5-га курса факультэта мiжкультурных камунiкацый Мiнскага дзяржаўнага лiнгвiстычнага унiверсiтэта. Прэзентацыя яе першага зборнiка вершаў “Сонца за тэрыконамi” адбылася на факультэце журналiстыкi БДУ

З  чароўнага  мяшэчка  распачалася  гэта  прэзентацыя... 

Такога дзiвоснага ўсходу сонца Юля яшчэ нiколi не бачыла. У пяць гадзiн ранiцы, выязджаючы з роднага Салiгорска, дзяўчына кiнула позiрк на ўжо прывычныя ружовыя тэрыконы i  ўразiлася. З-за гор ледзь выглядаў вялiкi вогненны шар, а лёгкi ветрык развейваў па наваколлi салёны, амаль марскi, пах. “Сонца за тэрыконамi”, — мiльганула ў галаве. У той момант маладая паэтка зразумела, што яе першая кнiжка будзе называцца менавiта так... Юлiя Новiк – студэнтка 5-га курса факультэта мiжкультурных камунiкацый Мiнскага дзяржаўнага лiнгвiстычнага унiверсiтэта. Прэзентацыя яе першага зборнiка вершаў “Сонца за тэрыконамi” адбылася на факультэце журналiстыкi БДУ. 

— Падымiце руку, у каго сёння дрэнны настрой, — пачынае сваю сонечную вечарыну Юля. (Большасць гасцей, як аказалася, былi не ў самым добрым гуморы.) – Так, значыць, зараз будзем выпраўляць сiтуацыю. 

Паэтка ўзяла так званы чароўны мяшэчак з паперкамi-пажаданнямi i прапанавала ўсiм выцягнуць сабе адзiн такi скрутачак. На тварах гасцей з’явiлiся ўсмешкi. “Гэты тыдзень будзе вельмi ўдалым, калi вы паверыце ў сваю сонечнасць!” — такое пажаданне давялося выцягнуць мне.  

Акрамя вершаў самой Юлi, на прэзентацыi гучалi паэтычныя творы iншых аўтараў — кiраўнiкоў паэтычнага клуба “Лiтаратурнае прадмесце” (у якiм, дарэчы, i займаецца Юля) Вiктара Шнiпа i Людмiлы Рублеўскай, а таксама маладых паэтаў Вiкi Трэнас, Змiцера Арцюха, Аксаны Спрынчан, Арцёма Кавалеўскага... 

— Кожны з вас пасля выступлення будзе маляваць на дошцы сваё сонца, — звярнулася Юля да калег. 

Хутка сумная дошка ў аўдыторыi ператварылася ў суквецце рознакаляровых сонейкаў. Як жа тут не ўсмiхнуцца! 

Дарэчы, чаму так многа сонца? Гэта звязана не толькi з назвай кнiгi Юлii Новiк. У зборнiку вобраз сонца – ледзь не галоўны герой. Цiкава, што “сонечных” вершаў у iм аказалася 22 — роўна столькi, колькi гадоў маладой паэтэсе. 

— Можа, некаму здаецца, што сонца за тэрыконамi – гэта захад, — разважае Юля. — Аднак маё сонца ўзыходзiць. Гэта пачатак новага дня, новага жыцця. Дарэчы,  не ўсе разумеюць, што такое тэрыконы. У некаторых гэта слова асацыiруецца з цернямi i нават тэрмiтнiкамi. У такiх выпадках  я тлумачу, што тэрыкон – гэта конусападобны насып пустой пароды каля шахты. У маiм выпадку маюцца на ўвазе салiгорскiя горы. 

Увогуле, першыя крокi да творчасцi Юля  зрабiла тады, калi яшчэ не валодала добрым навыкам пiсьма. Гэта было маленькае апавяданне пра метэарыт, якi звалiўся на нейкi востраў. Лiсток з той фантастычнай дзiцячай казачкай Юля захоўвае i сёння. Потым з’явiлiся гумарэскi, невялiчкiя аповеды i... вершы. Аднак той школьны паэтычны перыяд творчасцi праходзiў без уплыву  прафесiяналаў. У “Лiтаратурным прадмесцi” дзяўчына займаецца ўжо пяць гадоў. За гэты час набыла свой iндывiдуальны стыль вершаскладання. 

— Памятаю, калi прыйшла ўпершыню ў “Прадмесце”, якраз крытыкавалi аднаго паэта. Дадому ў той вечар я вярталася з цяжкай галавой. Здавалася, быццам увесь свет проста перавярнуўся: усё, што было напiсана дагэтуль, у школе, можна было выкiнуць. Была нават думка, што болей нiчога не напiшу. Тым не менш вельмi хутка на паперу леглi новыя вершы, якiя былi ўжо значна лепшымi за школьныя. 

— А сама сябе пакрытыкаваць можаш? 

— Бываюць выпадкi, калi ў вершы, каб ён стаў больш дасканалым, трэба замянiць некалькi слоў. Пакуль што мне гэта не зуciм удаецца, бо свае творы ўвогуле вельмi цяжка перапiсваць i перарабляць. Але наогул, лiчу, любой творчай асобе ёсць над чым працаваць. 

На здымку: “сонечная” Юля Новiк

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter