«200 курыных яек! Уяўляеце, якія аб’ёмы?»

НЕЯК падчас вандровак па краі азёраў, праяз- джаючы вёску Данькі, тутэйшыя “экскурсаводы” заўважылі мне, што там жыве жанчына, якая пячэ цудоўныя тарты. Яе прысмакі ўпрыгожваюць вяселлі і іншыя святы местачкоўцаў. Завіхаецца яна і каб пачаставаць ксяндзоў, якія прыязджаюць у суседнія вёскі, каб адладзіць службы. І робіць усё гэта адной рукой! Мне не цярпелася з Рэгінай Станіславаўнай пазнаёміцца…

Свае салодкія “шэдэўры” Рэгіна Ермалёнак з Браслаўскага раёна стварае… адной рукой.

НЕЯК падчас вандровак па краі азёраў, праяз- джаючы вёску Данькі, тутэйшыя “экскурсаводы” заўважылі мне, што там жыве жанчына, якая пячэ цудоўныя тарты. Яе прысмакі ўпрыгожваюць вяселлі і іншыя святы местачкоўцаў. Завіхаецца яна і каб пачаставаць ксяндзоў, якія прыязджаюць у суседнія вёскі, каб адладзіць службы. І робіць усё гэта адной рукой! Мне не цярпелася з Рэгінай Станіславаўнай пазнаёміцца…

Напэўна, сам лёс наканаваў гэтай жанчыне быць моцнай і не баяцца цяжкасцей. Яна нарадзілася ў 1929 годзе ў суседняй вёсцы Быстрымцы, што за некалькі кіламетраў ад Данькаў. Сям’я была вялікая — сямёра дзяцей. Калі дзяўчынцы ішоў дзявяты год, памерла маці: моцна захварэла, застудзіўшы лёгкія.

— Як нам не сумна было, але трэба дапамагаць бацьку: у нас было 14 гектараў зямлі, вялікая гаспадарка — пара коней, дзве каровы, цяляты, авечкі. Усе слухалі тату. Ён быў у нас старшым, а мы як быццам яго “падначаленымі”, — усміхаецца Рэгіна Станіславаўна. — І сена сушылі, і бульбу капалі, і грады палолі.

У хуткім часе бацька зноў ажаніўся, узяўшы родную матчыну сястру — сваячка, ды і дзяцей сваіх у яе не было, а пляменнікаў любіла, шкадавала. Але і яна памерла. А праз некаторы час у іх сям’ю зноў прыйшла новая “мама”.

Пасталеўшы, Рэгіна пачала працаваць у калгасе, які толькі стварыўся. Жылося няблага. Працавала ўчотчыкам, а затым і на пошце. І, відаць, так бы і разносіла пісьмы ды паштоўкі да пенсіі, але…

— Час тады такі быў — у камсамол усіх запісвалі, а я пабаялася ўступаць: сірата, ды і неяк усё гэта новае было, на першы погляд, падазроным, — тлумачыць жанчына. — Вось і “знялі” з пошты. Добра, смяюся, што з мужам будучым паспела пазнаёміцца. Я працавала ў аддзяленні ў Быстрымцы, а Іван пошту развозіў у Слабодку. Так і разгледзілі адзін аднаго, закахаліся, а затым і ажаніліся.

Усяго было ў жыцці: маладой нявестцы, акрамя хатніх клопатаў, трэба было даглядаць пажылых свёкра, свякроўку і сваю бабулю. А як пайшлі дзеці — двое  сыноў і дачка — увогуле рук не хапала, каб накарміць і прыбраць усю сям’ю. Але неяк выкручваліся. У цеснаце, ды не ў крыўдзе, як кажуць. Тым часам чакалі Іванавага брата-фатографа, які паехаў зарабляць грошы ў Расію: збіраўся наведацца, бацькам сюрпрыз зрабіць. А замест гэтага атрымалі тэлеграму, што памёр.

— Трэба было даваць адказ: будзем цела забіраць ці на чужбіне хаваць, — працягвае Рэгіна Ермалёнак. — Родныя, канешне ж, хацелі, каб ён быў пахаваны тут, у браслаўскай зямлі. Янка з братам везлі поездам яго цела сем дзён! Але ж па-іншаму проста не маглі.

Напэўна, каб хоць неяк пазбавіцца ад смутку і перажыванняў, жанчына зацікавілася выпечкай. “Чаруючы” ля пліты, яна настолькі захапляецца самім працэсам стварэння чарговага салодкага “шэдэўра”, каб зрабіць яго смачным і адначасова апетытным, што змрочныя думкі кудысьці знікаюць, уступаючы месца фантазіі. І сапраўды, як нейкі цуд, узнікаюць трохпавярховыя шакаладныя торты з сімпатычнымі ружовымі кветкамі, арэхавыя бісквітныя горкі, падрумяненыя ў печцы кулічы, рулеты з разнастайнымі ягаднымі начынкамі. А якія цудоўныя пірожаныя з бялёсымі сліўкамі! Гартаючы фотаздымкі з выявамі яе мучных “экспанатаў”, думаеш, што, каб сабраць усю гэту смакату ў адно месца, атрымалася б незвычайная і самая апетытная галерэя ў свеце!

— Мне прыемна, калі мае прысмакі прыйшліся даспадобы: значыць, не дарэмна ля пліты завіхалася, — кажа жанчына. — Пяку і сабе, і людзям. Хто ў вяселле просіць каравай, а каму і на пахаванне трэба дапамагчы стол наладзіць. Ніколі не адмаўляю. Ды і пачастункі для ксяндзоў, якія прыязджаюць у суседнюю Слабодку на вялікія каталіцкія святы, заўсёды нарыхтую. Нават пахвальныя граматы за свае кулінарныя заслугі ад Мінскага біскупа атрымала. А аднойчы мясцовы ксёндз Уладзіслаў прывёз столькі прадуктаў, што прыйшлося добра пастарацца. Аж 200 курыных яек! Уяўляеце, якія гэта аб’ёмы? Добра, што дачка прыехала, дык дапамагала завіхацца ля пліты. Тады мы з ёй шэсць тартоў вялізных спяклі, рулет і шмат пірожаных. Дарэчы, дачушцы не прывыкаць. Яна вучылася ў Даўгаўпілсе на кандытара. І працавала ў Рызе па спецыяльнасці, а калі Саюз разваліўся, плаціць сталі мала, перайшла ў магазін працаваць. Але і па сёння тарты ў яе заказваюць. Вельмі смачныя атрымоўваюцца.

Як ні кажы, але каб торт сапраўды атрымаўся смачным, трэба ўкласці ў яго часцінку любові і цеплыні. Ці, як мінімум, моцна гэтага жадаць. Бывае, што і інгрыдыенты тыя ж самыя, і час прыгатавання аднолькавы, але вынік не той. Між іншым, сакрэт можа хавацца ў настроі гаспадыні, яе думках, хаценнях. Менавіта ад гэтага залежыць смак любога салодкага дэсерту, упэўнена Рэгіна Станіславаўна. Мабыць, таму нават зараз, калі кухарыць прыходзіцца адной рукой, яе пачастункі не страцілі папулярнасці і па-ранейшаму па-за канкурэнцыяй з магазіннымі ласункамі.

— Не так даўно ўнуку вяселле ладзілі. Я не магла не зрабіць яму свой фірмовы салодкі падарунак. Госці як дачуліся, што ён — вясковы, спачатку думалі, што пакупны, дык у момант расхапілі, — крыху сарамліва прызнаецца 82-гадовая майстрыца. — Канешне, раней і рэцэпты збірала, і ўпрыгожванні розныя прыдумвала. Але ж з адной памочніцай-рукой не атрымоўваецца. І ўсё ж рамонкі ў формачках раблю, ды і з крэмамі спрабую эксперыментаваць. Я ўвогуле ўжо і не спадзявалася, як страціла руку, займацца выпечкай. Вельмі хвалявалася, перажывала. Але сяброўкі, як з бальніцы прыехала, не далі раскіснуць, падбадзёрылі, кажучы: “Не сумуй, Рэнечка, ты і з адной рукой яшчэ і не такімі “шэдэўрамі” з мукі здзівіш!” Ад іх слоў на душы стала лягчэй, але ў думках усё роўна колькі яшчэ разоў звярталася да таго страшнага дня…

Гэты няшчасны выпадак здарыўся шаснаццаць год таму. Рэгіна мела вадзіцельскія правы і нараўне з Іванам па сваіх справах ездзіла на новых “Жыгулях”. Бацька (так яна зараз называе мужа) толькі бензін паспяваў заліваць: то ў краму, то ў касцёл, то ў горад трэба хутка падскочыць.

— Тады я збіралася па хлеб паехаць. Іван хацеў сам крутнуцца, але я адгаварыла: мне якраз яшчэ да доктаркі трэба было падскочыць, вуха залячыць, вось і вырашыла адным разам усё зрабіць. Ён і не стаў пярэчыць, — успамінае жанчына. — Пасля крамы размінаюся з машынай, якая ішла з пагорка насустрач мне. Дарога, дарэчы, вузенькая, пясчаная. Адным словам — вясковая. А тут раптам ровар. Яго вадзіцель ці то не заўважыў перад сабой перашкоду, ці не справіўся з кіраваннем, і ў выніку з’ехаў улева. А мяне на правы бок. Ды так крутнула, што пад левым заднім колам апынулася. Шчасце, што паспела галаву падняць, а так не толькі б руку прыціснулі. Калі хлопец убачыў, што ўз’ехаў на яе, даў узад і сцер амаль усю. Хутка павезлі ў Браслаў, у лячэбніцу, а адтуль накіравалі ў сталіцу.

Жанчына вельмі перажывала. Больш за мужа і дзяцей.

«Божа, што я ў хаце скажу? — думалася ёй у той час. — Яначка, ці прымеш ты мяне такую?» Думкі толькі пра гэта і былі. Але ў бальніцы ні слязінкі не праліла. Толькі пры выпісцы сэрца сціснулася. Уявіла, як сустрэнуся з блізкімі, расхвалявалася і расплакалася.

Прайшоў час, і Рэгіна, і сям’я ўжо даўно прызвычаіліся да яе цяперашняга выгляду. Прытым не толькі вокам, але і справай. У хаце — парадак, утульнасць і чысціня. І смачна пахне з печы наварыстым баршчом. Ды і на панадворку ўсё як мае быць. А пад вокнамі і ўздоўж сцежкі красуюцца кветкі.

— Я іх вельмі люблю, — не хаваючы ўсмешкі, прызнаецца руплівая гаспадыня. — Ліліі надта даспадобы. Зімнія таксама ў мяне ў пашане. І кусты гартэнзіі няблага глядзяцца, але сёлета дажджы моцна збілі. А тут вось вінаград пасадзіла. Дык ён так распоўзся, што на вокны цень кідае. У гэтым годзе няважны ўраджай. Затое ў садзе багата. Бацька ім вельмі любіў займацца. Аднойчы, памятаю, яблыкамі была ўся зямля ўслана. Нават у Ленінград ездзіла прадаваць. Я за восень разы чатыры толькі туды з’ездзіла. Зараз ужо меней пладаносіць. Пастарэў сад, як і яго гаспадары. Але і дужы. Бо жывіцца сілай маладых пабегаў. Так і мы радуемся і маладзеем, калі ў госці прыязджаюць дзеці, унукі. Спадзяюся, дажывём і да праўнукаў. Вось хто натхняе мяне на самыя смачныя салодкія тарты!

Надежда ЯНЧЕНКО, «БН»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter