«100 песень для Беларусі...»

У СВЯТОЧНЫМ канцэрце прагучаць народныя песнi ў сучаснай апрацоўцы з усіх куткоў нашай краіны. Соты выпуск праграмы «Наперад у мінулае» стане юбілейным канцэртам... На працягу двух гадоў здымачная група шукала народныя песні па ўсёй рэспубліцы і надавала ім новае гучанне. У праграме беларускія зоркі і маладыя артысты эстрады выконвалі народныя песні ў сучаснай аранжыроўцы. Падчас вялікага канцэрта «100 песень для Беларусі. Наперад у мінулае», які мы ўбачым у святочным эфіры 31 снежня, выкананы лепшыя музычныя кампазіцыі. Мы пабачым беларускія абрады, звязаныя са святкаваннем Ражства і Новага года... Да «гаспадароў», песенных калектываў з глыбінкі, завітаюць «госці»: Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Іна Афанасьева і Ірына Дарафеева, Гюнеш і Аляксей Хлястоў, Саша Нема і Вольга Плотнікава, група «Дразды» і многія іншыя. «Зоркі» выканаюць старыя песні на новы лад і атрымаюць сімвалічныя падарункі. Акрамя таго, прагучаць дуэтныя кампазіцыі ў выкананні фальклорных калектываў і прафесійных спевакоў. Вядучыя канцэрта — Аксана Вечар і Юрый Вашчук.

У ноч на Новы год аўтары праграмы «Наперад у мінулае» («Беларусь 3») сумесна з Маладзёжным тэатрам эстрады прэзентуюць унікальны праект

У СВЯТОЧНЫМ канцэрце прагучаць народныя песнi ў сучаснай апрацоўцы з усіх куткоў нашай краіны. Соты выпуск праграмы «Наперад у мінулае» стане юбілейным канцэртам... На працягу двух гадоў здымачная група шукала народныя песні па ўсёй рэспубліцы і надавала ім новае гучанне. У праграме беларускія зоркі і маладыя артысты эстрады выконвалі народныя песні ў сучаснай аранжыроўцы. Падчас вялікага канцэрта «100 песень для Беларусі. Наперад у мінулае», які мы ўбачым у святочным эфіры 31 снежня, выкананы лепшыя музычныя кампазіцыі. Мы пабачым беларускія абрады, звязаныя са святкаваннем Ражства і Новага года... Да «гаспадароў», песенных калектываў з глыбінкі, завітаюць «госці»: Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Іна Афанасьева і Ірына Дарафеева, Гюнеш і Аляксей Хлястоў, Саша Нема і Вольга Плотнікава, група «Дразды» і многія іншыя. «Зоркі» выканаюць старыя песні на новы лад і атрымаюць сімвалічныя падарункі. Акрамя таго, прагучаць дуэтныя кампазіцыі ў выкананні фальклорных калектываў і прафесійных спевакоў. Вядучыя канцэрта — Аксана Вечар і Юрый Вашчук.

— Навагодняя ноч будзе складацца з дзвюх частак. У першай, скажам так, выступяць маладзейшыя артысты, у другой — больш «мэтраватыя». Не магу сказаць, што прагучаць лепшыя песні з праекта «Наперад у мінулае», проста яны больш адпавядаюць дадзенай пары года. Прагучыць якраз тая самая сотая песня, якую мы доўга шукалі. І мне здаецца, што гэтая песня вельмі ўдалая. І Юра Вашчук зрабіў добрую аранжыроўку, — распавёў падчас здымак Анатоль Вечар, рэжысёр праекта «Наперад у мінулае». — У першы раз мы паехалі ў экспедыцыю ў вёску Маршалкі Валожынскага раёна. Цудоўная вёска, цудоўныя жанчынкі. Усім было проста цікава працаваць над праектам. І мы не ведалі, ці будзе эфір. А ў выніку праграма «Наперад у мінулае» аказалася той «фішкай», якой няма ні на адным канале.

— Прыемна, што на «Беларусь 3» выходзіць гэтая праграма, якая аб’ядноўвае дзве плыні: мінулае і сучаснае. Для мяне, як для аднаго з кіраўнікоў канала і чалавека, з фальклорнай спецыялізацыяй, вельмі прыемна, што песні, якія назапашваліся стагоддзямі, не прападаюць дарэмна… У канцы 2013 года праграма «Наперад у мінулае» падарыла Беларусі 100 песень мінулага, якія спеты па-сучаснаму… Лічу, што гэта падзея для краіны, таму што праект даў беларускай эстрадзе, нашым артыстам 100 аранжыровак. Такія праграмы, безумоўна, трэба падтрымліваць. І падтрымліваць тых, хто іх стварае, — лічыць намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала «Беларусь 3» Сяргей Макарэй.

— Смела магу сказаць, што праект ««Наперад у мінулае» болей чым удалы. Калі мне аднойчы патэлефанаваў Анатоль Вечар і сцісла расказаў пра ідэю праекта, я не казаў яму, што дам адказ праз пяць хвілін ці праз гадзіну, ці, маўляў, падумаю. А адразу адказаў: «Так! Згодны». Мне было цікава паспрабаваць… Усё чакаў першых здымак, каб паглядзець, у што гэта выльецца. І першыя праграмы мы паехалі здымаць на грамадскіх пачатках… Як правіла, спачатку зоркі, якіх запрашаюць у праграму, адносяцца да яе скептычна. Але потым кажуць: «Дык гэта ж хіт!» — дзеліцца Юрый Вашчук.

— Наша перадача набывае статус складанак і зборніка песень. У камандзіроўках бабулі нам гавораць: мы слухаем песні ў эфіры і на слых хуценька іх запісваем. Развучваем. Яны, можа, слова не так дачуюць, то самі прыдумаюць. І вось ствараецца нейкая новая песня, — падхоплівае Аксана Вечар.

Між іншым, адкрыем сакрэт і скажам, што ў навагоднім канцэрце прымуць удзел два любанскіх калектыва — «Глыбокія крыніцы» з вёскі Закальное і «Журавушка» з вёскі Ямінск — і «Гуляначка» з вёскі Путчына Дзяржынскага раёна, якія падрыхтавалі свае сюрпрызы.

— Як трапілі ў праект? Па-першае, Любаншчына — гэта некрануты край фальклору. Здавалася, адзін раён, але песенная манера адрозніваецца на Любаншчыне. Вёска Ямінск — адна манера выканання, больш прыбліжаная да Палесся, Обчын — другая, Закальное — трэцяя. На Любаншчыне настолькі багаты рэпертуар! У вёсках выконваюць і каляндарна-абрадавыя, і аўтарскія, і іншыя песні…

У «Наперад у мінулае» запісалі дванаццаць нашых творчых калектываў. А чатырнаццаць нашых песень перапрацавалі на сучасны лад. І адна з іх — тая самая сотая. Гэта — «Талака», якую выконвае сямейны калектыў «Карані» з вёскі Атраднае. Песня глыбінна народная, адлюстроўвае характар беларусаў. І гэты прынцып талакі для беларусаў вельмі адметны, і нават сімвалічны, паколькі і перадача «Наперад у мінулае» робіцца талакой, — кажа начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. — Між іншым, у нас тры калектывы маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці… «Наперад у мінулае» — цудоўны праект. Бо ў нас вельмі мала перадач пра традыцыйную культуру.

Калі на Любаншчыну кожны раз прыязджае здымачная брыгада — гэта падзея для мясцовых людзей. Асабліва для бабулек. Яны нават душой маладзеюць. Увогуле на Любаншчыну любяць ездзіць розныя тэлеканалы. Каля 20 перадач у год запісваем…

Алена Хадароўская — кіраўнік аўтэнтычнага фальклорнага гурту «Журавушка» з Любанскага раёна прыехала разам са сваімі артысткамі на здымкі навагодняга канцэрта. Яна — самая маладзейшая ў калектыве. У іх рэпертуары песні розныя, але самы вялікі пласт — гасцявыя.

— У святочным эфіры «Журавушка» будзе спяваць «Зайшло сонца за ваконца» і «Каваля» разам з Вікторыяй Алешка. Візітка нашага калектыву — «Пайшла Ганна жыта жаць…», — дзеліцца Алена Хадароўская. — Праект «Наперад у мінулае» вельмі падабаецца. Спадабалася нашым вясковым артысткам, што іх песню «Каваль» у праграме ніхто не сапсаваў. Добра яе выканалі…

Узрост удзельніц «Журавушкі»  розны. Самай старэйшай Зінаідзе Раманчук — 76 гадоў. Зінаіда Іванаўна ўсміхаецца: «Ужо няма канца і краю, колькі мы спяваем. Як была маладая, дзе ішла, там і спявала. Так любіла і хацела на артыстку паступіць. А брат мой сказаў: «Не трэба ісці на артыстку». І я паслухала. Пайшла ў калгас на працу. Дык вось усё роўна спяваю з людзьмі. А жыву ў канцы сяла, і калі тэлевізіёншчыкі прыязджаюць, у мяне праводзяць рэпетыцыі».

Калектыў «Глыбокія крыніцы» вёскі Закальное Любанскага раёна, якім кіруе Надзея Мірэйчык, таксама не ўпершыню трапіў у аб’ектывы тэлекамер: «Мы і ў Літве пабывалі, там лаўрэатамі сталі… І на іншых конкурсах. Здымаемся не першы раз. Пятнаццаць з паловай гадоў назад нас здымалі ў праекце «Запрашаем на вячоркі». А нашы бабулькі спяваюць з самага маленства. Гурту больш за 75 гадоў! Проста раней калектыў па-другому называўся — хор калгаса «Будаўнік». І першы яго кіраўнік — Анастасія Кульбіцкая…

«Наперад у мінулае» — праект вельмі добры. Справа ў тым, што моладзь сёння цяжка зацягнуць у клуб, каб яна спявала, пераймала спевы ад бабулек. А так нехта па тэлебачанні нас убачыць, глядзіш, ужо ахвота з’явіцца прыйсці ў клуб… Перадачу глядзім, праект вельмі цікавы сам па сабе. Трэба, каб «Наперад у мінулае» і далей ішоў і ішоў па тэлебачанні. Таму што ў нас шмат яшчэ калектываў, якія ніхто не чуў, не бачыў. Яны вядомыя толькі ў сваім асяроддзі. Іх трэба паказваць».

Дарэчы, «Гуляначка» з Дзяржынскага раёна, якім кіруе Таццяна Карсакова, на святочным канцэрце на Новы год выканае прыпеўкі, якія напісалі менавіта для праекта, для яго калектыву і кіраўніцтва. Разам з Аляксеем Хлястовым зацягне «Пастой, дзеўка, куды йдзеш». «Аляксей Хлястоў прыязджаў да нас разам з групай «Наперад у мінулае». Цікава было з ім: пагаварылі, пачаставалі. Казаў, што яшчэ прыедзе, — завяршае размову Таццяна Карсакова. — А праграме «Наперад у мінулае» жадаем: «Соты выпуск той праграмы ўжо выйшаў на экраны. Ну а мы жадаем вам яшчэ тысячу праграм!»

Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter