“Цвёрды” і “рашучы” Ь, ці Правапіс мяккага знака. Мяккі знак у гісторыі беларускага пісьма займае асаблівае месца.

Часам ён станавіўся аб’ектам кпінаў за сваю нікчэмную паўсюднасць, а часцей узводзіўся ў абсалют, становячыся сімвалам адраджэння роднай мовы. Полюсныя меркаванні прыдавалі своеасаблівы смак: тэма абрастала палітычнымі матывамі, узбройвала аргументамі як апанентаў адмены ь, так і заўзятараў дарэформеннага (1933) правапісу.
Рэформай правапісу 1933 г. прадпісвалася выкарыстоўваць ь толькі для абазначэння спрадвечнай мяккасці, якая назіраецца і перад цвёрдымі: Кузьме — Кузьма, на пісьме — пісьмо. Напісанне мяккага знака пры так званай суседняй мяккасці (вымушанай гукавой пазіцыяй, напрыклад, сьціпласьць) адмянялася. Паводле новага правапісу, сталі пісаць снег, звер, дзверы.
Асноўнае правіла напісання ь лічыцца ўніверсальным для роднай і рускай моў: мяккі знак пішацца ў сярэдзіне слова пасля мяккіх, калі наступны мяккі можа чаргавацца з цвёрдым: цьмяны — цьма, у барацьбе — барацьба.
У пісьмовай практыцы мы прызвычаіліся графемай ь абазначаць мяккасць на канцы слова: лось, пень, конь, ветразь. Шчыра кажучы, самі паняцці мяккага і цвёрдага (у рускай мове) знакаў узніклі параўнальна нядаўна: калі перасталі існаваць рэдукаваныя ер (ь) і ёр (ъ), са стратай якіх звязаны амаль рэвалюцыйныя змены ва ўсходнеславянскіх мовах. Да 1917—1918 гг. у рускай мове ўсе словы, якія заканчваліся на зычны, павінны былі пісацца з ь ці з ъ: въ толкъ, съ полкомъ, конь, грань.
Сёння цяжка не пагадзіцца з тым, што адмена ў 1917—1918 гадах у рускай мове цвёрдага знака на канцы слоў тыпу онъ, столъ, возъ ёсць прагрэсіўны крок у напрамку эканоміі і паперы, і маўленчых намаганняў носьбіта рускай мовы. Цвёрды знак на той час у канцавой пазіцыі стаў неінфарматыўным, ён страціў сваю функцыю, і яго лёгка можна было зняць з правапісу. У “Вікіпедыі” знаходзім: “...дастаткова бескарысны Ъ на канцы слоў займаў прыкладна 4 працэнты аб’ёму тэксту, і, па падліках Л.В.Успенскага, да рэформы правапісу на яго штогод ішло каля 8,5 млн лішніх старонак” (http://ru.wikipedia.org/wiki). У рускай мове цвёрды знак стаў празмерным. Чаму прыводжу такія аналогіі?
Усходнеславянскія мовы функцыянуюць у блізкай роднасці і вылучыліся ў розныя групы параўнальна нядаўна. Што для мовы шэсць стагоддзяў? Доля секунды для жыцця чалавека. Гэта зараз рускі, беларус, украінец амаль разумеюць адзін аднаго, а дайце яшчэ з дзесятак стагоддзяў. Што будзе пры натуральным ходзе развіцця? Мовы настолькі аддаляцца, што наўрад ці мы будзем такімі зразумелымі, як сёння. І гэта заканамерна, бо мовы адгаліноўваюцца адна ад адной, утвараючы новыя групы. Праўда, для гэтага патрэбна адна істотная ўмова — каб засталіся яе носьбіты...
Як для рускай мовы стаў празмерным на канцы слова цвёрды знак, былы ёр, так для нашай — мяккі, былы ер, пры абазначэнні асіміляцыйнай мяккасці. І на пачатку ХХ, і на пачатку ХХІ стагоддзяў шматлікімі рупліўцамі чамусьці не бралася і не бярэцца зараз пад увагу тая акалічнасць, што пазначэнне асіміляцыйных працэсаў (прыпадабнення аднаго зычнага да другога ў суседстве: кладка — [клатка], вакзал — [вагзал], сшытак — [шшытак], знесці — [з’н’эс’ц’і]) не справа арфаграфіі, а другой навукі — арфаэпіі. Арфаэпічная норма дыктуе: значная частка зычных гукаў, асабліва [з], [с], прыпадабняецца па мяккасці. Выключэннем з’яўляюцца заднеязычныя і губныя: склеп — [скл’эп], плюралізм — [пл’урал’ізм]. Нельга ламацца ў адчыненыя дзверы, як і нельга двойчы ўвайсці ў адну раку...
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ўслед за “Правіламі” (1959) вылучаюцца змякчальны і раздзяляльны ь. Істотных змен у правапісе змякчальнага ь няма, акрамя таго, што было ліквідавана выключэнне, якое датычылася прыметнікаў, утвораных ад кітайскіх назваў.
Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д):
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага на канцы слова: мядзведзь, дзень, соль, вось, чытаць, пісаць, стань, кінь, лезь, шэсць, дзесяць, штось, дзесь, кудысь, чагось, вішань, кухань, соцень, песень;
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад цвёрдым зычным: дзядзька, бацька, касьба, барацьба, пісьмо, Вязьма, Кузьма, восьмы, процьма, дзьмухавец;
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад наступным мяккім зычным тады, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) гэты мяккі зычны становіцца цвёрдым, а папярэдні зычны захоўвае сваю мяккасць: барацьбе, барацьбіт (барацьба), пісьменнік (пісьмо), васьмі, васьмю (восьмы), цьмяны (цьма). Калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) мяккасць зычных не захоўваецца, то мяккасць зычнага перад наступным мяккім зычным на пісьме мяккім знакам не абазначаецца: дзве — два, шэсць — шосты, звінець — звон.
Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у дзеясловах загаднага ладу:
перад канчаткам першай асобы множнага ліку -ма: кіньма, сядзьма, станьма;
перад канчаткам другой асобы множнага ліку -це: будзьце, кіньце, сядзьце, станьце, намыльце;
перад зваротнай часціцай -ся: кінься, звесься.
Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у назоўніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: коньмі, людзьмі, грудзьмі, дзецьмі.
Мяккі знак пішацца:
у складаных лічэбніках: пяць-дзясят, пяцьсот, шэсцьсот, дзевяцьсот;
у часціцы -сьці, якая ўваходзіць у склад слова: штосьці, чагосьці, кудысьці, дзесьці, чамусьці, якісьці;
у слове ледзьве.
Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [л] перад зычнымі: пальцы, кольцы, відэльцы, сальца, вальцы, колькі, толькі, гульні, вельмі, Альф’еры, бразільскі (Бразілія), венесуэльскі (Венесуэла), уральскі (Урал), лепельскі (Лепель), лільскі (Ліль), Мангальф’е.
Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н]:
перад суфіксам -к-, а таксама перад суфіксам -чык- (калі слова без суфікса -чык- заканчваецца мяккім знакам): песенька, вішанька, нянька (і няньчыць); каменьчык (камень), праменьчык (прамень), карэньчык (корань), агеньчык (агонь);
перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н’],    і   назоўніка    восень:    сту-дзеньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, снежаньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных уласных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа;
у суфіксе -еньк- (-эньк-, -аньк-): маленькі, даражэнькі, прыгожанькі.
Мяккі знак не пішацца:
пасля шыпячых (ж, дж, ч, ш), р, ц (не з т мяккага) і д, т, а таксама пасля губных б, в, м, п, ф: дождж, ноч, мыш, цар, купец, голуб, п’едэстал, сям’я, В’етнам, верф;
пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам) таго ж кораня нельга паставіць гэтыя з, с, ц, дз перад цвёрдым зычным: песня — песні — песнямі, звер — зверам — звяроў, свет — свяціць — асвятленне, дзверы — дзвярэй, чацвер — чацвяргом, чацвёрты — чацвярціна — чацверыком, цвёрды — сцвярджаць; схіліцца, скінуць, ёсць, Дзвіна, Дзмітрый;
пры падаўжэнні зычных: насенне, ралля, галлё, калоссе, а таксама падваенні: ззяць;
у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чань-чунскі (Чань-Чунь), цянь-шанскі (Цянь-Шань).
Звернем увагу на апошні абзац: якраз у ім ідзе гаворка пра прыметнікі, утвораныя ад кітайскіх назваў на -нь. З 1 верасня 2010 года іх будзем пісаць па-новаму...

Зваротная сувязь

На пытанне рубрыкі прыйшлі адказы

Раней было пастаўлена пытанне, чаму мы пішам мяккі знак, калі слова заканчваецца мяккім зычным, а не наадварот: не пішам цвёрды знак, калі слова заканчваецца на цвёрды. Няхай бы мы пісалі: кон (конь), дубъ (дуб). Прыйшло ля сотні адказаў.
Хацелася б назваць пераможцаў, але іх 76. Назавём, відаць, першага, хто правільна адказаў на гэтае пытанне. Ім аказаўся карыстальнік пад логінам golas-09. Калі параўнаць колькасць слоў, якія заканчваюцца на цвёрды зычны, са словамі, што заканчваюцца на мяккі, то першых будзе значна болей, — напісаў ён.
Зусім заблытаўся. Як правільна перакласці на беларускую мову: запросить документы?  room32
— Перад намі міжмоўныя амонімы: у рускай мове запросить — ‘сделать запрос’, ‘затребовать’, ‘назначить  чрезмерную цену’, ‘назвать цену’; у беларускай запрасіць — ‘папрасіць каго-небудзь прыйсці’, ‘прапанаваць выканаць якую-небудзь работу, даручэнне’. Прыведзенае словазлучэнне можна перакласці: зрабіць запыт дакументаў, запатрабаваць дакументы, папрасіць даслаць дакументы.
Падкажыце, калі ласка, чым адрозніваюцца словы лактацыя і лактоза.                                                             Маладая мама
— Лактацыя — працэс утварэння і выдзялення малака, перыяд такога выдзялення малака. Лактоза (спецыяльны тэрмін) — цукар, які ўтрымліваецца ў малацэ млекакормячых.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter