100 мільёнаў «знайшлі» гаспадара!

ІНТРЫГА правядзення сёлетніх вясенне-палявых работ у Глыбоцкім раёне заключалася ў тым, што гаспадарка, якая выканае іх ў аптымальныя тэрміны і з належнай якасцю, атрымае прэмію ў 100 мільёнаў рублёў. На яе прэтэндавала амаль палова гаспадарак, але дастаўся ж галоўны прыз хлебаробам КУП(СГ)П «Яблынька».

У Глыбоцкім раёне падвялі вынікі пасяўной

ІНТРЫГА правядзення сёлетніх вясенне-палявых работ у Глыбоцкім раёне заключалася ў тым, што гаспадарка, якая выканае іх ў аптымальныя тэрміны і з належнай якасцю, атрымае прэмію ў 100 мільёнаў рублёў. На яе прэтэндавала амаль палова гаспадарак, але дастаўся ж галоўны прыз хлебаробам КУП(СГ)П «Яблынька».

— Такую салідную прэмію атрымаць, канечне, хацелася, — прызнаўся дырэктар унітарнага прадпрыемства Віктар Гінько, — але не разлічвалі. Думалі ў першую чаргу пра тое, як хутчэй управіцца, бо на нашых лёгкіх глебах упусціш час, а з ім — і ўраджай. Адсеяліся за 12 дзён, да 30 красавіка.

Сертыфікат на 100 мільёнаў рублёў уручыў гаспадарцы старшыня райвыканкама Алег Морхат у суботу, 1 чэрвеня, на раённым свяце «Скончыў работу — гуляй у ахвоту».

Праводзілася яно ў вёсцы Патупы ўпершыню за пару дзясяткаў год, як ў добрыя савецкія часы, калі з’яўлялася невялічкая «аддушына» паміж пасяўной і пачаткам касавіцы. Галоўнымі героямі свята сталі перадавікі вясенне-палявой кампаніі. На падрыхтоўцы глебы не было роўных Анатолю Катлёнку з сельгасфіліяла «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат», на ўнясенні арганікі — Васілю Рудаку з сельгасфіліяла «Стрынадкі», на сяўбе — Віктару Дзямідку з сельгасфіліяла «За Радзіму». Усяго каля сотні чалавек атрымалі Падзякі раённага выканаўчага камітэта, грашовыя прэміі, падарункі.

Свята прыдало настрою хлебаробам на правядзенне на высокім узроўні наступных кампаній: у панядзелак у раёне пачалася масавая нарыхтоўка кармоў, а там не за гарамі і жніво.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

НА ЗДЫМКУ: дырэктар КУП(СГ)П «Яблынька» Віктар ГІНЬКО з сертыфікатам на 100 мільёнаў рублёў.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter