Каму сказаць дзякуй за нагоду яшчэ раз падняць бакал шампанскага?

І зноў з Новым годам

Роўна праз тыдзень мы адзначым унікальнае і па назве, і па змесце свята — стары Новы год. Замежнікі жартуюць: “Святкаваць Новы год двойчы? Такое можа быць толькі ў Расіі”. Аднак дзеля справядлівасці адзначым — не толькі там: стары Новы год ёсць у календарах Арменіі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Македоніі, Малдовы, Сербіі, Украіны, Чарнагорыі і ў нас, беларусаў. І звязана гэта не з менталітэтам народаў, а з гістарычнымі акалічнасцямі і менавіта са зменай летазлічэння.


Доўгі час свет жыў па календары, створаным па даручэнні імператара Гая Юлія Цэзара яшчэ ў 46 годзе да нашай эры. За шматлікія стагоддзі гэты юліянскі каляндар значна “адстаў” ад жыцця, і ў XVI стагоддзі Папа Рымскі Грыгорый XIII зладзіў каляндарную рэформу, у выніку якой у 1582 годзе пасля чацвёртага кастрычніка наступіла адразу пятнаццатага. На новы грыгарыянскі каляндар большасць еўрапейскіх краін перайшла да канца XVII стагоддзя. А вось Расія спакойна працягвала жыць па старым юліянскім календары, пакуль у 1918 годзе рэвалюцыянеры не перавялі яе на новы грыгарыянскі стыль. І ўсё б нічога — перайшлі адзін раз і забыліся, аднак Руская праваслаўная царква працягвала жыць і адзначаць свае святы па старым стылі. У выніку праваслаўныя вернікі сутыкнуліся з невялікай праблемай: Нараджэнне Хрыстова яны святкавалі 7 студзеня, а афіцыйны Новы год прыпадаў на 1 студзеня. Як жа яго адзначаць, калі пост у самым разгары? Хіба толькі па старым стылі. Вось так і з’явілася яшчэ адно свята — стары Новы год, які сталі адзначаць з 13 на 14 студзеня.

Па народнай традыцыі гэты святочны вечар насіў назву Шчадрэц (раней прыходзіўся на навагоднюю ноч з 31 снежня на 1 студзеня). Падчас яго адзначалі другую, багатую, Куццю (першая, бедная і посная, святкавалася 6 студзеня перад Божым Нараджэннем, а трэцяя, вадзяная і таксама посная, 18 студзеня, перад Вадохрышчам). Напярэдадні свята стараліся вычысціць хату і падворак, зняць павуцінне з усіх куточкаў, вымыць столь. Для нашых бабуль і дзядуль было важна ўступіць у новы год чыстымі. Таму, калі маглі сабе тое дазволіць, апраналіся ва ўсё новае за стол, які ў гэты вечар накрываўся багата. Гаспадынькі стараліся прыгатаваць не менш за дванаццаць страў. Лічылася: наколькі шыкоўна адсвяткуе сям’я багатую Куццю, настолькі шчодра яна будзе жыць на працягу ўсяго года. Вядома, ні замудронага “Аліўе”, ні запечанай індычкі на стале не было — падавалі каўбасы, смажаніну, масла, сыр, бліны, верашчаку, гародніну, рыбу і грыбы. Багацце стала праяўлялася перш за ўсё ў наяўнасці скаромнай ежы і дазволу наесціся ад пуза.

У розных кутках Беларусі на стары Новы год праводзіліся разнастайныя калядныя абрады: жанілі Цярэшку, шчадравалі з казой, калядавалі з цыганамі або паказвалі батлейкі. А ў першы дзень новага года абавязкова праводзілі абрад засявання — вясковыя дзеці заходзілі ў хаты з торбачкамі, поўнымі зерня жыта, аўса, ячменю, спявалі калядкі, рассыпалі па падлозе па жменьцы зерня кожнага гатунку і гучна прыгаворвалі: “Сею, сею, засяваю! З Новым годам паздраўляю!” Гаспадары шчыра дзякавалі маленькім сейбітам каўбасой, сушанымі ягадамі, арэхамі і іншым — выкананы рытуал абяцаў сям’і багаты ўраджайны год. Усе дзеянні на Шчадрэц былі звязаныя з надзеяй на багаты і ўраджайны год, паколькі ў аснове свята ляжала ў першую чаргу ідэя не каляндарнага новага года, а новага земляробчага цыкла. Таму тое, што з часам ён пачаў адзначацца не 31 снежня, а 13 студзеня, нашых бабуль і дзядуль не моцна засмуціла. Хутчэй наадварот — усё ж такі на адно свята ў календары стала больш.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter