Премьера детской оперы "Айболит" пройдет в Большом театре

І жучок, і павучок, і мядзведзіца

4 октября в Оперном пройдет большая премьера для маленьких зрителей
Заўтра ў Оперным — вялікая прэм’ера для маленькіх гледачоў. Тэатр запрашае юных сяброў на сустрэчу з cупермэнам у белым халаце. З тым самым, які «всех излечит, исцелит», які падарожнічае ў Афрыку то на самалёце, то на кашалоце,  тварам да твару сустракаецца са злым разбойнікам Бармалеем і яго бандай, прыходзіць на дапамогу ўсім хворым звяркам.


Над пастаноўкай оперы працавалі балетмайстар Вольга ДЗЯТКО,
галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл ПАНДЖАВІДЗЭ і дырыжор Алег ЛЯСУН.


На сцэне Вялікага тэатра — дзіцячая опера «Доктар Айбаліт» Марыны Марозавай па матывах знакамітага твора К.І.Чукоўскага.

Творчасць Карнея Чукоўскага ведаюць і любяць усе — дзеці і дарослыя. Хто такі доктар Айбаліт, тлумачыць нікому не трэба, упэўнена Таццяна Мушынская, музычны крытык, паэтэса і аўтар лібрэта. Для стварэння літаратурнай асновы оперы ёю былі выкарыстаныя і творча перапрацаваныя фрагменты з 10 вершаваных казак пісьменніка, урыўкі з яго прозы. Першы варыянт лібрэта быў гатовы восенню 2011 года, тады ж над ім пачала працаваць вядомы кампазітар Марына Марозава. Працэс стварэння клавіра, а потым і партытуры ішоў на працягу чатырох гадоў.

Што самае галоўнае ў дзіцячым спектаклі? Каб на сцэне была дабрыня, вядома, — адказвае рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ. Доктар Айбаліт, перш за ўсё, добры чалавек, ён і звяроў лечыць дабрынёй, і Бармалея перавыхоўвае. Зрэшты, і Бармалей у спектаклі не зусім разбойнік, а хутчэй хлапчук-хуліган.

— Размову з гледачом мы вя-дзём пра тое, што ўсе дзеці — добрыя і іх трэба любіць, а разбойнікамі вырастаюць недалюбленыя дзеці, — гаворыць рэжысёр.

Ніякіх патаемных сэнсаў і схаваных ліній, якімі грашаць многія пастаноўкі дзіцячых твораў, у «Доктары Айбаліце» не будзе. Але за гэтай прастатой — вялікая праца. Бо для дзяцей усё трэба рабіць больш якасна, шчыра і больш сумленна, чым для дарослых, таму што дзеці не ўмеюць дараваць фальшы, яны, у адрозненне ад дарослых, не разумеюць, што яна можа быць, разважае Міхаіл Панджавідзэ. Паводле яго слоў, дзіцячая опера як клаўнада: каб нешта парадзіраваць, ці рабіць як быццам дрэнна, трэба ўмець рабіць гэта вельмі добра, што значна цяжэй.


Бармалея і яго банду Айбаліт перавыхавае

Аб справядлівасці і сапраўдным сяброўстве, адвазе і міласэрнасці, дабрыні і зле опера «Доктар Айбаліт» раскажа ненадакучліва, весела і даступна. У тэатры запрашаюць на прэм’еру і абяцаюць: цікава будзе не толькі дзецям, але і іх бацькам.

Ірына ЮР’ЕВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter