«…У палескай старане кожны сокал – брацейка…»

У ЛЕМЯШЭВІЧЫ мяне прывяло пісьмо яго жыхароў, якіх збянтэжыла рашэнне кіраўніцтва Пінскага раёна ліквідаваць іх сельскі Савет. Перад тым як завітаць да аўтараў пісьма, звярнуўся да намесніка старшыні Пінскага райвыканкама Ігара Брылевіча з тым, каб ён патлумачыў гэты факт, і ў адказ пачуў, што гэта самы маланаселены сельсавет раёна з тэндэнцыяй змяншэння местачкоўцаў. Для зручнасці жыхароў ліквідуемага сельсавета з Пінска два разы ў дзень пушчаны аўтобус праз Лемяшэвічы да вёскі Лапаціна, куды далучылі ліквідуемы сельсавет. Праз паўгадзіны на маршрутным аўтобусе з Пінска трапляю ў Лемяшэвічы, патанаючыя ў пышнай зелені дрэў. Што ні падворак — чысціня і парадак. У палісадніках квітнеюць вяргіні і флоксы, астры і іншыя пярэстыя кветкі. Акуратна пафарбаваныя вокны з аканіцамі на дабротных драўляных дамах, шырокія асфальтаваныя вуліцы разыхо- дзяцца ад цэнтра сяла, дзе над векавымі дрэвамі ўзвышаецца стромкая драўляная Свята-Раства-Багародзіцкая царква — цудоўны твор народнага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Больш за дзясятак двухпавярховых жылых дамоў, чыста прыбраная сярэдняя школа, велічны будынак вясковай бальніцы, прасторны Дом культуры, будынкі сельсавета, аптэкі, магазіна, пошты надаюць патрыярхальнай вёсцы сучасны выгляд. Вось толькі людзей тут не густа. З першых хвілін Лемяшэвічы зачароўваюць незвычайнай пасля гарадскога тлуму цішынёй і духмяным пахам спелых яблыкаў. Міжволі ўзгадаліся радкі вядомай беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, напісаныя больш як чвэрць стагоддзя таму: — «Як жывецца без мяне, сонейка-крылацейка. А ў палескай старане кожны сокал — брацейка…»

Так пісала некалі пра сваіх землякоў «палеская ластаўка» Яўгенія Янішчыц, а сёння...

У ЛЕМЯШЭВІЧЫ мяне прывяло пісьмо яго жыхароў, якіх збянтэжыла рашэнне кіраўніцтва Пінскага раёна ліквідаваць іх сельскі Савет. Перад тым як завітаць да аўтараў пісьма, звярнуўся да намесніка старшыні Пінскага райвыканкама Ігара Брылевіча з тым, каб ён патлумачыў гэты факт, і ў адказ пачуў, што гэта самы маланаселены сельсавет раёна з тэндэнцыяй змяншэння местачкоўцаў. Для зручнасці жыхароў ліквідуемага сельсавета з Пінска два разы ў дзень пушчаны аўтобус праз Лемяшэвічы да вёскі Лапаціна, куды далучылі ліквідуемы сельсавет. Праз паўгадзіны на маршрутным аўтобусе з Пінска трапляю ў Лемяшэвічы, патанаючыя ў пышнай зелені дрэў. Што ні падворак — чысціня і парадак. У палісадніках квітнеюць вяргіні і флоксы, астры і іншыя пярэстыя кветкі. Акуратна пафарбаваныя вокны з аканіцамі на дабротных драўляных дамах, шырокія асфальтаваныя вуліцы разыхо- дзяцца ад цэнтра сяла, дзе над векавымі дрэвамі ўзвышаецца стромкая драўляная Свята-Раства-Багародзіцкая царква — цудоўны твор народнага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Больш за дзясятак двухпавярховых жылых дамоў, чыста прыбраная сярэдняя школа, велічны будынак вясковай бальніцы, прасторны Дом культуры, будынкі сельсавета, аптэкі, магазіна, пошты надаюць патрыярхальнай вёсцы сучасны выгляд. Вось толькі людзей тут не густа. З першых хвілін Лемяшэвічы зачароўваюць незвычайнай пасля гарадскога тлуму цішынёй і духмяным пахам спелых яблыкаў. Міжволі ўзгадаліся радкі вядомай беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, напісаныя больш як чвэрць стагоддзя таму: — «Як жывецца без мяне, сонейка-крылацейка. А ў палескай старане кожны сокал — брацейка…»

— Бедната заўжды яднала землякоў паэтэсы, — адзначае лемяшэвіцкі доктар Ніна Грынь. — Гэта былое шляхецкае сяло. Культура тут спрадвеку на першым плане. А ўвогуле мы, палешукі, не сквапныя. Некалі ў галодным пасляваенным дзяцінстве брат прыслаў дамоў пасылку макарон. Маці напоўніла імі чыгунок і паставіла ў печ. Яны набраклі. Маці наклала місачку і загадала мне аднесці суседцы Ярынцы. Я нясу і па дарозе не вытрымала, з’ела макароніну. Вярнулася ў хату, а маці другую місачку накладвае і просіць аднесці яшчэ і Дуньцы. Я аднесла. А калі накладвала трэцюю місачку для яшчэ адной суседкі, я расплакалася — а што нам застанецца. Мудрая матуля супакоіла мяне: і нам хопіць. Вось такая палеская спагадлівасць.

Амаль паўвека адпрацавала Ніна Васільеўна ў Лемяшэвіцкай участковай бальніцы. Разам з мужам прыехала сюды па накіраванню пасля Мінскага медінстытута і засталася назаўсёды. Цяпер ўдава. Амаль што паўвекавы працоўны стаж ў тутэйшай былой настаўніцы пачатковых класаў Яўгеніі Васільеўны Лемяшэўскай.

— Я — карэнная шляхцянка, — з гонарам падкрэслівае Яўгенія Васільеўна. —Пасля заканчэння пінскага педвучылішча вярнулася дамоў і ўсю сваю педагагічную дзейнасць адпрацавала ў роднай школе. Дзявочае прозвішча ў мяне шляхецкае — Лемяшэўская і замуж пайшла за шляхціца Лемяшэўскага. У нашым класе вучняў называлі па мянушках, таму што палова былі Лемяшэўскія.

— А ці адчувалася розніца паміж шляхтай і мужыкамі?

— Шляхціцы больш паважлівыя, рахманыя, я нават сказала бы, інтэлігентныя. Ёсць наш шляхецкі герб. Доўгі час многія захоўвалі дакументы на зямлю, выдадзеныя іх продкам. Мясцовыя сяляне жылі бядней, былі прасцейшыя, грубейшыя на словы. Але час зраўнаваў усіх.

— Ці адчулі вы асаблівасць Лемяшэвічаў, — пытаюся ў Васіля Шаўчука, якога чвэрць стагоддзя таму пасля заканчэння інстытута народнай гаспадаркі размеркавалі сюды эканамістам. А потым ён узначаліў Лемяшэвіцкі сельсавет.

— Канешне, адчуў не толькі ў параўнанні з маёй роднай вёскай Сіціцк, што ў суседнім Столінскім раёне, але асабліва з Магілёўшчынай, дзе мне давялося працаваць пасля тэхнікума. Тут больш культуры. У былыя гады тут многа маладых спецыялістаў працавала. Гэта самая спакойная вёска ў зарэчнай зоне Піншчыны. Цяпер карэнных жыхароў мала. Да Лемяшэвічаў прымыкаюць дзве вёсачкі з назвай Чорнава. У адной жывуць нашчадкі шляхты, а ў другой — мужыкі. Могілкі ў іх асобныя. У паводзінах шляхціцаў адчуваецца асаблівасць, паважнасць да сябе, годнасць. Яны сябе з гонарам так і звалі — шляхціцы. Нават у царкве стараліся стаяць асобна.

— Але ўсё-такі храм яднае вернікаў.

— Так, звычайна ў верасні, на Раство Прасвятой Багародзіцы, ў Лемяшэвічах ладзіўся кірмаш у гонар прыходскага свята, — распавядае вясковы стараста Таіса Пашкевіч. — Запрашалі родзічаў, сяброў, знаёмых і частавалі. І цяпер накрываем сталы і святкуем пасля службы ў храме.

— А ў ім сёлета былі вянчанні?

— Тры вянцы за гэты год. Але восень толькі пачынаецца. У гэты час самыя вяселлі ладзяцца.

— А я памятаю, — дадае былая настаўніца Лемяшэўская, — у гады майго дзяцінства аднаразова вянчалася да сямі пар. Мы бегалі каля храма і глядзелі на маладых. Зараз разам з вясковым старастам Таісай Сцяпанаўнай ходзім у царкоўны хор.

— Калі ж вы паспяваеце? Пэўна, не было адпачынку ўсё лета?

— Хапала працы, — пагаджаецца Яўгенія Васільеўна. — Вырошчвалі гародніну, садавіну. Цяпер закручваем сабе, дзецям, унукам. І так кожны год.

— Калі я ў 1969 годзе прыехала сюды з мужам, мяне здзівілі лемяшэвіцкія сады і агароды, — падкрэслівае доктар Ніна Васільеўна. — Такія духмяныя яблыкі і грушы толькі тут. А яшчэ славяцца Лемяшэвічы лепшай у раёне вясковай бальніцай. Людзям дабірацца ў Пінск цяжкавата, звяртаюцца перш да нас. Мы і выязджалі ў самыя аддаленыя вёсачкі: Кудрычы, Маладэльчыцы, Беражцы, што за Прыпяццю.

— Чым туды дабіраліся?

— На старэнькім легкавіку. Паромам перапраўляліся на другі бераг і далей, чым даводзілася. У кожнай вёсцы была пачатковая ці васьмігадовая школы. Мы іх абслугоўвалі. У 1995 годзе ў Лемяшэвічах пабудавалі цагляную бальніцу на 50 ложкаў, але ўтрымлівалася звычайна больш людзей. З гэтага года 35 ложкаў сацыяльных і толькі 10 — для лячэння хворых. Загадвае бальніцай выпускніца Гомельскага медыцынскага інстытута Іна Сідарчук. Штодня пасля працы едзе ў Пінск, дзе жыве, і да раніцы бальніца застаецца без урача. Па старых звычаях людзі звяртаюцца да мяне, і я нікому не адказваю, хаця ўжо не працую.

Не зручна, што з трох доктарскіх ставак у нашай бальніцы пакінулі толькі паўтары.

І не толькі гэта хвалюе цяпер жыхароў Лемяшэвічаў.

— Год таму райспажыўсаюз закрыў сталовую, — абураецца старшыня СВК «Лапацінскі» Сяргей Крыльчук. — Калі б нам аддалі гэты абсалютна прыгодны для выкарыстання будынак, мы б там адкрылі свой харчовы блок. Такое памяшканне пустуе, а мы патрацілі сродкі ў Лапаціне. Не па-гаспадарску гэта. Былыя лемяшэвіцкія майстэрні пераабсталяваны пад збожжасховішчы на шэсцьсот тон.

— Закрылі і магазін прамысловых тавараў, — канстатуе стараста Таіса Пашкевіч. — Для прамысловых тавараў адвялі куток у прадуктовым магазіне. Добра, што кіраўніцтва гаспадаркі пераабсталявала пустуючае памяшканне пад жыллё.

— А ці багатыя Лемяшэвічы на старажылаў? — цікаўлюся ў вясковага старасты.

— Пераважная колькасць вяскоўцаў — сталыя. У нашай бальніцы ёсць і старажылы Палесся, якія зведалі жыццё пры панскай Польшчы і нямецка-фашысцкай акупацыі. Дзяржава ўзяла іх на поўнае сацыяльнае забеспячэнне. Дзевяты дзесятак пайшоў старэйшай лемяшэвіцкай жыхарцы Кацярыне Пятроўне Лемяшэўскай, якая яшчэ спраўна ўвіхаецца па хатняй гаспадарцы. За апошнія гады скарацілася колькасць жыхароў. Так, у зарэчнай вёсцы Курадава засталося іх толькі сем.

— За дваццаць пяць гадоў майго жыцця ў Лемяшэвічах утрая паменьшала школьнікаў, — канстатуе Васіль Шаўчук. — Цяпер іх толькі 46. Школа цудоўная, са спартыўнай і актавай заламі. Калі яна закрыецца, будуць праблемы. Я б яе перавёў у базавую і захаваў касцяк педагагічнага калектыву.

— Большасць сягонняшніх лемяшэвіцкіх настаўнікаў жывуць у Пінску і прыязджаюць толькі на заняткі. Са школьнікамі трэба ж яшчэ весці і пазакласную работу, — разважае настаўніца Яўгенія Васільеўна. — Амаль сорак гадоў я аддала выхаванню дзяцей. Праз мае рукі прайшлі некалькі пакаленняў вяскоўцаў. Памятаю кожнага выхаванца. Настаўнікі і дзеці заўсёды былі разам. З першых урокаў ужо адчувала, якія здольнасці ў каго развіваць. Гэта вельмі важна ў далейшым лёсе  дзяцей. Мы з пачатковых класаў выхоўвалі ў іх імкненне да ведаў. І наша старанне мела плён. Большасць нашых выпускнікоў паспяхова вучыліся ў вышэйшых навучальных установах. Наша школа ставілася ў прыклад іншым.

— А вашы выпускнікі знайшлі сябе ў жыцці?

— Пра ўсіх не ведаю. Многія заявілі пра сябе. Наш выпускнік Леанід Лемяшэўскі быў намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама, Аляксандр Лемяшэўскі ўзначальваў Пінскі райвыканкам, заслужаным дзеячам культуры Беларусі стаў Дзям’ян Лемяшэўскі, дагэтуль выкладае ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце Марыя Лемяшэўская, атрымаў ступень доктара медыцынскіх навук Уладзімір Колб, кіруе тралейбусным дэпо ў сталіцы Сцяпан Васкалей, пасля факультэта журналістыкі працавала ў БЕЛТА і рэспубліканскіх выданнях Таццяна Смірнова і многія іншыя дасягнулі вяршынь. Па даўняй традыцыі штогод летам былыя выпускнікі збіраюцца ў школе. Была сустрэча і сёлета. Запрасілі мяне, як першую настаўніцу. У далёкім 1961 годзе я прымала іх у першы клас. Прыехала 15 чалавек. Колькі ўспамінаў, расказаў пра жыццё прагучала. Мы хадзілі па дарагіх сэрцу сцежках школьнага двара, узгадвалі самыя шчымлівыя моманты дзяцінства. Цяпер школа пад пагрозай закрыцця.

— Не мае сэнсу яе закрываць, — лічыць вясковы доктар Ніна Грынь. — Будынак абсалютна прыгодны для эксплуатацыі. Там усё дабротнае. Школе на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі, у Лапаціне, больш за 70 гадоў. Яна стаіць у нізкім месцы, і ў сценах завеўся грыб, вывесці які немагчыма. Сцены абклалі цэглай, а ці надоўга гэта? Будынак нашай школы яшчэ моцны і разлічаны на 400 навучэнцаў. Сюды можна вазіць з усёй акругі школьнікаў, і нават інтэрнат на зіму стварыць.

Так склалася, што былая мнагалюдная вёска Лемяшэвічы губляе перспектыву. Хаця тут некалі будавалася жыллё, але яно было запатрабавана не мясцовымі жыхарамі, а прыезджымі. Сягонняшні лемяшэвіцкі стараста Таіса Пашкевіч дваццаць гадоў таму прыехала з вялікай палескай вёскі Рубель Столінскага раёна, дзе больш за шэсць тысяч жыхароў, і вельмі задаволена. Рубельскі калгас не мог забяспечыць усіх працай.

— Я задаволена, што пераехала сюды разам з сям’ёй, — пацвярджае Таісія Сцяпанаўна. — Муж пайшоў на трактар, а я — на ферму. Кіраўніцтва былога калгаса выдзеліла дом, завялі сваю гаспадарку. Побач сярэдняя школа. Усе ўмовы для шчаслівага жыцця.

— Некалі праз Лемяшэвічы планавалася пракласці газаправод, — адзначае Васіль Шаўчук. — Нацыянальны банк Беларусі распрацаваў тэхнічную дакументацыю на ўзвядзенне побач з Лемяшэвічамі базы адпачынку Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але ўсе гэтыя планы парушыў фінансавы крызіс. Ды яшчэ апошнім часам не надта шанцавала нашай гаспадарцы на кіраўнікоў, якія часта мяняліся. Адзін з іх на пачатку дзевяностых гадоў, калі я яшчэ працаваў эканамістам у калгасе, кінуўся зводзіць пагалоў’е буйной рагатай жывёлы. Тады прадукцыя ферм была нізкарэнтабельнай, а раслінаводства давала прыбытак. Мы яму спрабавалі пярэчыць, што без жывёлагадоўлі немагчыма весці земляробства, але пераканаць упартага старшыню змаглі не адразу. А калі мы ўсё ж такі настаялі на аднаўленні жывёлагадоўлі, кінуліся ў Літву, дзе нам прапанавалі элітны маладняк. Закупілі, прывезлі ў гаспадарку і высветлілася, што жывёла з захворваннямі. Было гэта ў перыяд распаду нашай вялікай дзяржавы. Вымушаны былі ўсю гэту жывёлу пусціць пад нож, што падрэзала эканоміку гаспадаркі. Тады нас далучылі да суседняй СВК «Лапацінскі» і пачалася рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм побач з Лемяшэвічамі. Людзі атрымалі працу.

— Урбанізацыя — заканамерны працэс ва ўсім свеце, закранула яна і вашу тыповую палескую вёску, якую некалі каралева Бона падаравала за рыцарскія заслугі Саве Лемяшу пры ўмове нясення ім баярскай службы пінскаму замку.

— Так, менавіта ад Савы Лемяша ідуць вытокі шляхты Лемяшэўскіх, якая тры вякі таму ўзвяла ў цэнтры Лемяшэвічаў храм, — распавядае стараста Таіса Пашкевіч. — У больш познія часы да мясцовых братоў Крэжаў везлі лодкамі па Прыпяці і вазамі па сушы з самых розных мясцін малоць збажыну.

У пяцісотгадовых Лемяшэвічах моцныя радавыя карані. Шляхетнага паходжання і мясцовыя прозвішчы Барычэўскія, Багаткі. Пінская шляхта ніколі не гнула спіны на паноў, не зведала прыгоннага права. Ёсць касцяк людзей, на якіх трымаюцца асноўныя вясковыя традыцыі, захоўваецца палеская культура. Тут шануюць памяць аб загінуўшых у навакольных мясцінах пад час баёў за вызваленне Лемяшэвічаў і навакольных вёсак ад фашыстаў. Астанкі каля пяцісот воінаў прыняла брацкая магіла, што ў цэнтры сяла. На ёй усталяваны велічны абеліск, які заўжды патанае ў вянках і кветках. Мужныя сыны многіх народаў былога СССР знайшлі тут вечны спакой. Усё гэта наша гісторыя, якую не перапішаш.

— Некалі ў кожным нашым падворку была адна, а то і дзве, нават тры каровы, — канстатуе Васіль Шаўчук. — Больш за 200 галоў трымалі жыхары Лемяшэвічаў, а летась ужо толькі 72 каровы, а цяпер — дзесяць. Сенажаць у пойме Прыпяці зарастае хмызняком. Для грамадскага статку кармы нарыхтоўваюць на акультураных сенажацях і палях.

— А чаму людзі не трымаюць кароў?

— Па розных прычынах, — лічыць Таіса Пашкевіч. — Я трымала карову, а калі яна захварэла і трэба было яе здаць, дык амаль задарма аддала. Заплацілі за яе паўтара мільёна рублёў. А каб купіць карову, трэба 10 мільёнаў. А дзе на вёсцы ўзяць такія грошы? Думаю, што ўсё ж у нас з’явяцца дробныя прыватныя фермы з выпасам кароў на лугах. Такое малако ў заходніх краінах запатрабаванае і даражэйшае. Прыйдзе гэта і да нас.

— Якая перспектыва ў Лемяшэвічаў? — пытаюся ў Васіля Шаўчука.

— У нас цудоўныя ўмовы для агратурызму. Побач дзве паўнаводныя ракі, лясныя ўгоддзі. А дзве дзеючыя жывёлагадоўчыя фермы за ваколіцай Лемяшэвічаў забяспечваюць два дзясяткі рабочых месцаў. Хочацца спадзявацца, што будзе працаваць і школа, якую на пачатку жніўня прымала раённая камісія і дала высокую  адзнаку. Застаецца пустым утульны будынак сельсавета, які можна пераабсталяваць у клуб, каб танней было зімою ацяпляць. У тыповых памяшканнях размешчаны магазін, аптэка, пошта, ўчастковая бальніца. Вось бы толькі ліфт у бальніцы ўсталяваць, каб састарэлым інвалідам было зручна з другога паверху спускацца. Далёка за межамі Лемяшэвічаў вядомы наш фальклёрны калектыў, які дзейнічае пры Доме культуры.

Трапна прыкмеціла слынная зямлячка Яўгенія Янішчыц, што «ў палескай старане кожны сокал — брацейка»... Жывуць тут дружна і годна.

Уладзiр СУБАТ, «БН», Пінскі раён

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter