“І зараз касу магу ўзяць, каб збіць вялікую траву”

ЗАРАЗ яе сям’я налічвае каля сотні сваякоў. Прытым толькі блізкіх. Гэта болей, чым жыхароў у яе родных Старых Барунах! Сабіна Станіславаўна яшчэ шпарка перабірае нагамі. Ды так, што прыехаўшыя на свята госці не адразу пазналі яе ў гурце з моладдзю. Да таго ж яна выглядае не на свой узрост: твар гладкі, без зморшчын, прыветлівы. Дарэчы, такія і ў немаладых ужо дочак. Старэйшай з іх — Гелене — пайшоў 77-ы год, і жыве яна ў гэтай жа вёсцы. Астатнія — у суседніх Маладзечне, Ашмянах. Сын — у Літве. У гэтым плане Сабіна Станіславаўна ТАЛЬКОЎСКАЯ — багаты і шчаслівы чалавек! Яна выгадавала васьмярых дзяцей, мае дваццаць унукаў, трыццаць аднаго праўнука і трох прапраўнукаў.

Сабіна ТАЛЬКОЎСКАЯ са Смаргонскага раёна за ўсё жыццё ні разу не была ў бальніцы і выгадавала васьмярых дзяцей.

ЗАРАЗ яе сям’я налічвае каля сотні сваякоў. Прытым толькі блізкіх. Гэта болей, чым жыхароў у яе родных Старых Барунах! Сабіна Станіславаўна яшчэ шпарка перабірае нагамі. Ды так, што прыехаўшыя на свята госці не адразу пазналі яе ў гурце з моладдзю. Да таго ж яна выглядае не на свой узрост: твар гладкі, без зморшчын, прыветлівы. Дарэчы, такія і ў немаладых ужо дочак. Старэйшай з іх — Гелене — пайшоў 77-ы год, і жыве яна ў гэтай жа вёсцы. Астатнія — у суседніх Маладзечне, Ашмянах. Сын — у Літве. У гэтым плане Сабіна Станіславаўна ТАЛЬКОЎСКАЯ — багаты і шчаслівы чалавек! Яна выгадавала васьмярых дзяцей, мае дваццаць унукаў, трыццаць аднаго праўнука і трох прапраўнукаў.

Дарэчы, сваёй пяшчотай і дабрынёй яна дзялілася не толькі з роднымі, але і з аднавяскоўцамі. Нават з чужымі людзьмі. Таму з віншаваннямі са 100-гадовым юбілеем прыехала шмат гасцей. Выказала цёплыя словы і ўручыла падарунак намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Смаргонскага райвыканкама Леанарда Макей. Былі добрыя пажаданні і падарунак ад прадстаўнікоў гаспадаркі і мясцовай ветэранскай арганізацыі. Новенькі пашпарт уручыў Сабіне Станіславаўне старшыня Крэўскага сельвыканкама Сяргей Капыш. Ён адзначыў, што на жыццёвым шляху гэтай жанчыны хапала ўсяго — былі вайна і разруха. Ды і пасля, у мірны час, не было калі адпачыць. Акрамя грамадскіх абавязкаў, гадавала дзяцей. Сям’я ў яе не толькі вялікая, але дружная, працавітая. Прыемна, што ў двары парадак, скошана трава, радуюць вока кветкі.

Нягледзячы на ўзрост, яна яшчэ даволі рухавая жанчына. У хаце жыве адна, хаця дзеці не раз хацелі забраць да сябе. Кажа, што тут нарадзілася і адсюль нікуды не паедзе. Сама печку паліць, есці варыць. Без справы не любіць сядзець — можа прапалоць кветнік, узяць у рукі касу і збіць вялікую траву. Чытае газеты, глядзіць тэлевізар. Пры гэтым без акуляраў. Іх у 100-гадовай бабулі няма ўвогуле. Нават у бальніцы яна ніколі не была, калі не браць пад увагу, што самага малодшага сына нараджала ў раддоме. Затое астатніх дзяцей — у сваёй хаце.

Калі спытаў у дочак: “Хто раскажа пра юбілярку?”, то яны ў адзін голас — сама. Усё добра памятае, а вось чуе слабавата. І сапраўды, Сабіна Станіславаўна пачала бойка апавядаць пра сваё доўгае і няпростае жыццё. Узгадала Першую сусветную вайну. Але больш расказвала пра другі прыход немцаў на нашу зямлю, ужо ў 1941-м. Вораг паліў вёску. Яе жыхары сядзелі ў голадзе і холадзе. Прыйшлося жанчыне самой будаваць хлеў — мужык ваяваў. Ён да цяперашняга часу стаіць, з гонарам адзначыла юбілярка. А вось адрыну, якую потым прыбудаваў да гэтага хлява муж, паваліла бура. Дарэчы, і яго таксама ўжо няма.

На развітанне я не мог не запытацца, у чым сакрэт даўгалецця? Бабуля адказала напачатку коратка: “Пражыла 100 гадоў — вось увесь сакрэт”. А потым распавяла гісторыю. Працавала яна тэхнічкай у школе. Паслала яе настаўніца ў Крэва па справе. Зімою гэта было. Глыбокі снег, завея. Назад вярталася позна, сцямнела ўжо. Гасцінцам пабаялася ісці, каб не заблудзіцца. Пайшла праз поле, арыентуючыся на слупы лініі электраперадачы. Мяцеліца забівала вочы, прыходзілася раз за разам прыкрываць іх хусткаю. Пакуль дацягнулася па глыбокім снезе дамоў — была поўнач. Каля сваёй хаты перавяла дыханне і падумала: “У дарозе нічога са мною не здарылася, значыць, буду жыць сто гадоў”. Так яно і выйшла.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter