І ты брут?

Якая розніца паміж сапраўдным мужчынам і звычайным “казлом”Заўтра ваш муж устане на світанні, сходзіць у кветкавую краму, прынясе букет руж, зварыць каву, пацалуе, скажа: “Любая! Сёння твой дзень!” Калі апошні раз ён гэта рабіў? Учора? Месяц назад? Год таму? Пры першым спатканні?

Вы так звыкліся з яго абыякавасцю. Ён не цікавіцца вашымі новымі ўборамі, з’ядае вячэру без замілавання ў вачах да вашага клопату пра яго, адзінага, дарагога чалавека. Вы яго кахаеце. А ён халодны. Часам ён выконвае свой мужаў абавязак у ложку, але і тады вы не адчуваеце, што гэта праява шчырага пачуцця, а не жывёльная пажадлівасць. Пры гэтым  яшчэ наязджае: маўляў, я мужык, сапраўдны самец — як і мае быць, брутальны. На тым і канец размовы. Але ці брутальнасць і грубасць — адно і тое ж?
З лацінскай мовы слова “бруталіс” перакладаецца як жорсткі, зверскі. Аднак што ж рабіць нам, мужыкам, калі жанчына згодна з агульнапрынятым стэрэатыпам “вядзецца” на гэтую першабытную сілу? Каб заваяваць сабе самку — мусіш быць “жывёлінай”. Мусі-пусі — убок! Толькі вось жанчына — істота, згодна з тымі ж стэрэатыпамі, нелагічная. Ёй патрэбен не нейкі там “казёл”, а “ласкавы і пяшчотны звер”.
Ну як тут спалучыць зверскасць і пяшчоту! Звар’яцееш, шукаючы залатую сярэдзіну! Аднак вось што цікава. Вы, несумненна, бачылі па тэлевізары Джорджа Клуні. Ва ўяўленні многіх — гэта сапраўдны мужчына, брутальны самец. Ніхто не скажа, між тым, што ён грубы, нявыхаваны, непяшчотны. Зрэшты, якім бы ён ні быў у рэальным жыцці, яго экранны вобраз адпавядае таму ідэалу, пра які мараць жанчыны ўсяго свету. Таму і выбіраюць амерыканца ў якасці аднаго з самых сексуальных і прывабных людзей планеты.
Натуральна, кіно — гэта прыгожая карцінка. У паўсядзённым жыцці ўсё намнога складаней. Мне, між тым, думаецца, што кіно — гэта не толькі і не столькі фантазія, колькі адлюстраванне пэўных рэалій. А мадэлі паводзін герояў фільмаў узяты са свету простых людзей, не з Месяца.
Мужчына мусіць быць жор-сткім, але гэта не значыць гвалтаўніком. Жорсткасць — гэта яшчэ і прынцыповасць, цвёрдасць у абароне сябе, сваёй мілай палавінкі, сям’і, гэта сумленнасць і прыстойнасць.
Мы, мужыкі, магчыма, часам проста забываем пра свой абавязак быць заўсёды на вышыні, не апускацца нават у бытавых пытаннях да ўзроўню маленькіх хлопчыкаў, якія цягаюць дзяўчат за валасы і такім чынам сігналізуюць пра сваю сімпатыю. Пазабаўляўся, пацягаў у школе — і досыць. Цяпер прыйшла дарослая пара: быць супермэнам — моцным і... добрым. Іначай твая пасія пойдзе да іншага самца.
“А калі не пойдзе? — разважаеш ты. — Яна такая — патрывае і супакоіцца, здаволіцца “мяцёлкай” да Восьмага сакавіка ды падробным “шанэлем”... Каму яна трэба, апрача мяне?” Ты моцна памыляешся. Усе мы камусьці патрэбныя. Так, не кожны знаходзіць сваю палавінку. Але аднойчы, нагружаная клункамі з прадуктамі, яна адна будзе ісці па пустой вуліцы. І раптам ля яе прыпыніцца машына шчасця... Ёй усміхнецца нехта з-за шыбы і прапануе падвезці да дома...
Гэта будзе той сапраўдны мужчына, які яе проста палюбіць з першага погляду. А ты застанешся разам са сваёй штучнай “брутальнасцю” і наіўнай верай ва ўласную незаменнасць для той адзінай, якая ўжо не з табой. Яна не адна. Яна са сваім Джорджам Клуні.
Любі яе не толькі па святах — і будзьце шчаслівыя. Разам. Будзь пяшчотным ільвом, а не дурным “казлом”. У цябе яшчэ ёсць шанц.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter