Шэдэўры Трацякоўскай галерэі змогуць убачыць мінчане і госці горада на выстаўцы «Ад рэалізму да імпрэсіянізму»

І светлы бярозавы гай

Шэдэўры Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі змогуць убачыць мінчане і госці горада на выстаўцы «Ад рэалізму да імпрэсіянізму» ў Нацыянальным мастацкім музеі.


КУІНДЖЫ «Бярозавы гай» (1901 г.), з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея.

Палотны з Трацякоўкі прыбудуць да нас ужо ў трэці раз. Кожны «візіт» з гэтай галерэі пачэсны для любога музея. Аднак, што асабліва знамянальна, нашаму мастацкаму ёсць чым падтрымаць гасцей. Напрыклад, палатно «Бярозавы гай» Куінджы, створанае ў 1879 годзе, якое прыедзе з Масквы, сустрэнецца ў Мінску са сваёй беларускай «сястрой». Справа ў тым, што і ў фондах нашага музея захоўваецца аднайменная карціна рускага жывапісца, празванага майстрам святла, але напісана яна пазней, у 1901 годзе. Дарэчы, падобная сустрэча адбудзецца і ў двух партрэтаў работы Іллі Рэпіна. 


А. КУІНДЖЫ «Бярозавы гай» (1879 г.), з калекцыі Трацякоўскай галерэі.

На выстаўцы будзе прадстаўлена больш за паўсотні жывапісных палотнаў вядомых майстроў, сярод якіх Васілій Верашчагін, Ісаак Левітан, Іван Шышкін, Васілій Паленаў, Аляксей Саўрасаў, Канстанцін Каровін. Усе творы прыедуць у Мінск упершыню. 

Прычым разам з работамі ўра-джэнцаў Расіі, велічынямі сусветнага жывапісу, выстаўка пазнаёміць і з карцінамі ўраджэнцаў нашай краіны.

Станіслаў Жукоўскі — адна з найбольш значных фігур рускага імпрэсіянізму — нарадзіўся ў Гродзенскай губерні. Фердынанд Рушчыц, выхадзец з Міншчыны, вучань Шышкіна і Куінджы, — пейзажыст-сімваліст. 

Выстаўка будзе працаваць з 5 верасня па 11 снежня.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter