1000 гадоў разам

У Літве адзначаюць дзень нараджэння краіны — з беларускім акцэнтам...Тысячу гадоў таму “на памежжы Русі і Літвы” быў забіты адзін з каталіцкіх прапаведнікаў, які імкнуўся ахрысціць язычніцкія народы Усходняй Еўропы. Трагічнае здарэнне зафіксавала адна з нямецкіх хронік. Гісторыкі кажуць, што падзея адбылася, відаць, дзесьці на тэрыторыі сучаснай Гродзеншчыны. Для нашых суседзяў літоўцаў гэта асаблівая дата: у 1009 годзе ўпершыню ў гісторыі была згадана назва іх бацькаўшчыны. Учора ў Вільнюсе пачаліся ўрачыстасці з нагоды 1000-годдзя Літвы. Нашу краіну на свяце прадстаўляюць тысячы турыстаў. У панядзелак з віншаваннямі да суседзяў адправіўся асабіста міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

6 ліпеня — яшчэ Дзень дзяржавы, або каранацыі Міндоўга. Гэта гістарычная дата паклала пачатак больш чым 500-гадовай сумеснай гісторыі беларускага і літоўскага народаў у рамках адзінай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага, адзначаюць у Міністэрстве культуры Беларусі.
Вільнюс сёлета аб’яўлены культурнай сталіцай Еўропы. Згадайма таксама, што з XIV да пачатку ХХ стагоддзя горад быў і культурнай сталіцай Беларусі: тут выдаў свае першыя кнігі Францішак Скарына, пабачыла свет першая газета на нашай мове, у якой апублікавалі свае першыя творы Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк. Тут былі заснаваны першыя беларускія школа, музей.
Таму невыпадкова менавіта міністр культуры прадстаўляе Беларусь на ўрачыстасцях у Вільнюсе. Як адзначыў Павел Латушка, “прымаючы да ўвагі агульную гістарычную спадчыну беларускага і літоўскага народаў у агульнаеўрапейскім кантэксце, добрасуседскія адносіны, якія склаліся паміж дзвюма краінамі, у Міністэрстве культуры Беларусі лічаць важным наданне новага імпульсу ў развіцці беларуска-літоўскага супрацоўніцтва ў галіне культуры”.
У рамках візіту Паўла Латушкі запланавана яго сустрэча з літоўскім калегам Рэмігіюсам Вілкайцісам.
Кульмінацыяй 1000-годдзя Літвы стала адкрыццё адноўленага Палаца валадароў — рэзідэнцыі вялікіх князёў літоўскіх на Кафедральнай плошчы Вільнюса. Менавіта тут адбывалася самая рамантычная дзея айчыннай гісторыі XVI стагоддзя: у залах палаца таемна ладзілі спатканні двое закаханых — Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгуст. Вядома ж, вы чулі пра іх раман. Гэтымі днямі з добрымі суседзямі літоўцамі ў нас ёсць не адна нагода згадаць пра тое, што нас аб’ядноўвае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter