Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вакальны ансамбль беларускай песні “Лянок” з Цюмені адзначае юбілей разам са шматлікімі прыхільнікамі беларускай культуры ў Сібіры

20 гадоў у коле сяброў

Да юбілею “Лянок” падышоў у цудоўнай творчай форме: летась 13 снежня вядомаму ансамблю беларускай музыкі й песні “Лянок” было прысвоена ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў”. Пра сам гурт, яго крэатыўную кіраўніцу Клаўдзію Зуеву, якая мае родавыя карані ў найпрыгажэйшым палескім горадзе Петрыкаве на Прыпяці, мы не раз пісалі. У прыватнасці, журналістка Людміла Бакланава хораша расказвала пра Клаўдзію Міхайлаўну, яе “Лянок”, калі адзначаліся 70-я ўгодкі таленавітай беларускі (“Наша любімая” — ГР, 30.08.2017). На гэты ж раз спачатку Марыя Піскун, шчырая сяброўка нашай газеты й кіраўніца беларускай суполкі ў Цюмені, паведаміла пра юбілей “Лянка”. Потым і Людміла даслала здымкі, тэксты. Дарэчы, Марыю мы бачым на юбілейных здымках у складзе гурта-юбіляра. Мяркую, такая супраца — каштоўны досвед і для гурта, і для самой Марыі Іосіфаўны.

Ганаровы генеральны консул Беларусі ў Цюмені Уладзімір Шугля з ансамблем “Лянок” 

Хоць, калі верыць інтэрнэту, першыя “спеўкі” будучага “Лянка” прыпалі на восень 1998-га: 7 лістапада на святочным вечары чатыры пявунні выканалі некалькі беларускіх песень. Аднак цэлы ж год, можна лічыць, у гурта юбілейны. І вось 1 красавіка, напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі ды Расіі, у цюменьскім Палацы культуры “Строитель” ладзіўся юбілейны канцэрт ансамбля. Чуйных да песень, музыкі беларускай гледачоў — поўная зала. Было шмат віншаванняў, слоў прызнання, кветак і падарункаў. Прыехалі павіншаваць сяброў госці з Табольска, з райцэнтра Вікулава: у тых мясцінах па гэты час жыве шмат нашчадкаў беларусаў-самаходаў. Выступалі й запрошаныя гурты, сярод якіх і Сямейны беларускі ансамбль “Спадчына”. Сярод ганаровых гасцей — Ганаровы генеральны консул Беларусі ў Цюмені Уладзімір Шугля, намеснік старшыні Цюменьскай абласной думы Віктар Рэйн, прадстаўнікі адміністрацыі вобласці… За плённую працу на ніве Беларушчыны і “Лянок”, і Клаўдзія Зуева ўшанаваныя Ганаровымі граматамі Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Саўміна Беларусі, адзначаны падзякай Пасольства Беларусі ў Расіі. Павіншаваў калектыў і лётчык-Герой Расіі Уладзімір Шарпатаў, сябар цюменьскіх беларусаў.

На юбілейнай вечарыне згадвалі, што пасля “спевак чатырох” у лістападзе 98-га крыху пазней пры Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Беларусь” вырашылі стварыць ансамбль. І спачатку яго ўзначаліла Тамара Грыгор’ева. “Назву абралі гучную, запамінальную — “Лянок”. Дарэчы, кветкі лёну ёсць нават на гербе Рэспублікі Беларусь, гэта кветка-сімвал Беларусі”, — казала пазней журналістам Клаўдзія Зуева. Яна ж з 2002 года і згадзілася кіраваць каларытным ансамблем. А на той час выкладала музыку ў 70-й школе, дзе таксама пашырала родную ёй беларускую культуру. Таму на юбілей і выкладчыкі школы накіравалі ёй вельмі цёплае віншаванне. Яно даслана ў рэдакцыю “Голасу Радзімы” і да яго, пэўна, могуць далучыцца ўсе, хто ведае Клаўдзію Міхайлаўну. Цытуем: “На працягу ўсяго вашага культуратворчага, педагагічнага, канцэртнага лёсу вы дорыце дзецям і дарослым радасць музыкі, шчасце дотыку да чыстых крыніцам народнай культуры. Мы ўдзячныя вам за цудоўныя майстар-класы для студэнтаў і выкладчыкаў: вам удалося прывіць любоў да музыкі й народнай песні. Мы схіляемся перад вашым талентам дарыць радасць ігры на акардэоне, адкрываць ім шлях у свет творчасці й цудоўнай музыкі. Мы дзівімся вашай энергіі, уменню жыць натхнёна й проста. Радасна сустракаць кожны дзень і з усмешкай ісці на сустрэчу людзям ды ўсім “паўсядзённым задачам быцця”. Мы паважаем вас за адданасць беларускай культуры! Вы ніколі не забывалі сваю родную культуру і, вандруючы па Расіі, захавалі родную мову, родную песню, родныя традыцыі ды шчодра дарылі нам мастацтва й культуру Беларусі. Нам падабаецца вашае пазітыўнае стаўленне да свету й людзей, вашае ўменне разумець, дапамагаць і дараваць, вашае жаданне зрабіць усіх — дабрэйшымі ды лепшымі. Нам падабаецца вашая творчасць і сутворчасць з прыродай, соцыумам і культурай”. Сапраўды, вельмі хораша й душэўна!

А журналісты з Цюмені пасля канцэрта пішуць: “Безумоўна, ансамбль Зуевай захапляе! Выдатныя касцюмы, выдатныя галасы, цудоўныя песні натхняюць, цешаць вока й слых.”

Голас Радзімы № 15 (3567), субота, 21 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter