1.«Усё на свеце даецца работай, цяжка. Але раз ты папрасіў...»

У ЦЫКЛЕ «Пісьменнік вачыма нашчадкаў» мы працягваем распавядаць пра знакамітых літаратараў. Нашымі героямі ўжо былі родныя Максіма Танка, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Васіля Быкава. Мы даведаліся ад дзяцей, пляменнікаў, унукаў, сёстраў вядомых беларускіх пісьменнікаў, якімі яны былі ў сям’і, пра іх стасункі са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі, а таксама пра характары, аб тым, што любілі, з кім сябравалі класікі, і як склаліся лёсы іх блізкіх людзей. Чарговая наша сустрэча — з Іванам БЕЛЫМ, які жыве ў Барысаве. Ён — траюрадны пляменнік нашага класіка Якуба Коласа, унук Юзі — сястры пісьменніка. Іван Юр’евіч кажа пра сябе так: «Розныя завочныя сустрэчы з Якубам Коласам у мяне былі ўсё маё жыццё. Па яго прыкладу, як Лабановіч, я выбраў сабе прафесію настаўніка. Пасля БДУ прыехаў у Барысаў і ўсё жыццё жыву тут. Выкладаў беларускую мову і літаратуру. Быў завучам, але ў асноўным дырэктарам. Спачатку ў школе-інтэрнаце, а потым у звычайнай школе. Там працаваў да зыходу на пенсію. З 1996 года я і мае былыя вучні выдаём сваімі сіламі рэгіянальную краязнаўчую газету на беларускай мове «Гоман Барысаўшчыны»…

Іван Белы – пра тое, якім шчодрым чалавекам быў Якуб Колас, колькі дапамагаў ён родным, чужым людзям

У ЦЫКЛЕ «Пісьменнік вачыма нашчадкаў» мы працягваем распавядаць пра знакамітых літаратараў. Нашымі героямі ўжо былі родныя Максіма Танка, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Васіля Быкава. Мы даведаліся ад дзяцей, пляменнікаў, унукаў, сёстраў вядомых беларускіх пісьменнікаў, якімі яны былі ў сям’і, пра іх стасункі са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі, а таксама пра характары, аб тым, што любілі, з кім сябравалі класікі, і як склаліся лёсы іх блізкіх людзей. Чарговая наша сустрэча — з Іванам БЕЛЫМ, які жыве ў Барысаве. Ён — траюрадны пляменнік нашага класіка Якуба Коласа, унук Юзі — сястры пісьменніка. Іван Юр’евіч кажа пра сябе так: «Розныя завочныя сустрэчы з Якубам Коласам у мяне былі ўсё маё жыццё. Па яго прыкладу, як Лабановіч, я выбраў сабе прафесію настаўніка. Пасля БДУ прыехаў у Барысаў і ўсё жыццё жыву тут. Выкладаў беларускую мову і літаратуру. Быў завучам, але ў асноўным дырэктарам. Спачатку ў школе-інтэрнаце, а потым у звычайнай школе. Там працаваў да зыходу на пенсію. З 1996 года я і мае былыя вучні выдаём сваімі сіламі рэгіянальную краязнаўчую газету на беларускай мове «Гоман Барысаўшчыны»…

— Іван Юр’евіч, як склаўся лёс Юзі — вашай бабулі і сястры Якуба Коласа?

— Калі сям’я Коласа з Ластка пераехала ў Альбуць, то Юзя першай там і нарадзілася. А ўзяў яе замуж Міхась Казіміравіч Белы — мой дзед. І калі ў сям’і бацькоў Коласа да сталага ўзросту выгадавалася дзевяць дзяцей, то ў маёй бабулі Юзі — дзесяць. Невядомы толькі лёс самага старэйшага сына — Сашы. Я яго не памятаю, бо ён яшчэ пры паляках, а Мікалаеўшчына да 1939 года адносілася да Польшчы, як і многія хлопцы, пад уплывам савецкай прапаганды перайшоў граніцу — з Польшчы ў Савецкі Саюз. І з таго часу пра яго няма ніякіх звестак.

Акрамя Сашы, у бабулі яшчэ былі Вольга, Маня, Лена, Коля, Юрка — мой бацька. А таксама Лёва, Сеня, Міша, Валодзя. У майго бацькі было чацвёра дзяцей. А ў мяне ўжо толькі двое…

Як склаўся лёс бабулі Юзі? Яна пражыла 73 гады. Нарадзілася ў 1891-м, а ў 1964-м памерла. Жыла заўсёды толькі ў Мікалаеўшчыне. Лічу, што вельмі цяжкая ў яе была доля, няўдала склаўся лёс. Бо мой дзед любіў залішне выпіць. Меў вельмі цяжкі характар. А яшчэ падчас Першай сусветнай вайны яго пакалечыла. І ў бабулі ўвесь клопат быў пра дзяцей: падняць іх на ногі, вывучыць.

Помню, як пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі малых не было чым карміць, яна брала таптуху, клікала сваю сяброўку Грышчыху і ішла з ёй да Нёмана. Наловяць рыбы, насмажаць. Вось гэта была вячэра ці абед для сям’і. А потым зноў думала, чым жа ў наступны раз дзяцей накарміць.

І вось да чаго я вяду. Якуб Колас добра дапамагаў родным. Асабліва пасля вайны, калі ўжо ўстанавілася сувязь з сям’ёй, якая абарвалася з 1921 года, пасля падпісання Рыжскай дамовы. Атрымалася так, што Колас жыў у Мінску, у Савецкім Саюзе, а мы ж былі пад Польшчай.

Дык вось, пасля вайны Колас дапамагаў усім сваім братам і сёстрам. Да таго часу памёр толькі яго брат Алесь, які жыў у Расіі, у Белгародскай вобласці. А ўсе астатнія былі жывыя і жылі на Стаўбцоўшчыне. Толькі самы малодшы, Міхась, пабаяўся, што яго пакараюць, бо ён пры немцах быў настаўнікам. Яго сталі палохаць: «Табе Саветы не даруюць!» І ён адышоў на Захад. Пажыў трохі ў Чэхіі, Германіі, а потым з’ехаў у Амерыку. Там і памёр. Яго псеўданім — Антось Галіна, ён быў друкаром, выдаваў газету «Белая Русь», пісаў апавяданні. Міхась стаў дасылаць лісты на Мікалаеўшчыну, калі наш знакаміты родзіч ужо памёр. І брат з-за мяжы ўжо ніяк не мог кінуць цень на Якуба Коласа. Тыя лісты захаваліся, Міхась пісаў іх розным людзям: сястры Міхаліне, пляменніцы Лене — сястры майго бацькі, ці Юзінай дачцэ. Я чытаў некаторыя з тых пасланняў. Міхась пра сябе распавядаў, пра сваё жыццё. Апошнія гады ён працаваў царкоўным старастам на ўскраіне Нью-Ёрка. Там і пахаваны. Сям’і ў яго не было.

— Чым жа Якуб Колас дапамагаў?

— Проста грошы дасылаў. А ўжо пасля яго смерці былі аформлены дадатковыя пенсіі ўсім братам і сёстрам. Праўда, пенсіі тыя былі невялічкія, і родныя Якуба Коласа не доўга імі карысталіся.

Дарэчы, у Мікалаеўшчыне жыве многа людзей з прозвішчам Міцкевіч. У вёсцы яго носяць сем’і, якія маюць, каб іх адрозніваць, аж 28 мянушак! І здаўна ў нас ёсць родавыя мянушкі. Наша вясковая мянушка, Белых, была Зімкі. А астатнія, той жа Юзік, брат Якуба Коласа, — гэта ўжо Альбуцкія. Паколькі яны нарадзіліся ў Альбуці, таму за імі замацавалася такая назва.

І вось я назіраў, што ў адносінах сярод родных Якуба Коласа была нейкая напружанасць у такім плане: маўляў, пісьменнік Альбуцкім больш дапамагае (смяецца). Гэта я вельмі добра памятаю. Чуў малым такія размовы: «А, вось Колас прыслаў нам столькі грошай, а людзі казалі, што Альбуцкім, таму ж Юзіку, альбо Міхаліне, куды болей». Наколькі яно было праўда, хто яго ведае. Але такая зайздрасць між сабою была.

Помню, дзядзька Юзік прыходзіў гуляць да майго дзеда ў карты, другі раз і распачыналіся такія спрэчкі з-за грошай: «Табе болей Колас дапамог!» А той у адказ: «Дзе болей?»

Вядома, што Якуб Колас дапамагаў не толькі родным, але і чужым людзям. Напрыклад, у кагосьці карова прапала — ён даваў грошы. Такіх фактаў вядома шмат.

А вось што ніхто не ведае: Канстанцін Міхайлавіч дапамог і майму бацьку. Апошні вярнуўся дадому з вайны ў пачатку 1945 года, стаў будавацца па суседству з дзедавай хатай і даслаў Якубу Коласу пісьмо, у якім папрасіў грошай. І знакаміты родзіч даслаў зваротны ліст, які я доўга-доўга хаваў. Калі яшчэ студэнтам быў, паказваў сваім аднакурснікам. А потым не ведаю, куды той ліст знік.

Амаль на памяць яго ведаю. Якуб Колас пісаў: «Дарагі Юрка! Многія лічаць, што я — «залаты мяшок». Ты так не думай. Усё на свеце даецца работай, цяжка. І вось ты, паколькі ў цябе няма такой адукацыі, цяпер старайся сваімі рукамі здабываць гэтыя грошы. Але раз ты папрасіў, то я табе на гэты раз дасылаю 120 рублёў». А на той час, дзесьці ў 1946—47 гады, гэта былі добрыя грошы…

Аднойчы я з братам Юркам, з якім разам вучыліся на філфаку БДУ і які цяпер жыве на Стаўбцоўшчыне, пайшлі дамоў да Якуба Коласа, хоць таго ўжо не было. Жыла ў яго доме радня — сястра Канстанціна Міхайлавіча Лена і яго сыны Даніла і Міхась. Пайшлі ў госці, бо проста хацелася есці (смяецца). А зрабілі выгляд, што як бы кніжак узяць пачытаць. Памятаю, я для прыліку ўзяў Жуль Верна. Ну, думалі, здагадаюцца нас пакарміць. І мы не памыліліся. Пакармілі. І добра. Таму дапамога была заўжды.

— Гэта па Коласаўскай традыцыі: хто прыйшоў у дом, усіх частаваць?

— Так. Дарэчы, Якуб Колас пускаў жыць да сябе людзей знаёмых і незнаёмых, якім проста не было дзе прытуліцца. Падбіраў іх на вуліцы. А сам жа спачатку жыў на кватэры, калі прыехаў у Мінск яшчэ перад вайной — у 1921 годзе.

Да слова, у Якуба Коласа гадаваўся і Іван Міцкевіч — сын яго першага настаўніка, дарэктара з паэмы «Новая зямля», Яські Базылёва. І гэты Іван Міцкевіч стаў потым акадэмікам, выдатным хімікам. І мой дзядзька Сеня — малодшы бацькаў брат, які вучыўся ў інязе, таксама апошнія гады вучобы жыў у Якуба Коласа. Праўда, ужо ў новай хаце, якую пабудавалі пасля вайны, калі ў госці да Канстанціна Міхайлавіча прыйшоў сам Панамарэнка. Ён паглядзеў, у якіх той не вельмі добрых умовах жыве, і сказаў: «Не. Мы такое цярпець не можам». І даў каманду, каб пабудавалі новы двухпавярховы дом. Там цяпер размяшчаецца музей…

Колас быў вельмі шчодрым чалавекам. Дапамагаў, паўтараю, не толькі родным, але і выпадковым людзям. Было такое, што адзін чалавек аднойчы расплакаўся і выпрасіў у Якуба Коласа грошы. А потым, відаць, яго заела сумленне. І праз колькі гадоў ён прыйшоў да пісьменніка і прызнаўся, што як бы падманам у яго грошы ўзяў: «Ведаеце, тады я вас проста падмануў. У мяне не была такая ўжо цяжкая сітуацыя, як я абмаляваў».

Хаця, бывае, кажуць, што Якуб Колас быў скупы. Нават анекдоты такія хадзілі. А гэта ж зусім не так. Нядаўна адкрыўся такі факт. Аднойчы Якуб Колас апынуўся ў ГУМе, а там дзяўчаткі, дзве студэнткі, нагледзелі сабе нейкую пакупку, у іх аж вочы гарэлі, так хацелі купіць! А грошай жа няма. І тут нейкі дзядзька да іх падышоў, і гэтыя грошы ім усунуў. Аказалася, што гэта быў Якуб Колас.

А тое, што ён зрабіў многа для нашай вёскі Мікалаеўшчына, гэта таксама агульнавядома. У 1940-м яна згарэла амаль уся. Быў халодны вецер, і пастушкі схаваліся ў адзін зруб. Рашылі агеньчык раскласці. І так расклалі, што згарэла вёска. Якуб Колас унік у гэту праблему і дабіўся, каб прыехалі архітэктары, планіроўшчыкі і распланавалі вёску па тыпу горада — разбілі на квадраты. І дзяржава адпусціла пагарэльцам бясплатную цэглу на печы, дрэва на зрубы, а некаторым нават шыфер. І людзі з Мікалаеўшчыны, што не згарэлі, ужо зайздросцілі тым, хто адбудаваўся. Бо адбылося гэта вельмі хутка — за паўгода.

— Вашы сваякі ў той час таксама пагарэлі?

— Канешне. Дзедава хата згарэла, і потым ён стаў будаваць новую, а тут пачалася вайна. Прыйшлі немцы, хаця яны ў нашай вёсцы былі ўсяго разы два-тры. Вёску не зачапілі, бо яна збоку ад вялікіх дарог стаіць. Дык аднойчы каля дзедавага зруба загразлі нямецкія машыны. І фашысты раскідалі зруб яго хаты: клалі бярвенні пад колы. Дзед падумаў-падумаў — і зноў сабраны зруб з грудка на ўскраіну вёскі перавез. У той хаце я і нарадзіўся ў 1943 годзе. Яна і цяпер стаіць.

— Іван Юр’евіч, вы самі бачылі Якуба Коласа?

— Двойчы. Першы раз я яго бачыў у 1949-м годзе, гэта было, здаецца, 11 верасня. Тады памёр Ігнат Юр’евіч Міцкевіч, стрыечны дзядзька Якуба Коласа, а таксама дырэктар нашай школы. І Канстанцін Міхайлавіч прыляцеў на Стаўбцоўшчыну на кукурузніку на пахаванне свайго дзядзькі, якога вельмі любіў. А ў нас там быў стадыён, дзе мы ў футбол гулялі — роўны луг над Нёманам, на які гэты самалёт лёгка сеў. Вестка пра прылёт Якуба Коласа тут жа абляцела вёску. У той час, помню, мы нашу хату будавалі, у варыўню цягалі пясок, уцяплялі столь. Дык усё кінулі і пабеглі. Дарэчы, нас, малых, пасля вайны было, Божа ж мой мілы, колькі! Гэта цяпер, у параўнанні з тым часам, мёртвая вёска. Стаіць можа пяцьсот дамоў, а дзяцей няма…

Дык вось, нас, малых, тады выстраілі ў шарэнгу і сказалі: «Складзіце далонькі». Уздоўж шарэнгі ішоў Колас, а з ім побач чалавек нёс торбачку. Канстанцін Міхайлавіч у яе запускаў руку, браў жменю цукерак і нам, кожнаму па чарзе, сыпаў іх ў далонькі.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter