Пiсьменнiк Уладзiмiр Федасеенка прайшоў праз вiхры i смерчы i застаўся байцом
Вiзiтка. Федасеенка Уладзiмiр Канстанцiнавiч нарадзiўся 22 красавiка
— Перачытаў вашу вiзiтку, шаноўны Уладзiмiр Канстанцiнавiч, i яшчэ раз падзiвiўся, як многа ўвабраў у сябе ваш жыццёвы i творчы шлях. Як цесна звязана ваша бiяграфiя з жыццём народа i ў драматычныя i трагiчныя ваенныя часы, i ў пасляваенны перыяд… Кажучы словамi паэта, вы ўзнялiся на васьмiдзесяты падмурак. Якiм бачыцца вам з гэтай вышынi пражытае i перажытае?
— Цяжкi выпаў лёс на долю нашага пакалення, абпаленага знiшчальным полымем Вялiкай Айчыннай вайны. Час ад часу задумваюся, як жа нам удалося выстаяць, перамагчы? Адказ на такое пытанне я шукаў i тады, калi пiсаў свае раманы, апавяданнi. Ствараючы вобразы сваiх герояў, а прататыпы ў iх жывыя, нявыдуманыя, я iмкнуўся знайсцi ў iх характарах такiя рысы, якiя дазволiлi iм чэрпаць i множыць сiлы ў змаганнi… I што б там нi казалi нашы сённяшнiя “мудрацы” з апазiцыi, якiя не нюхалi нават пораху, але менавiта савецкая ўлада i камунiстычная партыя выхавалi кагорту мужных i бясстрашных змагароў за Радзiму, якiя адолелi ненавiснага ворага… Прыклад i вопыт пакалення пераможцаў, лiчу, трэба захоўваць i перадаваць нашым нашчадкам. Вось пра што я думаю з вышынi, як вы кажаце, васьмiдзесятага падмурка.
— Значную частку свайго жыцця вы прысвяцiлi камсамолу, працавалi ў ЦК КПБ у тыя гады, калi яго першым сакратаром быў Пётр Мiронавiч Машэраў. Даводзiлася з iм сустракацца?
— А як жа, працавалi ж разам, у адным будынку. Я тады загадваў сектарам маладзёжнага друку ЦК ЛКСМБ, а Пётр Мiронавiч з асаблiвай увагай адносiўся да iдэалагiчных работнiкаў, журналiстаў, высока цанiў iх нялёгкую працу. Ён на восем гадоў старэйшы за мяне, i жыццёвы вопыт быў непараўнальна багацейшы, але ў сваiх паводзiнах, адносiнах да калег Машэраў нiколi гэтага не падкрэслiваў, быў з намi як роўны з роўнымi… Памятаю, як «сватаў» ён мяне ў Маладзечанскi абком камсамола. Але я вымушаны быў адмовiцца ад такой прывабнай прапановы. Я тады ўжо пiсаў апавяданнi, задумаў раман i папрасiў накiраваць мяне ў рэдакцыю. Пётр Мiронавiч выслухаў мяне ўважлiва, распытаў пра мае пiсьменнiцкiя намаганнi i блаславiў на творчую работу. Працаваў адказным сакратаром у газеце “Пiянер Беларусi”, часопiсе “Сельская гаспадарка Беларусi”, “Настаўнiцкай газеце”, выдавецтве “Беларусь”. Больш за дзесяць гадоў — ва Упраўленнi кнiжнага гандлю Дзярждруку Беларусi, у газеце “Лiтаратура i мастацтва”, часопiсе “Беларусь”… Пакалясiў па рэдакцыях. А праца там, каму невядома, напружаная, так што раманы свае пiсаў урыўкамi, у вольны ад службовай “цякучкi” час…
— Уладзiмiр Канстанцiнавiч, ведаю, што вы i сёння застаяцеся байцом – прынцыповым i непрымiрымым…
— А iнакш i быць не можа. Я нiколi не здраджваў i не здраджу святым iдэалам барацьбiтоў за свабоду i незалежнасць нашай Айчыны, светлай памяцi тых, хто склаў свае галовы за Вялiкую Перамогу.