Ікра, каўбаса, кансервы і ні кроплі спіртнога. Алег Навіцкі расказаў, што будзе на навагоднім стале МКС

2017 віткоў вакол Зямлі

Чатыры кілаграмы мандарынаў, пятнаццаць бляшанак чорнай асятровай ікры, яблыкі, апельсіны, грэйпфруты, сухафрукты, шакаладныя батончыкі, цукеркі «Мішка касалапы» — усё тое, што павінна было ўпрыгожыць навагодні стол касманаўтаў, на жаль, так і не дайшло да экіпажа Міжнароднай касмічнай станцыі, дзе зараз знаходзіцца наш суайчыннік Алег Навіцкі. 


Транспартны карабель «Прагрэс МС-04», які вёз касманаўтам гэты груз, пасля 382 секунд палёту ўпаў са 190-кіламетровай вышыні. Нягледзячы на такую непрыемнасць, на МКС работа працягваецца ў штатным рэжыме. Карэспандэнт «Р» даведалася, як сустрэне Новы год на арбіце Алег Навіцкі, якімі падарункамі парадуюць яго родныя з Чэрвеня і Зорнага гарадка, а таксама атрымала ад знакамітага земляка навагоднія віншаванні ўсім нам.

Хоць транспартны карабель і не даляцеў да станцыі, касманаўты годна сустрэнуць свята. У іх сёння ўсё будзе амаль так жа, як у нас, «зямных»: ёлка, мішура, шапкі Дзеда Мароза і смачная ежа! Вядома ж, салата аліўе Алег Навіцкі ў космасе не дачакаецца, затое яго клапатлівая жонка Юлія абавязкова вышле касманаўту фота святочнага стала: і пра дом нагадае, і душу патравіць, жартуе яна.

Касманаўты МКС, нягледзячы на тое што «Прагрэс» з мандарынамі да іх не даляцеў на Новы год, не сумуюць: іх «касмічная талерка» напоўнена іншымі смачнымі прадуктамі.
Чаго варта адна чорная ікра!

Дома ў Алега Навіцкага ў Зорным гарадку ўжо даўно прыбрана ёлка. На ёй — шарыкі з эмблемамі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў і Раскосмасу. У гэтым годзе беларускія журналісты падарылі сям'і Навіцкіх і цацку ў выглядзе касманаўта. У гэтай святочнай абстаноўцы Юлія адзначае ў сваім нататніку, колькі мінула дзён з палёту любімага мужа і калі ж застанецца толькі «сто дзён да загаду». Пакуль яна ходзіць па заснежаным парку гарадка з каляскай, у якой ціха спіць малодшая дачка касманаўта васьмімесячная Маргарыта, дома да свята рыхтуецца старэйшая — 20-гадовая Яна.

— Па вопыце мінулага палёту Алега магу сказаць, што 31 снежня для ўсяго экіпажа — працоўны дзень, — расказвае Юлія падчас прагулкі. — У мінулы Алегаў палёт яны вызваліліся ад спраў 31-га чысла бліжэй да ночы і пачалі накрываць святочны стол. А праз паўгадзіны пасля бою курантаў у іх зламаўся туалет. Яны ўзяліся рамантаваць.

Нягледзячы на сваю занятасць у мінулы палёт, Алег тэлефанаваў сям'і ў свята некалькі разоў.

— Мы якраз салацікі рабілі, па тэлевізары ішоў навагодні фільм, а ёлка гарэла агнямі. Вядома, яму там усяго гэтага не хапала. На мой жаночы погляд, Новы год — гэта сямейнае свята, і адзначаць яго далёка ад нас сумна, — кажа Юлія. — У гэтым годзе, як і ў многія іншыя, наш дом запоўняць сябры, так што сумаваць не буду. З імі мы падрыхтавалі Алегу відэападарунак — усе разам перададзім яму прывітанні.

Ужо заўтра, 1 студзеня, дзень у касманаўтаў будзе менш загружаны, чым звычайна, — у іх выхадны! Але гэта не значыць, што яны будуць увесь дзень глядзець «Іронію лёсу, або З лёгкай парай!» і нічога не рабіць. Абавязковыя работы па станцыі ніхто не адмяняў. Акрамя гэтага, іх чакае сувязь з Зямлёй, званкі сваякам, фатаграфаванне, фізкультура. А ці можна ім адаспацца ў першы дзень студзеня? Традыцыйна касманаўты кладуцца спаць у 21.30, а ў 6.00 прачынаюцца. У Новы ж год, кажа Юлія, трохі пазней.

А што ў гэтым годзе будзе на стале ў Алега і экіпажа? Свежай садавіны не прадбачыцца, аднак чорная асятровая ікра будзе. Некалькі бляшаначак прыляцелі на МКС разам з экіпажам. У мінулы палёт Алега Навіцкага яна таксама была на касмічным святочным стале, праўда, на смак, як ён расказаў жонцы, яна не зусім такая, як на Зямлі. Дарэчы, музычнае суправаджэнне на МКС не забараняецца, так што, магчыма, Новы год у іх будзе з касмічнымі танцамі.

У Новы год на Зямлі Алег НАВІЦКІ з задавальненнем аплятаў салат аліўе, селядзец пад шубай і салат з морапрадуктаў, а таксама мяса па-французску. Ну а зараз...

— На іх стале будзе ежа з кантэйнераў і бонус-кантэйнераў. У бонус-кантэйнерах знаходзіцца тая касмічная ежа, якая ім больш за ўсё падабаецца. Можа, на стале з’явіцца і каўбаса — на каталіцкія Каляды яна была. У іх дакладна ёсць сыр. Так што бутэрброды, якія Алег любіць на Зямлі на сняданак, можна будзе зрабіць. Будуць у іх і розныя рыбныя кансервы, мясныя, ласось, судак, тварог і печыва, — працягвае Юлія. — Піць яны будуць сокі, чай, каву. Спіртное, вядома, нельга. 

На Новы год усе шэсць касманаўтаў збяруцца за агульным сталом у расійскім сегменце. На каталіцкія Каляды Алег Навіцкі і іншыя рускія касманаўты хадзілі ў госці ў сегмент амерыканцаў. Што цікава: Алег Навіцкі ў другім палёце зноў трапіў у каюту, у якой жыў у мінулы раз. «Як дадому вярнуўся», — сказаў ён, калі першы раз званіў з космасу жонцы. Дарэчы, на Каляды Алегу амерыканцы падарылі сувенірную ракету, якая чакала яго ў каляднай панчосе.

А што ж падораць родныя Алегу Навіцкаму? Выдзелены кілаграм на навагоднюю пасылку адправіўся разам з Алегам на МКС. 

— Мы паклалі ў пасылку падарунак для ўсіх, хто знаходзіцца на МКС: гэта вялікая матрошка ў выглядзе касманаўта. Усярэдзіне яе — шэсць маленькіх, па колькасці экіпажа: тры расійскія, два амерыканскія і адзін еўрапейскі астранаўт. Так як яны ўжо былі размаляваныя, мы з Алегам да яго палёту ўнеслі каляровымі фламастарамі мастацкія карэктывы. У пасылцы і шакалад «Белавежская пушча», які ён любіць. 

Акрамя гэтага, Юлія і Яна паклалі навагоднія фатаграфіі мінулых гадоў, якія Алег не бачыў, — Юлія загадзя ўсё прадумала. З іх адна нават 20-гадовай даўнасці: фота другога сумеснага Новага года Юліі і Алега, калі нарадзілася Яна. Вядома ж, навагодняя паштоўка ад родных таксама трапіла на МКС.

— Мы шукалі яе ў канцы ліпеня ва ўсіх крамах! Нічога не знайшлі, і прыйшлося даставаць са старых запасаў паштоўкі, якія яшчэ не выкарыстоўвалі, — смяецца Юлія. — Напісалі з Янай і лісты. Толькі ўявіце: гэта быў жнівень, а мне трэба было павіншаваць з Новым годам! Так і пачала: «Дарагі Алег, цяпер ты знаходзішся ў камандзіроўцы ў Амерыцы. У вас +30, у нас тут таксама спякота. Рыта заснула, а я пішу табе ліст з мінулага ў будучыню...»

У цэлым весткі сям'я Навіцкіх шле ў космас праз інтэрнэт штодня. Ды і разнастайныя ракурсы зямнога Юлія рэгулярна фіксуе: вось снег ля роднага пад'езда, а вось ёлка ля Дома касманаўтаў, Рыта перасела ў сядзячую каляску, а вось сябры ў госці прыехалі, малодшанькай на Новы год купілі сухі хатні басейн з шарыкамі, а Яне — сукенку. А на гэтым тыдні ў Рыты прарэзаўся першы зуб!

Матрошку з шасцю маленькімі касманаўтамі знойдзе пад ёлкай экіпаж МКС.

— Увесь Новы год я буду адпраўляць Алегу фота, каб ён не адчуваў сябе адарваным ад Зямлі і, вядома, каб першага студзеня яму было чым заняцца, — жартуе Юлія. — Ці пакінуў ён мне падарунак? Не ведаю. Алег не рамантычная натура. Адзін раз ён мяне здзівіў, калі пасля свайго першага палёту, вярнуўшыся ў сакавіку, толькі ў жніўні на мой дзень нараджэння паказаў відэавіншаванне з космасу!

— Звычайна на Новы год мы ўсёй сям'ёй пісалі на паперцы пажаданні, спальвалі іх, кідалі попел у фужэр з шампанскім і выпівалі. Алег кажа, што ў яго ўсе жаданні спраўджваюцца, — раскрывае сямейныя традыцыі Юлія Навіцкая.

У Юліі клопатаў, пакуль муж у далёкай камандзіроўцы, дастаткова: яна піша «Дзённік жонкі касманаўта Алега Навіцкага» і гадуе поўную копію мужа.

— Старэйшая дачка нядаўна сказала: «Мама, паглядзі, у Рыты нават позірк таты», — смяецца Юлія. — Шкада толькі, што на борце пацярпелага крушэнне «Прагрэсу» знаходзілася пасылка, у якой мы перадалі Алегу прывітанне ад тады яшчэ чатырохмесячнай Рыты: на лістку паперы я абвяла яе ручку алоўкам — гэта і было пасланне дачкі.

Пачакайце, а як жа адзначыць новы, 2017 год «беларускае прадстаўніцтва» Навіцкіх? Мама Алега, Валянціна Эдуардаўна, кажа: калі Алег патэлефануе з космасу, то паедзе адзначаць свята да сям'і малодшага сына Дзмітрыя. Ну а калі не патэлефануе, то застанецца адна дома і будзе чакаць званка з космасу.

— Бывае, цэлы дзень не адыходжу ад тэлефона — чакаю. Ён патэлефануе, а ў трубцы толькі шум станцыі. Часам так і не пагаворым. Але што важна? Я ж ведаю, што гэта яго званочак, — пракаменціравала мама касманаўта.

Мама Алега Навіцкага ў гэтым годзе ездзіла ў ЦКП глядзець стыкоўку з МКС. Тады перадала звароты і прывітанні касманаўту ад хлопчыкаў і дзяўчынак з некалькіх мясцовых школ і садка. 

— У мінулы палёт Алега хлопцы таксама пісалі яму. Ён не пакінуў без увагі ніводнага ліста. Калі быў пазначаны нумар тэлефона, то ён нават тэлефанаваў дзецям, — расказвае Валянціна Эдуардаўна. — Суседскі пяцігадовы хлопчык Сцёпа такі мілы верш напісаў Алегу! А нядаўна прыходзіць і плача: «Бабуля Валя, мой ліст не дайшоў. Згарэў!» Ён падумаў, што ў снежаньскім «Прагрэсе» верш паляцеў. Я кажу: «Дзіцятка, дзядзька Алег атрымае твой ліст! Ён хутка паляціць да яго! Не хвалюйся, ён абавязкова з табой пагутарыць. Вось як убачыш машыну дзядзькі Алега ў двары, дык і прыходзь!» — успамінае Валянціна Эдуардаўна і нарэшце весялее. — У Новы год усяму экіпажу МКС жадаю вярнуцца з выкананай праграмай! А ўсім нам хачу пажадаць, каб мы маглі сябраваць, разумець і падтрымліваць адзін аднаго, як гэта робяць касманаўты!

ВІНШАВАННЕ 

бортінжынера 50-й экспедыцыі МКС Алега НАВІЦКАГА:

— Дарагія землякі! Пралятаючы над Зямлёй на вышыні больш за 400 кіламетраў, ад усёй душы віншую вас з надыходзячым 2017 годам! Жадаю ўсім чытачам газеты «Рэспубліка», іх родным і блізкім моцнага здароўя, касмічных поспехаў ва ўсім і простага зямнога чалавечага шчасця! З Новым годам!

alinakasel@gmail.com 

Фота з архіва сям'і Навіцкіх і экіпажа МКС

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter