Ізмы і малпы, ці Правапіс суфіксаў у розных часцінах мовы

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Вельмі часта да малога і на першы погляд нязначнага мы ставімся абыякава, адпрэчваем, не хочам звярнуць увагу, аддаць належнае. Прыходзілася не раз чуць ад калег, якія спецыялізуюцца на журналісцкіх дысцыплінах: “Зноў пра суфіксы! Каму гэта патрэбна?!”.
Вывучэнне суфіксаў лічыцца сумным заняткам. Мы быццам грэбуем імі. І няўцям нам, што як з атамаў складаецца сусвет, так і з марфем арганізуецца наша маўленне, у іх выражаецца чалавек, грамадства, эпоха.
Напрыклад, цяжка ўявіць наша жыццё без так званых ізмаў. Суфікс -ізм- па прычыне сваёй маштабнай распаўсюджанасці набыў форму множнага ліку і ператварыўся ў самастойнае слова, якое фіксуецца сучаснымі слоўнікамі ў значэнні ‘агульныя — не заўсёды ў станоўчым сэнсе — назвы напрамкаў у навуцы, мастацтве, філасофіі, палітыцы і да т.п.; дактрына, сістэма’. Ён настолькі ўкараніўся ў свядомасць сучасніка, што ад яго няпроста знайсці паратунак. Учарашнія актыўныя ва ўжытку апартунізм, марксізм, ленінізм, сталінізм, сацыялізм, камунізм, путчызм змяніліся на ісламізм, амерыканізм, фундаменталізм, глабалізм, еўрапеізм, эскапізм, тэрарызм, гламурызм... Можна меркаваць, што і ХХ, і пачатак ХХІ стагоддзя азнаменаваны рознага тыпу ізмамі. Дарэчы, слоў, якія заканчваюцца на -ізм, у лексіцы налічваецца больш за тысячу — лічба даволі паказальная. Утварэнне новых слоў пры дапамозе названага суфікса вызначаецца асаблівай інтэнсіўнасцю: путч — путчызм, Пуцін — пуцінізмы, Буш — бушызмы і г.д. Апошнія ўвайшлі ў нядаўнюю гісторыю як найбольш недарэчныя і выклікалі шмат кпінаў з іх аўтара. Так ствараецца ляпалісіяда (від маўленчай збыткоўнасці, што мяжуе з абсурднасцю). Бушызмы характарызуюцца, прамаўляючы мовай ізмаў, малапрапізмамі (памылковае выкарыстанне сугучных слоў з рознымі значэннямі), спунерызмамі (тыпу маршакаўскага “вагоноуважаемый глубокоуважатый”), неалагізмамі (stunt words), ана-хранізмамі і алагізмамі, некаторыя з якіх сталі меметызмамі (выслоўямі, якія набываюць устойлівасць). Адпаведны артыкул у “Вікіпедыі” ўтрымлівае звыш 160 бушызмаў. Як бачым, адзін суфікс можа кваліфікаваць як асобу, так і эпоху.
Суфіксы разам з іншымі марфемамі (коранем, прыстаўкай і інш.) утвараюць словы. Марфемы ўяўляюць сабой часткі лексем, якія маюць слова- ці формаўтваральнае значэнне. Яно размытае і менш канкрэтнае, чым значэнне самастойнага слова. Распазнаць яго — даволі працаёмкая задача, хаця падуладная нават малпам.
Нядаўна ў сусветных інтэрнэт-парталах з’явілася падрыхтаваная па матэрыялах Бі-бі-сі інфармацыя пра тое, што мартышкі маюць здольнасць да “словаўтварэння”: дадаваць да “кораня” новы гук — “суфікс”, чым мяняюць значэнне першапачатковага сігнала.
Прыматолагі даўно вывучаюць мову малпаў. Даследаванні праводзяцца ў асноўным на мартышках Кэмпбела (Cercopithecus campbelli campbelli), якія насяляюць вільготныя лясы заходняй Афрыкі (запаведнік Таі, Кот-д’Івуар). Супрацоўнікі Сент-Эндрускага ўніверсітэта ўстанавілі, што альфа-самцы названай папуляцыі пры небяспецы выдаюць крыкі, якія можна перадаць гукаперайманнямі “бум”, што пазначае: наперадзе ўпалае дрэва або зламаны сук; “крак” пры з’яўленні леапарда, “хок” — арла. Вучонымі заўважана, што “бум” заўсёды застаецца нязменным, а вось “крак” і “хок” могуць атрымліваць “суфікс” -у (больш падрабязна: http://news.mail.ru/society/3148506). Пэўны скептыцызм адступае, калі бярэш на розум адну з тэорый паходжання мовы — гукаперайманняў. У жывёльным свеце да гэтага часу не было прыкладаў распазнавання марфем. Трэба і нам быць больш уважлівымі да іх...
Правапіс тых ці іншых суфіксаў грунтуецца на фанетычным, калі стык марфем перадаецца паводле вымаўлення (салдат + ск-і = салдацкі), і на марфалагічным (горад + ск-і = гарадскі) прынцыпах. Таму мы не задумваемся над напісаннямі такіх слоў, як нямецкі, ткацкі, рыбацкі, савецкі, брацкі і да іх падобных. Аднак выклікаюць пэўныя цяжкасці напісанні слоў тыпу шведскі, завадскі, спартсмен, яхтсмен. Чаму так адбываецца, мы пагаворым у наступны раз.

Зваротная сувязь

— Прывітанне! Як правільна аформіць: у пачатку ХІХ — сярэдзіне ХХ ст. ці ў пачатку ХІХ — сярэдзіне ХХ стст. Думаю, што другі варыянт больш правільны. Дзякуй. Марыя Пятроўна, дацэнт, г. Мінск.
— Шаноўная Марыя Пятроўна! Вы маеце рацыю. Хаця значная колькасць даведнікаў і партал gramata.ru рэкамендуюць выкарыстоўваць формулу ў пачатку ХІХ — сярэдзіне ХХ ст. Аднак у гэтым выпадку называецца не адно стагоддзе, а два. Дарэчы, названы партал непаслядоўны ў сваіх рэкамендацыях. Напрыклад, у адказе на пытанне № 254876 чытаем: “...время возникновения поговорки — конец XVII — первая половина XIX вв.”, а ў адказе на пытанне № 208231 знаходзім: “Правильно: 4 — первая половина 5 в.” Арфаграфічна карэктным трэба прызнаць напісанне: у пачатку ХІХ — сярэдзіне ХХ стст.

— Дзень добры! Куды будзе падаць націск у форме роднага склону лічэбнікаў семдзесят і восемдзесят? У некаторых даведніках пайшлі “гуляць” лічэбнікі з канцавым націскным: сямідзесяцI, васьмідзесяцI. Калега з Інстытута мовы і літаратуры НАНБ, г. Мінск.
— Пытанне, калега, вынікае з той сітуацыі, у якую трапілі некаторыя лінгвісты, дарэчы, з Вашай установы. У часопісе “Роднае слова” (№2, 2009, с. 90) яны прапанавалі напісанне семдзясят і восемдзясят, перамясціўшы адпаведна націск на апошні склад, што не зусім правільна. У шостым нумары за мінулы год гэтага ж часопіса прынесены прабачэнні чытачам і была зроблена папраўка. Націскі сeмдзесят і вoсемдзесят вернуты на сваё законнае месца. Відаць, рэхам недарэчнага выпадку і адгукаюцца прыведзеныя акцэнтныя варыянты (сямідзесяцI, васьмідзесяцI). Правільна: сямIдзесяці, васьмIдзесяці. Не блытаць: сямідзясЯты, васьмідзясяты.

— Спадар Іўчанкаў, з англійскай мовы слова crossword без ніякага перакладу перайшло ў рускую, а з рускай — у бела-рускую мову, толькі адно “с” скарацілі. Некалькі год таму хтосьці выдумаў новую назву — “крыжаванка”. Ну тут першая частка слова ясна — крыж, а другая — абракадабра. Скрыжаваць можна ўсякае ламачча.
Зусім зразумелае слова ў перакладзе на беларускую мову я ўжо “ўціснуў” у некаторых газетах — “крыжаслоў”, “крыжасловіца”. Другія рэдактары адмаўляюцца прызнаць іх.
Як бы Вы, прафесар, патлумачылі маё “адкрыццё”?
Прабачце, калі зрабіў некалькі памылак. За трэць стагоддзя вайсковай службы вакол гучала ў асноўным руская мова ды нямецкая, казахская, каркская... Цяпер вось на пенсіі аднаўляю веды.
С Новым годом, товарищ профессор! Macht’s gut! Уладзімір Лук’янавіч Голуб, ветэран Узброеных Сіл СССР, г. Мінск.
— Паважаны Уладзімір Лук’янавіч! Дзякуй за віншаванні. Сапраўды, англійскае слова crossword запазычана шматлікімі мовамі свету і на сёння мае больш за сто варыяцый (сканворды, сканкейворды, скінворды, кейворды, ісворды, эсворды...). Часта англіцызм калькуецца (механічна перакладаюцца часткі складанага слова) на іншыя мовы. Напрыклад, рускія слоўнікі фіксуюць лексему крестословица, кальку з якой Вы прапануеце: крыжасловіца. Усечаны варыянт крыжаслоў больш адпавядае “перакладу” назвы гульні на беларускую мову. Слова ж крыжаванка натуральна гучыць з вуснаў беларуса, а тое, што Вы лічыце “абракадабрай”, з’яўляецца суфіксальным комплексам, даволі распаўсюджаным у нашым маўленні: крыж +ав+ а(ць) + н + к(а) = крыжаванка, маляваць > маляванка, а таксама забаўляць > забаўлянка, чытаць > чытанка і інш. Трэба памятаць, што ў роднай мове ў фарміраванні яе літаратурнай формы дамінавала не кніжна-пісьмовая традыцыя (як у рускай), а літаратурна-размоўная. Словы красворд, крыжаслоў і крыжаванка можна лічыць стылістычнымі сінонімамі, якія маюць шанцы на суіснаванне. Апошняе нават трапляе ў сучасныя слоўнікі (Нікалаева В.М., Трухан Т.М. Сучасны руска-беларускі слоўнік для школьнікаў. Мінск: Літаратура і мастацтва, 2009. 568 с.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter