...І тчэ, забыўшыся, нага

У Ракаве аднавілі ўнікальную тэхніку вырабу паясоў

УСЁ пачалося з ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі «Берагіня». Патрэбна было, каб дзеці цэнтру валодалі нейкім рамяством. Метадысты ўзгадалі бабулю Марыю Мікалаеўну Стасяловіч, якая ўзнавіла традыцыйнае для мясцовасці ткацтва паясоў на назе і паказала іншым. Жанчына мае званне народнага майстра, неаднойчы адпраўляла свае працы на розные конкурсы.

Хрысціна Лямбовіч хутка пазнаёмілася з ёй. Некалькі разоў з’ездзіла да яе, каб пераняць майстэрства: «Памятаю, як пасля першай сустрэчы да дзвюх гадзін ночы сядзела дома і спрабавала паўтарыць тое, што мне паказала бабуля. Потым ужо сама пачала навучаць гэтай тэхніцы дзяцей у нашым гуртку. І ўжо ў 2006 годзе мы з дзецьмі ўдзельнічалі з нашымі паясамі ў фестывалі «Берагіня».

Ткацтва на назе, альбо, як яго яшчэ называюць, на ніту распаўсюджана і ў іншых рэгіёнах Беларусі. У чым жа адметнасць валожынскіх паясоў?

— Унікальнасць у тым, что да гэтуль захавалася аўтэнтычная тэхніка іх вырабу. Бабуля, у якой я пераняла гэтыя веды, ткала менавіта так. Бабулі нічога ж не выдумляюць. Гэта мы можам нешта прыдумаць, дадаць, каб аблегчыць сабе працу. Напрыклад, тады нітка трымалася на ўласнай назе, з-за гэтага часта млела спіна. Каб зрабіць працу больш лёгкай, некаторыя чапляюць ніткі за нейкія нерухомыя прадметы — стол, напрыклад. Але мы захавалі тэхніку ткацтва менавіта на назе — гэтаму і навучаем дзяцей, — тлумачыць Хрысціна.

Адрозніваюцца валожынскія паясы і сваімі ўзорамі, і колерам. Калі ў Ракаўскім цэнтры народнай творчасці сталі больш дасканала вывучаць тэхналогію ткацтва такіх паясоў, то знайшлі і аўтэнтычныя ўзоры. Праўда, часта ўжо ніхто не ведае, што яны азначаюць. Але захаваліся назвы некаторых з іх, і гэта ўжо добра.

Ніткі, з якіх рабілі паясы, фарбавалі натуральнымі фарбавальнікамі. Але не спецыяльна для паясоў — ткалі і з тых нітак, што засталіся пасля вырабу посцілак і адзення. Іншымі словамі, паясы рабілі з таго, што заставалася пасля іншых вырабаў. Але выкарыстоўвалі даволі шырока: і як элемент адзення (асабліва мужчынскага), і ў гаспадарцы, калі патрэбна было нешта завязаць, напрыклад, сняданак для працаўнікоў у полі. Былі паясы не такія стракатыя, як іх можна зрабіць з сучасных нітак, у гэтым асаблівасць натуральных фарбавальнікоў. Хрысціна Лямбовіч лічыць, што, калі не спазніцца, то яшчэ можна захаваць інфармацыю і пра натуральныя фарбавальнікі, распытаўшы пра іх у старажылаў.

Зараз, праехаўшыся па Валожыншчыне, наўрад ці знойдзешь людзей, якія ткуць гэтым спосабам. Жанчына, у якой Хрысціна Лямбовіч пераняла майстэрства, таксама ўжо ў сталым узросце і таму ткацтвам не займаецца. Іншымі словамі, калі б аднойчы бабуля не ўзгадала рамяство сваёй маладосці, а працаўнікі цэнтру ў Ракаве не зацікавіліся б ім, то наўрад ці і мне давялося пісаць зараз пра валожынскія паясы.

— Магчыма, пераняў бы нехта іншы, але тэхніка, сапраўды, магла згубіцца, — кажа Хрысціна. Сёння ў дзіцячым гуртку ў Ракаўскім цэнтры народнай творчасці дзяцей навучаюць розным тэхнікам ткацтва. Дарэчы, ткацтва на назе — не адзін унікальны спосаб. Ёсць яшчэ, напрыклад, на дошчачках — больш старажытны.

КАБ захаваць тэхніку па вырабе валожынскіх паясоў, у Ракаве вырашылі намінаваць іх на статус нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі. Хрысціна Лямбовіч паспяхова абараніла гэтае права валожынскіх паясоў на калегіі ў Міністэрстве культуры — статус быў дадзены.

Сёння можна казаць, што валожынскія паясы — гэта таксама брэнд, які лёгка пазнаць сярод іншых паясоў. Падчас розных фестываляў і ярмарак выстаўляюць і працы дзяцей з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці.  Яны нават прыдумалі, як у сучасным жыцці можна выкарыстоўваць іх адметныя паясы: робяць з іх брылокі для ключэй альбо тэлефонаў. А сама Хрысціна Лямбовіч прызнаецца, што бярэ паясы ў кожную паездку — у дарозе яны заўжды аказваюцца патрэбнымі.

Яна МІЦКЕВІЧ, «СГ»

Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter