15 триллионов операций в секунду: корреспондент «Рэспублікі» протестировала мощнейший в СНГ офисный суперкомпьютер

15 трыльёнаў аперацый у секунду

Адна галава — добра, дзве — лепш. А ўявіце, калі можна было б злучыць дзесяць галоў — ведаў розных людзей — у адным чалавеку. Атрымаўся б, напэўна, суперчалавек! Нашы навукоўцы з Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН распрацавалі суперкамп’ютар, які ўмее апрацоўваць аж 15 трыльёнаў аперацый у секунду, а месца займае, як звычайны сістэмны блок.

Важыць такі суперкамп’ютар 20 кілаграмаў.

Каб убачыць распрацоўку, якая ў нашай краіне ўвайшла ў топ-10 лепшых у 2017 годзе, мы заходзім у Рэспубліканскі суперкамп’ютарны цэнтр калектыўнага карыстання. Пакуль чакаем, калі Аляксандр Рымарчук, галоўны канструктар, пакажа навінку, Сяргей Круглікаў, намеснік гендырэктара iнстытута па навуковай і інавацыйнай рабоце, уводзіць у курс справы:

— Мы распрацавалі малагабарытны мабільны суперкамп’ютар для апрацоўкі вялікіх масіваў даных і рашэння задач высокадакладнага мадэлiравання і праектавання. Зрабілі пад яго і наша праграмнае забеспячэнне. Ужо ў сакавіку вопытныя экзэмпляры дадуць для правядзення папярэдніх выпрабаванняў, а затым перададзім у доследную эксплуатацыю тым прадпрыемствам і арганізацыям, якім яны рэальна неабходныя.

А пачыналася ўсё яшчэ ў 2015 годзе, калі сфарміравалася праграма Саюзнай дзяржавы «Скиф-Недра», арыентаваная на павышэнне эфектыўнасці здабычы карысных выкапняў, апрацоўкі даных сейсмаразведкі на аснове выкарыстання тэхналогій высакаскорасных вылічэнняў з дапамогай суперкамп’ютараў. 

— Падобныя тэхналогіі ёсць у Амерыцы і Вялікабрытаніі. Але каштуюць іх суперкамп’ютары значна большых грошай, а разам з праграмным забеспячэннем для разлікаў іх кошт дасягае сотні тысяч долараў! Мы стварылі імпартазамяшчальны і праграмны прадукт, і тэхнічны сродак, якія будуць таннейшыя. У СНД аналагаў такому офіснаму суперкамп’ютару проста няма, — тлумачыць Сяргей Уладзіміравіч.

Аляксандр Рымарчук: «Першыя суперкамп’ютары важылі больш за 600 кілаграмаў, былі падобныя на вялікія шафы. А зараз вунь — як звычайны сістэмны блок».

Вось, нарэшце, перад намі той самы вопытны экзэмпляр. Чакайце: падобны на просты геймерскі сістэмны блок. І гэта суперкамп’ютар?! Так. У ім 10 узаемазвязаных вылічальных вузлоў — менавіта ўвесь гэты дзясятак «галоў» адначасова, разам вырашае цяжкія задачы, працуе як адзінае цэлае. Тут і свая ўнікальная сістэма ахаладжэння, распрацаваная ў НАН: выкарыстоўваліся алюмініевыя радыятары з цеплаадводнымі трубкамі. 

— Вось, зірніце, маленькі суперкамп’ютар — з двума вузламі, — Сяргей Круглікаў паказвае блок, падобны па памерах на вялікі тоўсты падручнік. Такія, кажа, можна выкарыстаць, напрыклад, у школах і ўніверсітэтах для вырашэння тэхналагічных задач. У цэлым, можна зрабіць любую патрэбную канфігурацыю.

Дарэчы, над праграмным забеспячэннем працавалі і супрацоўнікі БНТУ, БДУ. Каб прадукт быў ідэальным, сваё меркаванне хутка выкажуць і першыя «выпрабавальнікі» — непасрэдныя заказчыкі новай тэхнікі і яе праграмных прадуктаў. Напрыклад, РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі», НДІ «Белгархімпрам», ААТ «Беларуськалій». Ім прапануюць не толькі малагабарытны офісны камп’ютар, але і ПЗ, суправаджэнне, дапрацоўку, мадэрнізацыю. 

— Працаваць ён можа 24 гадзіны ў суткі ўсе дні года. Такі рэжым працы больш выгадны ў пытанні эканоміі электраэнергіі. Дарэчы, «з'ядае», як і просты офісны камп’ютар, каля 600 Ват. Сілкуецца ад простай разеткі, — закрывае корпус камп’ютара пасля прагляду галоўны канструктар. Вось ужо зараз сапраўды здаецца простым «сістэмнікам», што пад сталом на працы стаіць. Пакуль у яго ёмістасць памяці 2,4 тэрабайта, але ў планах зрабіць 5 тэрабайт.


— Прыстаўка «супер» не таму, што ён новы, а таму, што гэтая машына можа праводзіць вылічэнні двайной дакладнасці паралельнымі алгарытмамі. Нават працэсары, якія вы бачылі, не простыя, а спецыялізаваныя. Графічныя паскаральнікі тут таксама вельмі добрыя, — Сяргей Круглікаў дэманстуре, як працуе камп’ютар.

— Мабыць, на гэтым камп'ютары можна добранька памайніць? — загарэлася я.

— У цэлым, так, можна паспрабаваць. Для майнінга — магчыма добрая рэч, але ўсё ж такі, калі ўсё распрацоўвалася, на гэта мы не арыентаваліся, — смяецца Сяргей Круглікаў. — Мы, дарэчы, правяралі выдалена працу камп’ютара: з Пекіна, Вены, Франкфурта-на-Майне. Падключаліся праз проcты Wi-Fi, напрыклад, у аэрапорце, да рэсурсу, серверу. Ставілі задачу і атрымлівалі добры вынік. 

А дома праводзілі сур'ёзныя разлікі. Напрыклад, задача па мадэлiраванні. Калі добрая сучасная вылічальная тэхніка вырашала яе 48 гадзін, то суперкамп’ютар гэта зрабіў за 8 хвілін. Хутка! Вядома, многае залежыць ад самой задачы — якая яна. Што цікава, у інстытуце прапануюць і такі варыянт: не абавязкова купляць суперкамп’ютар у офіс. Для рашэння задач можна атрымаць сертыфікат доступу да спецыяльнага рэсурсу і выдалена вырашаць свае пытанні праз вопытны экзэмпляр суперкамп'ютара для цэнтра апрацоўкі даных. Ён знаходзіцца тут, у iнстытуце. Плануецца, што яго прадукцыйнасць складзе не менш за 150 Тфлопс! Можна будзе з ім працаваць хоць з Каліфорніі, жартуюць навукоўцы. 

Манітор уключыўся, і навукоўцы прапануюць паглядзець, як адбываецца рашэнне задачы. На экране відаць, як мадэлiруецца сітуацыя праходчаскага камбайна з пэўнымі параметрамі. Тут жа мадэлiруецца працэс разбурэння пароды і разцоў, а далей вырашаецца задача аптымізацыі і выдачы неабходных рэкамендацый інжынерам, якія эксплуатуюць дадзеную тэхніку.

— Цяпер мы працуем над новай сістэмай прагназавання абвальвання парод у шахце. Калі наша ПЗ за пяць хвілін прадкажа хуткае абвальванне пароды, то можна будзе выратаваць людзей у выпадку надзвычайнай сітуацыі, — рэзюмуе Сяргей Круглікаў. А я напрыканцы пытаюся: калі можна будзе купіць такі офісны суперкамп’ютар?

— Масавай вытворчасці не будзе. Гэта ж не простая вылічальная тэхніка. Нельга сказаць «Суперкамп’ютар у кожны дом!», — смяецца Сяргей Уладзіміравіч. — Простаму чалавеку ён хутчэй за ўсё не патрэбны. Колькі будзе каштаваць? Камерцыйным пытаннем зоймемся пазней. Але хочам прапаноўваць не толькі «жалеза», але і цэлы праграмна-апаратны комплекс. Думаем, гэта будзе магчыма ўжо ў верасні, калі скончацца ўсе выпрабаванні.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter