Интервью с белорусскими гастарбайтерами

І за таго хлопца — таксама

Бяседа з гастарбайтарамі, якія кожную раніцу ездзяць на працу ў расійскую Рудню
Шэсць раніцы. Добры марозец пашчыпвае шчокі, на вуліцы яшчэ цёмна. Пад ліхтаром ля чыгуначнай станцыі ў Лiёзна чалавек 15—20 пераступаюць з нагі на нагу ў чаканні транспарту. Я спрабую пагаварыць з гастарбайтарамі, якія кожную раніцу ездзяць на працу ў расійскую Рудню. 


— Дванаццаць кіламетраў — гэта не адлегласць, — скептычна ўсміхаецца маёй спагадзе трыццацігадовы Павел. — Расiяне самі забіраюць, самі назад прывозяць. Акрамя таго, з раніцы тры цягнікi ў Расію iдуць. Працую на абутковай фабрыцы. Зарплата?  Хто ж вам праўду скажа? Хапае... У мяне жонка ў адпачынку па доглядзе дзiцяцi, двое малых. Чаму ў Лiёзна не працаўладкаваўся? Мне так зручней... 


Зручней, як аказалася, працаваць на эканоміку іншай дзяржавы і яго сябру — 38-гадоваму Сяргею. Ён у той жа Рудні будуе прыватніку дом. Дадому прыязджае не кожны дзень — зацікаўлены ў больш хуткай здачы аб`екта. Дачка ў гэтым годзе паступіла на бюджэтнае аддзяленне медуніверсітэта, трэба дапамагаць. 


Скупыя адказы на пытанні, кволыя паўзы — суразмоўцы, відавочна, не настроены на адкрытасць. Нарэшце яны з палёгкай уздыхаюць — да нас пад`язджае ёмісты «мiкрык» з расійскімі нумарамі. Наш не зусім прыемны для мужчын дыялог перарываецца.


Такім чынам, каманда здаровых маладых людзей адпраўляецца на заробкі ў суседнюю краіну, а я разважаю над відавочным. Сёння дзяржава выдаткоўвае немалыя грошы на выплату дапамог і медыцынскае абслугоўванне жонкі і дзяцей Паўла. Бясплатна вучыць і плаціць стыпендыю дачцэ Сяргея. Самі гастарбайтары карыстаюцца медыцынскай дапамогай, датуюцца з бюджэту жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі. Хто ўсё гэта аплачвае? Я, ты, мы — усе разам. Той, хто працуе тут, у Беларусі, і спраўна адлічвае падаткі ў агульную казну. Дзе тады, скажыце, сацыяльная справядлівасць? 


А што думаюць наконт гэтага самі лiёзненцы? Начальнік аўтастанцыі Алена Антоненка разважае як транспартнік і проста грамадзянка. Кіраўніка хвалюе, што цяпер нярэдка аўтобусы, а іх чатыры, на Рудню iдуць паўпустыя. А яшчэ нядаўна білет было практычна не купіць. Але людзі адаптаваліся, скаапераваліся, і цяпер большасць абыходзіцца без грамадскага транспарту. Ездзяць на асабістых аўто, з дапамогай нелегальных перавозчыкаў, ды і расійскія працадаўцы пытанне з дастаўкай працоўнай сілы паспрабавалі ўрэгуляваць. 
— У Рудню едуць не толькі будаўнікі, абутнiкi, швачкі, але і цырульнікі, зубныя тэхнікі, іншыя спецыялісты, — кажа Алена Уладзіміраўна ўжо як добрасумленная падаткаплацельшчыца. — Ведаю нашых хлопцаў, якія маюць уласныя фуры, займаюцца грузавымі перавозкамі, але машыны ўхiтрылiся зарэгістраваць у Расійскай Федэрацыі. Значыць, і грошыкі не ў наш бюджэт «капаюць». Крыўдна неяк... 


А ці крыўдна раённым уладам? За адказам іду да старшыні раённага Савета дэпутатаў Тамары Дрылёнак. 


У Тамары Леанідаўны акурат прыём грамадзян. Наведвальніца — 48-гадовая Марына нядаўна вярнулася з месцаў зняволення, дзе правяла некалькі гадоў за цяжкае злачынства. Пакуль сядзела, дзяцей выгадавала дзяржава. А вось даўгі засталіся: па аліментах трэба выплаціць яшчэ каля 9 мільёнаў рублёў. Зараз вырашаецца пытанне працаўладкавання, прыдатную працу наведвальніца сабе падабрала ўжо. Хоча быць апякункай, даглядаць нямоглых людзей. Старшыня райсавета катэгарычная: Марыну ўжо чакаюць на ферме на пасадзе цялятніцы. 


— А я яшчэ прыеду на комплекс, — абяцае ёй Тамара Дрылёнак, — і вынiкi работы ў цябе праверу. Вось пяць хвілін таму яшчэ адна такая просьба была, — гэта ўжо ў мой адрас. — З ЛПП вярнулася. Таксама дай ёй работу, прычым лепшую. Пойдзе на льнозавод, а там пабачым. 


Марына, ураз змяніўшы бойкі тон, ціхенька выслізгвае за дзверы. Разумее:  калі заўтра не выйдзе на працу — чакай непрыемнасцей. 


— Такіх падапечных у нас няшмат, — выкарыстоўвае невялікую перадышку ў час прыёму кіраўнік дэпутацкага корпуса. — Крыху больш за 50 абавязаных асоб. Усіх трымаем пад строгім кантролем. А вось з гастарбайтарамі сітуацыя, вядома, больш скаладаная. За межамі раёна працуюць многія. Не ўсе ездзяць у Расію, хтосьцi працуе ў Мiнску, Віцебску. Тым не менш армія, вядома, вялікая. А нам патрэбны людзі ў сельскай гаспадарцы, швачкі, прадаўцы, рабочыя на льнозавод. Ёсць вакансіі з прадастаўленнем жылля ў вёсцы. Але пераканаць чалавека працаваць па месцы жыхарства не заўсёды ўдаецца. 


Што ж, а цяпер паспрабуем прааналізаваць сітуацыю. У Лiёзненскім раёне пражывае звыш 16 тысяч чалавек. Амаль 9 тысяч — у працаздольным узросце, у эканоміцы заняты 6,6 тысячы чалавек. З улікам прадпрымальнікаў, жанчын, якiя знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзiцяцi, і інвалідаў не працуюць як мінімум тысяча чалавек. Дапусцім, што кожны трэці з гэтай тысячы (з лішкам!) працуе ў іншых рэгіёнах Беларусі. Вось і атрымліваецца, што 600—700 тых, хто едзе за межы краіны. А цяпер возьмем толькі адзін вiд выдаткаў на гэтых людзей — медыцынскае абслугоўванне. У цэлым па Віцебскай вобласці на аднаго жыхара ў год траціцца 2,7 мільёна рублёў. Памнажаем на колькасць гэтых самых «арбайтараў» і атрымліваем амаль 2 мільярды рублёў. А цяпер пытанне: колькі чалавек павінна працаваць тут, каб кампенсаваць выдаткі дзяржавы не толькі на сябе, але і на таго хлопца? 


Дарэчы, пра таго хлопца... На зваротным шляху па дарозе ў абласны цэнтр пасажыры маршруткі бурна абмяркоўваюць апошнія навіны: у Санкт-Пецярбургу 20 кастрычніка разбіўся рабочы з Віцебска. Ён будаваў дом на Васільеўскім востраве і сарваўся з рыштаванняў. Дзве пасажыркі, якія сядзяць побач, тут жа перарываюць гутарку пра пакупкi, цягнуцца да тэлефона даведацца, ці ўсё ў парадку з роднымі і блізкімі. У адной у Расіі, як высветлiлася, працуе сын, другая толькі што выправіла на заробкі пляменніка. 

Алена БЕГУНОВА 

a_veresk@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter