Ва Ушацкім раёне за першае паўгоддзе надоена ад каровы 1512 кілаграмаў малака — 113-ы паказчык сярод 118 раёнаў рэспублікі

І спецыялістаў не хапае, і жывёлу шкада

Ва Ушацкім раёне за першае паўгоддзе надоена ад  каровы 1512 кілаграмаў малака — 113-ы паказчык сярод 118 раёнаў рэспублікі. Чаму?
Ва Ушацкім раёне за першае паўгоддзе надоена ад  каровы 1512 кілаграмаў малака — 113-ы паказчык сярод 118 раёнаў рэспублікі. Каб аб’ектыўна разабрацца, у чым  справа, па заданні рэдакцыі адпраўляюся ў раён. І першым чынам гартаю свежы нумар мясцовай газеты “Патрыёт” за 3 жніўня,  ў якім  надрукавана інфармацыя  аб поспехах усіх аператараў машыннага даення. З публікацыі пазнаю, што ў райаграсэрвісе вынікі куды меншыя, чым у сельгаспрадпрыемствах  “Вялікадалецкае” і “Ільюшынскі”. Журналіст Дзмітрый Раманоўскі  ў артыкуле “Перасохлая “крынічка” даволі падрабязна аналізуе незайздросны стан  у малочным цэху райаграсэрвісу. Ёсць у допісе такія радкі:


“Дзвюма апошнімі пятніцамі давялося пабываць на Днях жывёлавода ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, калісьці флагмане вытворчасці малака і мяса. Што і казаць – настрой у мясцовых працаўнікоў зусім невясёлы і зараз пра былыя пазіцыі тут застаецца толькі марыць. Здаецца, па выніках першага паўгоддзя ёсць зрухі да лепшага: за студзень—чэрвень надоена 792 тоны, узровень мінулага года перавышаны на 21,1 працэнта. Ды гэта не тыя паказчыкі, якія могуць задавальняць, бо крытычна нізкая кропка адліку. Нягледзячы на рост, заданне па вытворчасці малака не выканана — недаатрымана 72 тоны. Мінус назіраецца і па першым месяцы другога паўгоддзя. Надоена 144,3 тоны малака супраць 157,5 у ліпені мінулага года.

Амаль увесь дойны статак райаграсэрвіса сканцэнтраваны на даільнай зале комплексу. 440 галоў за дзень даюць  каля 3,4 тоны малака, што, канечне, вельмі мала, ад адной каровы не выходзіць і 7,5 літра ў дзень пры трохразовым даенні. Адсюль і нізкая зарплата, цякучасць кадраў. Не ўсе работнікі сумленна адносяцца да сваіх абавязкаў, і прагулы ад “загулаў” пасля зарплаты, калі даіць кароў прыходзіцца загадчыцы, лабаранту ці ветурачу, — не адзінкавы факт”.

ЗАХАЦЕЛАСЯ наведаць гэты малочна-таварны комплекс “Завячалле”, які ўзведзены ўсяго 5 год таму і павінен быў стаць фабрыкай па вытворчасці малака, істотна паправіць справы гаспадаркі. Чамусьці гэтага не адбылося. Калі верыць лічбам, рэнтабельнасць малочнай галіны гаспадаркі з улікам мацярынскага статку ў 200 галоў усяго 0,6 працэнта.

Ахоўнік ля варот абнесенага высокай сцяной комплексу  разводзіць рукамі:  загадана нікога не пускаць.

—Калі загадана? — перапытваю.

— Сёння.

Гавару яму, што я журналіст, пра мяне павінны былі далажыць. Нуль увагі. Прашу паклікаць кіраўніцтва – тое самае. 

Набіраю нумар мабільнага тэлефона галоўнага заатэхніка раёна Таццяны Нажэевай і дакладваю абстаноўку. Яна тлумачыць, што аб’ект закрыты, і пабочным уваход забаронены, а загадчык фермы паехаў у Віцебск за камбікармамі.

Вось дык цуд. Так і не давялося нічога ўбачыць на “сакрэтным аб`екце”, які, пэўна, тэрмінова закрылі  перад  журналістам.

Пайшоў па іншаму шляху: дазваніўся да аператара Любові Царэва, жыхаркі Ушачаў, якая была выхадной. Яна пагадзілася сустрэцца. Вельмі інтэлігентная жанчына, якая, бачна было з першых слоў, перажывала за сітуацыю на комплексе. Яе расказ запісаны на дыктафон і падаецца ў скарочаным варыянце: 

— Калі быў у нас напачатку дырэктарам гаспадаркі Іван Буруноў, то быў і парадак. Людзі імкнуліся працаваць, і, каб уладкавацца на комплекс, была чарга. Цяпер жа зусім не тое: людзей не хапае, і асаблівай ахвоты да работы таксама няма. Адна з галоўных прычын – уразаюць зарплату. Да таго ж не ведаем наогул, за што нам плацяць. Напрыклад, за чэрвень гэтага года ў выдадзеным мне лістку напісана, што я зарабіла  2 мільёны 339 тысяч 84 рублі, а на рукі атрымала мільён 700 тысяч 800 рублёў. Указана, колькі ўзялі падаходнага падатку, у пенсійны фонд, прафсаюзныя ўзносы, а вось за што і колькі налічана па самой рабоце — няма. Вусна нам тлумачаць, што мы парушаем тэхналогію, таму такія і зарплаты. У нас на комплексе 440—460 дойных кароў, якіх, па тэхналогіі, павінны абслугоўваць 6 аператараў, але ёсць толькі 5. Сістэма такая: тры дні запар павінна  працаваць адна змена (тры  чалавекі), а потым столькі ж – другая. Насамрэч у апошні час звычайна доім ўдваіх. Учора, 2 жніўня, у мяне напарніцай была толькі Тамара Зяленік. Нам ставяць  8 рабочых гадзін у дзень, але мы ў іх ніяк не “укладваемся”. Тры дойкі забіраюць больш, бо трэба ж рабочае месца пасля прывесці ў парадак,  і да таго ж займаемся яшчэ і раздоем першаацёлак, якіх трэба прывучыць да станка,  даільнага апарата.  На сённяшні дзень раздойваем  31 першаацёлку, але ніхто нам за гэта не плаціць. Адзін з галоўных фактараў зарплаты — прадукцыя, аднак  адкуль ёй быць, калі ці незаўсёды дэфіцыт кармоў. Мне проста шкада жывёлу. Куплялі тыя кармы зімой у іншай гаспадарцы, а цяпер, летам, калі ўдосталь зялёнкі, даём гнілое сена. Нястача камбікармоў, бо няма райаграсэрвісу за што іх набываць. Як, між іншым, і лекі. Каровы кульгаюць. Няма нармальных умоў на комплексе для нас, жывёлаводаў. Я прыязджаю на работу ў 5 гадзін раніцы і вяртаюся дахаты толькі ў 9 вечара. Ежу бяру з сабой.  Але няма халадзільніка, і яна псуецца. Ёсць толькі мікравалноўка і чайнік. Не адрамантаваны душ, памыцца няма як. Раней прадавалі нам малако прама на комплексе па сабекошту, па 5 рублёў за літр, а цяпер перасталі, таму вымушана браць яго ў краме. Мне падабаецца гэта работа, але працаваць немагчыма, таму падала заяву на звальненне. Будуць трымацца тыя, каму губляць няма чаго...”

ПАКОЛЬКІ дырэктар райаграсэрвісу Людміла Верташонак знаходзілася на бальнічным, пазнаёміў з большасцю прыведзеных  вышэй фактаў галоўнага заатэхніка раёна Таццяну Няжэеву. Яна з многім катэгарычна не пагадзілася. Па-першае, па тэхналогіі. Калі летась памянялі абсталяванне ў даільнай зале на імпартнае, спачатку не прыдавалі вялікага значэння  некаторым парушэнням, і зарплата асобных аператараў даходзіла да 7 мільёнаў у месяц.  А спыталі потым больш строга па ўсіх пунктах — і пайшло незадавальненне. 

Што тычыцца раздою першаацёлак, то комлекс недабудаваны: няма асобнага цэху для гэтага, і аператары не праводзяць раздой, як патрэбна па тэхналогіі. (Але прычым тут аператары да недабудаванага памяшкання. — У.С.)  Кажучы пра “гнілое” сена, то ў сувязі з дажджамі не маглі заехаць на поле, і давалі некалькі дзён  каровам сянаж, нарыхтаваны ў рулоны, пакрытыя плёнкай. Быў і душ для работнікаў, але яны зламалі яго, а парамантаваць няма за што. Наконт халадзільніка пастараецца разабрацца.

Увогуле ж пагадзілася, што праблемы ёсць: нямала людзей на комплексе выпадковых, сказваецца дэфіцыт фінансаў у гаспадарцы. На набыццё тых жа камбікармоў.

Начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Наталля Мончык агучыла такі факт: райаграсэрвіс прадае на Лепельскі малочнакансервавы камбінат у месяц прадукцыі ў сярэднім на 500 мільёнаў недамініраваных рублёў, а толькі за працэнты на крэдыты яму налічваюць мільярд 200 мільёнаў. Якая тут эканоміка?! Хутчэй за ўсё, райаграсэрвіс аб’явяць банкрутам, і МТФ “Завячалле” пяройдзе да адной з гаспадарак.

АЛЕ ёсць прыклады іншага парадку. ААТ “Вялікадалецкае” рэалізуе прадукцыі ў месяц на той жа камбінат на мільярд 200 мільёнаў, і поўнасцю пагасіў усе даўгі. Гэта адзінае сельгаспрадпрыемства раёна, якое цяпер не мае запазычанасці перад МКК.  Надаілі ў азначанай гаспадарцы  за першае паўгоддзе ад каровы 1980 кілаграмаў малака. 

А магло быць і больш, калі б не было затрымак з разлікам за рэалізаванае малако. Тое самае  ААТ “Вялікадалецкае” вымушана перайсці на двухразовую дойку, бо не было за што набыць бензін для дастаўкі аператараў машыннага даення з розных вёсак на палявыя станы, дзе знаходзяцца  гурты кароў. 

Увогуле ж, як расказала Наталля Мончык, разлікі за здадзеную прадукцыю праводзяцца згодна з распаражэннем Віцебскага аблвыканкама № 197 Р ад 10 ліпеня 2015 года. Так, ААТ “Лепельскі МКК” павінен забіраць 25 працэнтаў на пагашэнне доўгу, столькі ж адлічваць на спецрахунак на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў і мінеральных удабрэнняў,  а астатнія 50 працэнтаў аддаць гаспадарцы. 

Што атрымалася за першае паўгоддзе? Прадпрыемства сабе, як і належыць, забрала 5,9 мільярда рублёў за даўгі, поўнасцю выплаціла 11,9 мільярда гаспадаркам, а вось на спецрахунак паклала замест 5,96 мільярда рублёў толькі 2,8 мільярда. Недадало больш 3 мільярдаў. А гэта значыць, што ў сельгаспрадпрыемствах узніклі цяжкасці з пагашэннем крэдытаў, спробай узяць новыя, набыць тое ж гаручае.

“БІЧОМ” раёна з’яўляецца востры недахоп кадраў. У ААТ “Ільюшынскі” год няма галоўнага заатэхніка. Яго абавязкі выконвае даярка. Галоўны ўрач з’явіўся толькі паўтара месяца таму. На сёння з 8 неабходных галоўных заатэхнікаў у гаспадарках ёсць толькі адзін,  і то працуе ўжо тры гады пасля выйсця на пенсію. Яшчэ два чалавекі выконваюць абавязкі галоўных заатэхнікаў без адпаведнай адукацыі. З  7 галоўных урачоў  ёсць толькі 2. І то ў другога маладога спецыяліста стаж усяго паўтара месяца. Аб чым можна гаварыць...

Начальнік Ушацкага райсельгасхарчу Леанід Лісоўскі прызнае, што набыткі ў жывёлагадоўлі, і не толькі ў ёй, былі б іншыя, калі б прыходзілі кваліфікаваныя спецыялісты, у якіх было б жаданне працаваць у вёсцы.  Але, як бачна, такіх жадаючых ва Ушацкім раёне усё менш и менш.

 КАМЕНТАРЫЙ 

першага намесніка старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзіміра МАШЭРЫ:

— Ушацкаму раёну ўвагі не бракуе, дапамога ідзе па розных напрамках. Перадалі свінакомлекс і комплекс па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Полацкаму камбінату хлебапрадуктаў. На праблемнай МТФ “Завячалле” ўстанавілі новае імпартнае абсталяванне ў даільнай зале. Рэгулярна тэхналагічныя групы спецыялістаў камітэта выязджаюць у гаспадаркі раёна, каб на месцы аказаць канкрэтную дапамогу. Пакуль што аддачы няма. 

Што тычыцца іншых раёнаў,  у якіх таксама невысокія паказчыкі па малаку, то там ідзе актыўная падрыхтоўка да зімоўкі грамадскага статку. Так, напрыклад, у Шумілінскім адрамантаваны 5 цялятнікаў, узноўлена пагалоў’е на комплексе  “Валожынскі”. Нарыхтавана больш, чым летась, травяных кармоў: 20,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што амаль на 6 цэнтнераў перавышае леташні ўзровень. Значна больш кармоў назапасілі Сенненскі, Расонскі, Талачынскі і іншыя раёны. У цэлым па вобласці ўжо назапашана травяных кармоў больш леташняга на 11 працэнтаў. Нарыхтоўка іх працягваецца. У гэтыя дні закладваецца зернесенаж з аднагадовых. А таму ёсць спадзяванне, што істотна паправяцца паказчыкі  ў жывёлагадоўлі, у тым ліку  і ў вытворчасці малака.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter