“Свет наш абмыйце, чыстыя росы...”. Заўтра ў каталікоў пачынаецца Адвэнт

Перыяд падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння, які называецца ў каталікоў Адвэнт, сёлета распачынаецца 29 лістапада і  працягнецца  да 24 снежня.
У Адвэнт усе вернікі радасна, у малітве і засяроджанасці чакаюць прыходу Збаўцы. У гэты час не праводзяць гучныя забавы. Вернікі таксама заахвочваюцца да ўстрымання ад дрэнных звычак і, безумоўна, да працы над сабою. Характар устрыманняў кожны вызначае для сябе асабіста або па парадзе святара.
Вельмі прыгожай з’яўляецца традыцыя ранішніх набажэнстваў у гонар Божай Маці. Падчас гэтых літургій, якія распачынаюцца пры згашаным святле і запаленых свечках, гучыць спеў-малітва: “Свет наш абмыйце, чыстыя росы, Збаўцу святога дайце, Нябёсы”.
“Занепакоеныя складанай сітуацыяй сучаснага чалавека, мы ізноў пытаемся, што чыніць, каб не размінуцца з надыходзячым Панам? — цытуе сёлетняе пасланне на Адвэнт мітрапаліта Кандрусевіча афіцыйны партал Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. — Святы Ян Хрысціцель адказвае: навяртайцеся. А гэта азначае: ідзіце ў пустыню свайго духоўнага жыцця, каб, знаходзячыся далёка ад гоману сучаснага свету, пачуць Таго, які жыве ў нас, і вызваліцца ад гоману знешняга і ўнутранага, які значна больш грозны, бо заглушае чалавечае сумленне”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter