10 педагогов отправятся преподавать в глубинку

Цалкам жыццё напалову

Педагогаў-пераможцаў праекта «Настаўнік для Беларусі» з новага навучальнага года адправяцца ў сельскія школы

У дадатак да заробку атрымаюць штомесячную стыпендыю ў памеры 250 рублёў, ім цалкам кампенсуюць жыллё, забяспечаць ноўтбукамі. Удзельнікі на працягу месяца праходзілі школу «Летні інтэнсіў» і апрабавалі методыкі класічнай і нефармальнай педагогікі на цяжкіх падлетках з Барысава.

Абавязковая ўмова праграмы — пераезд у сельскую мясцовасць. Маглі падаваць заяўкі педагогі, якія ўжо працуюць у сельскіх школах, але жадаюць узбагаціцца новымі інструментамі.



Напрыклад, дзве поўныя цёзкі Наталлі Цецярук новую праграму будуць прапагандаваць у аграгарадку Павіцце на Брэстчыне, дзе ўжо маюць салідны стаж. Але ёсць і тыя, хто цалкам памянялі сваё жыццё і з аднаго рэгіёна пераехалі ў іншы. Так, Людміла Адамовіч з Віцебшчыны і Васіль Дэмбіцкі з Пінска будуць настаўнічаць у аграгарадку Ляды на Міншчыне. Алена Аляхно з Бабруйска, скончыўшы завочна філфак Белдзяржуніверсітэта, зразумела, што ў жыцці трэба нешта мяняць. І на старонцы свайго выкладчыка ў сацыяльным сеціве знайшла заклік да ўдзелу, маўляў, маладыя і актыўныя — аб’ядноўвайцеся. Яшчэ да аб’явы дзяўчына вырашыла, што хоча сеяць разумнае, добрае, вечнае менавіта ў вёсцы, таму прапановы праекта ёй аказаліся акурат дарэчы. Алена паспяхова прайшла ўсе этапы і адправіцца ў аграгарадок Негарэлае, што на Міншчыне.

Ахвотна бралі ўдзел у праекце маладыя настаўнікі, якія сёлета атрымалі педагагічную спецыяльнасць і не супраць размеркавацца ў сельскія школы. Так, Ала Галубковіч скончыла гістфак Белдзяржуніверсітэта, напачатку хацела накіравацца ў Лагойск, але выйграла ў праекце — і планы памяняліся. З сярэдзіны жніўня паедзе расціць дзяцей будучыні ў гімназію Дзяржынска.

Новыя педагагічныя тэндэнцыі настаўнікі спасцігалі ў лагеры «Летні інтэнсіў». Многа ўражанняў выклікала гуманная педагогіка Яўгена Ісачэнкі. Прыходзіш у клас — захапляйся дзецьмі, вучылі на занятках. Але самае цікавае на летніку, як заўважаюць бадай усе ўдзельнікі, — арганізацыя лагера, дзе сабраліся «цяжкія» вучні сярэдняга і старэйшага звяна.

— Напачатку знайсці з імі кантакт было складана, дзеці кантрастныя — вясковыя, гарадскія, актыўныя, пасіўныя… А ўрэшце яны так здружыліся і выдалі шыкоўныя вынікі — за 40 хвілін падрыхтавалі справаздачны канцэрт, экспромтам перадавалі ўласныя ўражанні ад лагера. Залатое правіла групавой дынамікі, якому нас навучыў выкладчык Дзяніс Іскарцаў, — адпусці каманду і дай ёй паказаць сябе, — на свае вочы пераканалася ў гэтым удзельніца праекта Алена Аляхно.

— Калі мы ад’язджалі, дзеці плакалі, казалі, што гэта найлепшы час у іх жыцці. Запрашалі застацца на Барысаўшчыне. Асабіста мяне такія моманты вельмі кранаюць, — перадае пачуцці Лілія Астаповіч, намеснік старшыні праўлення БПС-Банка, гэта фінансавая ўстанова стала асноўным ініцыятарам гэтага праекта.

Тэма лагера — кіты ХХI стагоддзя, а гэта крэатыўнасць, камунікацыя, крытычнае мысленне, калабарацыя (уменне працаваць у групах). У аснове канцэпцыя новай адукацыі, дзе настаўнік — першапачатковае звяно. Нездарма надзейны партнёр праекта — Міністэрства адукацыі, якое не менш за банк зацікаўлена матываваць педагога, павысіць прэстыж і ўзровень сельскай школы. Настаўнік цяпер не столькі крыніца інфармацыі, ён матыватар. Гэтыя перакананні часта агучвалі госці святочнага канцэрта.

Праект «Настаўнік для Беларусі» разлічаны на два гады. Арганізатары лічаць гэты перыяд дастатковым для таго, каб выйсці на арбіту, убачыць новыя перспектывы, навучыцца развіццю без рамак і шаблонаў, а кожнага вучня цаніць такім, які ён ёсць. Але на гэтым ініцыятары кропку не паставяць.

— Год таму, калі ідэя толькі зараджалася, і ўявіць сабе не маглі, што з гэтага атрымаецца рэзананс. Прыемна, што абрастаем партнёрамі, з намі цяпер кампанія «21 век», яна выдзеліла ноўтбукі. У планах праект максімальна маштабіраваць, наладзіць кантакты з большай колькасцю сельскіх школ, якія б з радасцю прымалі нашых настаўнікаў. Арганізуем вучобу для дырэктараў гэтых школ, павялічым колькасць удзельнікаў. Думаем нават у рамках праекта даць магчымасць паралельна з асноўнай працай усім жадаючым атрымліваць педагагічную адукацыю. Урэшце, ісціна неаспрэчная: трансфармацыя грамадства залежыць ад трансфармацыі адукацыі, — расстаўляюць акцэнты арганізатары.

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter