2. «У родзе Якуба Коласа ўсе былі вельмі таленавітыя»

Іван Белы, траюрадны пляменнік, – пра тое, як маці не пусціла яго босага ў Мінск на пахаванне Песняра

(Працяг. Пачатак у нумары за 9 красавіка.)

— Іван Юр’евіч, для народнага паэта ўсе дзеці былі аднолькавыя?

— Так. Ён сыпаў цукеркі ўсім, хто прыбег. А нас было, можа, сотня, а то і болей. Вось тады я і ўбачыў яго ўпершыню. Яшчэ ў школу не хадзіў. Мне было шэсць гадоў.

Другая сустрэча адбылася пазней. Не магу дакладна сказаць, які гэта быў год. Хутчэй за ўсё 1954-ты. У той час памёр яго старэйшы брат Уладзя. Ён жыў у Акінчыцах, цяпер гэта тэрыторыя Стоўбцаў. Пасля пахавання Якуб Колас прыехаў у Мікалаеўшчыну. Наколькі я помню, у той дзень яго там доўга чакалі. А ён ужо быў хворы-хворы. І вырашыў заадно наведаць родную вёску. Пабыў у сястры Міхаліны, гэта адзін канец Мікалаеўшчыны. А потым падаўся ў другі, дзе мая баба Юзя жыла. І вось я помню добра момант, як пад’ехалі дзве «Победы», на адной — Канстанцін Міхайлавіч, на другой — ахова. Аднаго ж Коласа не адпускалі ні на крок…

А тут наладзілі застолле. Прычым у хату, акрамя радні, суседзяў, набілася многа знаёмых пісьменніка па яго юнацтву. Як толькі дарослыя селі за стол, то мы, малыя, а гэта я, мае стрыечныя брат і сястра, залезлі на печ. І адтуль цікавалі, што там у хаце робіцца. Па-першае, мне запомнілася, што на стале былі свае пачастункі і прысмакі: каўбасы, сала, гуркі, грыбы. Рыбы налавілі ў Нёмане, насмажылі. І толькі адна бутэлька была з крамы, а астатнія — з самагонкай. І калі ўсе селі за стол, баба Юзя стала крамную гарэлку наліваць у шклянку Якуба Коласа. А ён, як сёння памятаю, накрыў яе сваёй пухнатай рукой і сказаў: «Не, Юзя, ты мне налі сваёй». І тая ўзяла бутэльку першачку, які зеленаватым колерам адліваўся, быў настоены на зуброўцы, і напоўніла яго шклянку. І Канстанцін Міхайлавіч колькі сядзеў за сталом, столькі патрошку-патрошку піў.

— Доўга ў той дзень сядзелі?

— Не вельмі доўга. Можа, гадзіны паўтары-дзве. Гэта было ўжо пад вечар.

І што мы, малыя, яшчэ заўважылі. З Якубам Коласам быў нейкі чалавек, які кіраваў за сталом. Пісьменнік, можа, хацеў болей пабыць у Мікалаеўшчыне, але той сказаў: «Не. Не. Нам пара». Можа, і таму не засталіся доўга, што дарога была вельмі кепская ад Мікалаеўшчыны да Стоўбцаў. Такая разбітая! Памятаю, як іншы раз мы на веласіпедах ездзілі гэтыя дванаццаць кіламетраў. О-ёй! Усё па карэннях, па калдобінах. А пасля дажджу ўвогуле гора было ездзіць…

Госці сабраліся, іх праводзілі да машын. Паехаў і Якуб Колас.

— А пра што тады гутарылі за сталом?

— Размовы былі самыя агульныя. Спрабавалі ўспамінаць маладосць. Там было не так гаворкі, колькі шуму, гоману. Кожны хацеў нешта сказаць, людзі перабівалі адзін аднаго. У мяне чамусьці склалася такое ўражанне, што больш было шуму. Прычым уся наша дзіцячая ўвага была скіравана, вядома, на дзядзьку Якуба. Мы ад яго не адрывалі вачэй.

— У той час вы ўжо ведалі, што ён знакаміты пісьменнік? Што гэта ваш родзіч?

— Вядома. Нельга было не ведаць. Прычым у школе, сярод аднагодкаў, нас не выдзялялі. Усе дзеці былі абсалютна роўныя. Што мы родзічы Коласа — гэта не падкрэслівалася. Але ў сям’і мы, канешне ж, ведалі і пра тое, што рабілася ў яго ў Мінску. Звесткі так ці інакш да нас даходзілі. Людзі ж з Мікалаеўшчыны туды ездзілі. А жанчыны наведваліся ў сталіцу разы два на год: па муку і крупы. Заязджалі і да Якуба Коласа.

Бацька быў у яго частым госцем. Чаму? Калі цялілася карова, цялушку ці бычка рэзалі, і бацька вёз прадаваць свежаніну на Камароўку. Грошы ж нейкія трэба было мець. У калгасе не плацілі нічога. Дык ён прадасць мяса і зойдзе ў госці да Коласа. Адзін раз прыязджае і прывозіць папаху, у нас яе называлі кучомкай, з каракулю, генеральскую. І смяецца. А я ўжо быў у старэйшых класах. «Ты ведаеш, ад каго гэта кучомка?» — «Ад каго?» — «Ад Кандрата Крапівы!» Аказваецца, бацька зайшоў да Кандрата Крапівы. Відаць, у яго не ўсю цяляціну забралі, і яму падказалі ў Коласа: «Заедзь і аддай астатняе Крапіве». І вось Крапіва разлічыўся грашыма, а потым аддаў яшчэ гэтую шапку. Ніхто яе, канешне, не насіў. Але яна мне вельмі запомнілася…

А калі Якуб Колас памёр 13 жніўня 1956 года, то з Мікалаеўшчыны на пахаванне ў Мінск паехалі не толькі родзічы, але цэлая дэлегацыя — тры машыны. І сельсавецкая, і калгасная, і школьная. Сабраўся і я ехаць. Ужо дзядзькі мяне пасадзілі між сабою, а тут мама выбегла, і ні ў якім разе мяне не пускае. «А чаго?» — пытаюся. «А ты босы. Ты не думаеш, што ў Мінску табе ногі адтопчуць?» А жылі мы бедна. Паколькі жнівень, то новыя чаравікі да школы купіць не паспелі. А старыя ўжо былі стаптаныя, іх выкінулі даўно. А я думаю: «Якая розніца?» Я прывык бегаць босы. Як толькі першы снег сыходзіў, мы так, без абутку, хадзілі ўсё лета. Нават да марозаў у школу тупалі босыя. Так было да таго часу, пакуль у старэйшых класах не прыйшоў новы дырэктар. Ён сабраў бацькоў і пасарамаціў: «Што хочаце рабіце, але каб дзеці абутыя ў школу хадзілі!» Канешне, правільна зрабіў…

Значыць, мне на пахаванне Якуба Коласа не было чаго абуць. Я паняцця не меў, што там, у Мінску, нейкі асфальт ляжыць. Я ж у горадзе яшчэ ніколі і не быў. І калі маці мне сказала пра асфальт, дык я капрызіў, злаваў на яе: «Ну дык што мне твой асфальт? Прайдуся і па ім!» І ўсё роўна не пусціла. Мабыць, правільна зрабіла. А мне так хацелася развітацца з Якубам Коласам! Крыўда аж душыла: «Як гэта так? Усе едуць!» Я плакаў, крыўдаваў на матулю. Абы-што гаварыў сам сабе. Аж брыдка і цяпер успомніць.

— Чаму ж усё-такі вы сталі настаўнікам?

— А іншага жыццёвага шляху для сябе я не бачыў. Хаця ў мяне былі розныя перспектывы, бо я трохі спортам займаўся. І атрымлівалася добра, і ў зборную Беларусі ўваходзіў па валейболе. І быў чэмпіёнам Мінскай вобласці па скачках у вышыню…

Калі паступаў у ВНУ, спачатку ўсе прадметы здаваў вельмі добра. І сачыненне напісаў на «пяць» і «чатыры». А на вусным экзамене адно з пытанняў было, як сёння помню, «Вобраз дзядзькі Антося ў паэме «Новая зямля». Для мяне гэта было, як пра свайго чалавека распавядаць! Пяцёрку атрымаў. Дыктоўку напісаў на чацвёрку. А калі нямецкую мову здаваў, то засыпаўся. Мы яе не вучылі ў школе, хоць выкладаў нам пляменнік Якуба Коласа. З маім бацькам яны былі дваюрадныя браты. Дык мы, дзеці, нямецкую мову не хацелі вучыць і не вучылі. Прыдумалі сабе апраўданне, якое недзе падслухалі: «Мову ворагаў вучыць не будзем!» І мне паставілі двойку пры паступленні. Паехаў у Марыўпаль, дзе пражыў два гады. Там у мяне родзічы і цяпер жывуць. І таксама вельмі добрыя перспектывы адкрыліся. Але я не змог застацца... Як успомню сваю і Коласаўскую Мікалаеўшчыну, то думаю: усё, дадому еду...

Так што з Коласам я ўсё жыццё. Часта мясцовых дзяцей, выкладчыкаў, а таксама знаёмых, якія папросяць, важу на экскурсіі на маю радзіму і пісьменніка. Калі настаўнічаў, то на ўроках шмат пра Якуба Коласа расказваў. Так ці інакш увесь час з ім сустракаюся, успамінаю…

Пішу я многа, як журналіст, але не вершы. Хоць іх і складаў калісьці, ды, мабыць, паставіў перад сабой занадта высокую планку. Проста бачыў, што, можа, і не хапае ў іх нейкай арыгінальнасці. Таму вырашыў не займацца болей вершамі.

Дарэчы, у родзе Якуба Коласа ўсе былі вельмі таленавітыя.

— Напрыклад...

— Юзік, брат пісьменніка, напамяць ведаў «Новую зямлю». Творы Кандрата Крапівы вельмі любіў, асабліва «Біблію». Помню, у 1968 годзе прысутнічаў на маім вяселлі ў Барысаве, дык зрабіў сапраўдны фурор! Так добра дэкламаваў «Новую зямлю», што госці і пра гарэлку забыліся.

Лёва, мой дзядзька, напісаў дысертацыю «Творчая гісторыя «Сымона-музыкі». Потым ён пацярпеў з-за таго, што вельмі рэзка і неабдумана смела стаў выступаць супраць таго, што беларускую мову прыцясняюць. Яго адправілі ў лагер. Як гэта атрымалася? Лёва са сваім меншым братам Міхасём пайшлі ў Мінску ў рэстаран. І ў Лёвы былі крамольныя запісы, што, маўляў, беларускай мове не даюць ходу, не даюць развівацца. У рэстаране браты гаварылі паміж сабой па-беларуску, і да іх прычапіліся нейкія п’яныя. Атрымалася заваруха. Міліцыя забрала і тых, і другіх. А калі сталі абшукваць, знайшлі ў Лёвы гэтыя запісы. Братоў судзілі. Пасадзілі. Дык вось да чаго я вяду. Калі Лёву і Мішу асудзілі, я вучыўся ў школе, пісаў і друкаваў вершыкі. І тут бабуля Юзя мне кажа: «Давай, Ванька, мы з табой напішам верш. Лёву пашлём». — «А які верш?» — «А я табе зараз скажу». І жанчына, змучаная жыццём, у якой практычна няма ніякай адукацыі, але, праўда, чытаць і пісаць яна ўмела, дае мне наступную ідэю: «Ляцеў журавель у сваім кліне. А выйшаў паляўнічы і выстраліў. І вось аднаго жураўля параніў. І ён цяпер не разам з усімі». Гэта ў яе была такая аналогія з лёсам сына Лёвы. Дык вось яна паставіла мне задачу, падказала ідэю, і мне трэба было ўжо пранікнуцца, зрыфмаваць словы. Помню, што яна вельмі высока ацаніла мой твор, і мы паслалі той верш Лёву. І калі ён вярнуўся, то распавядаў, што яго гэты ліст вельмі падтрымліваў.

А ўзяць Маню, самую малодшую сястру Якуба Коласа, якая пражыла больш за ўсіх братоў і сясцёр. Дзевяноста гадоў! Яна чаго толькі на памяць не ведала! Перад яе смерцю, а яна зламала шыйку бядра і ўжо не хадзіла, мы — я і загадчык аддзела культуры Стаўбцоўшчыны Анатоль Грэкаў, які шмат зрабіў для ўшанавання памяці Якуба Коласа, — а таксама дзядзька Сеня вынеслі бабу Маню на зэдліку на бераг Нёмана. І яна так многа нам распавядала пра Якуба Коласа…

— Цікава, а пра што?

— «А што ж вы думаеце? Колас таксама быў малады», — казала яна. Успамінала, як танцы ладзілі, і на іх Канстанцін Міхайлавіч прыходзіў са Смольні. І да дзяўчат ён хадзіў. Хаця быў не вельмі смелы ў гэтых адносінах. Па сутнасці ж, Марыя Дзмітрыеўна, яго жонка, ажаніла яго на сабе, калі яны жылі ў Пінску. Яны там працавалі настаўнікамі. І Колас вершы пісаў для Марыі Дзмітрыеўны, але ёй не паказваў. А яна малайчына была, усё разумела і практычна прымусіла яго прызнацца. «Ну што, доўга ты будзеш яшчэ гэтыя вершы хаваць?» — тады яна як бы падштурхнула, прыдала смеласці пісьменніку. І Якуб Колас прызнаўся ў каханні, яны пажаніліся.

— Калі Якуб Колас прыязджаў у Мікалаеўшчыну, то стараўся ўсіх наведаць: і братоў, і сясцёр?

— Так. Калі ў 1956 годзе ён прыехаў на Стаўбцоўшчыну за некалькі месяцаў да сваёй смерці, пабыў толькі ў Смольні і ў сястры Міхаліны. Потым хацеў ехаць да маёй бабы Юзі, але яму кепска стала. Ехаў каля месца, якое там называецца Балотца, яно — паміж Стоўбцамі і Мікалаеўшчынай. Там вельмі хораша, на ўзгорачку расце сон-трава. Я і цяпер, калі бываю там, прыпынюся. Дык тады Коласу той сон-травы накапалі, ён хацеў пасадзіць каля сваёй хаты ў Мінску. У гэтым плане ён быў чалавек вельмі сялянскі. Вельмі просты. Гаспадарлівы. У яго хаце квасілі капусту, салілі агуркі, закуплялі бульбу. І сад быў побач, дзе і яблыні, і грушы, і слівы, і розныя ягады раслі. Гэта Коласу, можа, не так трэба было для спажывы, як для вока, для памяці, для душы. А яшчэ, пакуль была печ, у яго доме дровы палілі. Якуб Колас іх любіў пілаваць.

Дарэчы, я ўжо вышэй пачынаў гаварыць пра самаробную «Зуброўку». Іншы раз, калі баба Юзя ездзіла ў Мінск на Камароўку, абавязкова да Коласа заязджала. Прывозіла яму сушаных баравічкоў і некалькі бутэлечак самаробнай «Зуброўкі». Калі яна ішла ў лес па ягады, мяне брала з сабою. Яна ўжо набярэ і вялікі кош ягад, і яшчэ ў нейкую пасудзіну, а я ўсяго літра тры назбіраю, і то мне цяжка. Бачыць, што я стаміўся, і кажа: «Ты пасядзі на мяжы, а я адыдуся, там, ведаю, расце зуброўка». Вось яна яе нарве, насушыць, а потым у бутэльку дзве-тры сцяблінкі кіне, і адразу зусім іншы водар напою. «Зуброўка» вельмі Якубу Коласу падабалася, любіў гэту настойку…

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

(Заканчэнне будзе.)

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter