" ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

У нашай краіне прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да вызвалення гарадоў і вёсак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Людзі ўспомнілі тых, хто не вярнуўся з бою, хто мужна змагаўся з ворагам за свабоду і мірнае жыццё. Аддаць даніну памяці, пакланіцца родным з усіх куткоў свету прыехалі блізкія загінуўшых. Але многія і да гэтага часу не ведаюць, дзе пахаваны іх бацькі, дзяды. Пісьмы з просьбай дапамагчы ў пошуку людзей, што прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, ці месца іх пахавання штодзень прыходзяць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё...” Дапамагаюць у такіх справах пошукавыя атрады. Яны прадастаўляюць нам звесткі пра тых, хто пахаваны на тэрыторыі Беларусі і знойдзены падчас пошукавых работ.
ПРАПАЛІ БЕЗ ВЕСТАК

Мінчанка Надзея Захараўна Сакольчык шукае месца пахавання брата Уладзіміра Захаравіча РАЗМЫСЛОВІЧА, які нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Забалацце Мінскага раёна. “Мне было 10 гадоў, як ён пайшоў у армію. Аднойчы мама атрымала ліст з ваенкамата з просьбай з’явіцца туды. Калі паехала, ёй сказалі, што брат загінуў і ўручылі ордэн, якім яго ўзнагародзілі пасмяротна. У мяне застаўся толькі партрэт брата, ордэн і дакумент, які далі з ордэнам. У ім напісана: “Камандзір в/ч 65583-М Перадуга і ўвесь асабовы склад шле прывітанне і высылае ордэн Вялікай Айчыннай вайны першай ступені, якім узнагароджаны Ваш сын, Размысловіч Уладзімір Захаравіч, за мужнасць і адвагу”.
“Мой брат Пракоп Дзмітрыевіч СВІРЫДАЎ нарадзіўся ў 1922 годзе. У 1941-м, за сем дзён да пачатку вайны, ён пайшоў у армію, прызываўся ваенкаматам Магілёўскага раёна. Першы ліст ад яго атрымалі 11 сакавіка 1945 года. Напісаў, што паранены і знаходзіцца ў Германіі, на рацэ Одэр, недалёка ад Берліна. На канверце быў пазначаны адрас: палявая пошта №77605П. З таго часу нічога пра яго невядома. Але ў кнізе “Памяць” напісана, што ён прапаў без вестак. Марыя Дзмітрыеўна Ганчарова, Магілёўская вобласць”.
Ганна Мікалаеўна Філіна хоча даведацца, дзе ваяваў і пахаваны дзядзька Пётр Венядзіктавіч ГРАДУСАЎ, прыблізна 1922 года нараджэння, ураджэнец Чэрыкаўскага раёна. Пры абароне Радзімы прапаў без вестак. Можа, яго фотаздымак  дапаможа ў пошуку, адгукнуцца аднапалчане.
“Мае дзядзькі пайшлі на фронт у ліпені 1941 года. Іван Кірылавіч ЧАРНУШЭВІЧ, Іван Фаміч ЧАРНУШЭВІЧ і Васіль Іванавіч КАНДРАТОВІЧ нарадзіліся ў 1922 годзе ў Жыткавіцкім раёне. Па даных ваенкамата, у сакавіку 1944-га прапалі без вестак пры вызваленні Беларусі. Магчыма, дзе-небудзь ёсць помнік воінам-вызваліцелям, на якім пазначаны гэтыя імёны і прозвішчы? Іван Іванавіч Чарнушэвіч, Гомельская вобласць”.

ЧЫЕ ВЫ БУДЗЕЦЕ?
У кнізе памяці Мастоўскага раёна ёсць запіс: Якаў Іванавіч КУЗНЯЦОЎ, 1911 года нараджэння, афіцэр. Служыў у 152-м кавалерыйскім палку 6-й кавалерыйскай дывізіі ў горадзе Ломжа. Мабілізаваны Сіроцінскім райваенкаматам. Загінуў на тэрыторыі Мастоўскага раёна, пахаваны ў брацкай магіле горада Масты. Ён ураджэнец вёскі Запруддзе зараз Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Жонка Вера Іванаўна Кузняцова жыла ў вёсцы Палячкі. Да эвакуацыі сям’я Кузняцовых жыла ў горадзе Ломжа Беластоцкай вобласці.
У чэрвені 1998 года падчас правядзення пошукавых работ у вёсцы Мілевічы Курылавіцкага сельсавета былі знойдзены астанкі байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, а таксама 17 медальёнаў воінаў. Устаноўлены даныя на Паўла Васільевіча МАКАРАВА, 1919 года нараджэння, ураджэнца вёскі Чаранкі Чавускага раёна. Там жылі і яго бацькі, у прыватнасці, Васіль Макараў, які пайшоў на фронт і прапаў без вестак у верасні 1944 года. А таксама на Фёдара Герасімавіча КАЗЛОЎСКАГА, 1910 года нараджэння, ураджэнца вёскі Халмы Аршанскага раёна. Прызываўся Аршанскім райваенкаматам, прапаў без вестак у снежні 1944 года. Яго сям’я: Герасім Казлоўскі, горад Віцебск, станцыя Асінаўка. Жонку Фёдара Герасімавіча звалі Ганна Аляксееўна Казлоўская. Знойдзены звесткі пра Антона Дзмітрыевіча КАЖАМЯКІНА, малодшага сяржанта, 1918 (ці 1919) года нараджэння, ураджэнца вёскі Агародня Добрушскага раёна. Там жыла яго сям’я.
Спадзяёмся, родныя пачуюць ці прачытаюць гэтыя прозвішчы і імёны і адгукнуцца.

СНІЦЦА БАЦЬКА

“Дапамажыце адшукаць майго бацьку Уладзіміра Васільевіча ІЛЬЮШОНКА, 1939 года нараджэння. Так здарылася, што мама з татам разышліся, калі мне было крыху больш за год. У 16 гадоў я ездзіла да бацькі, і мы падтрымлівалі сувязь. Тады ён жыў у Мінску на праспекце Ракасоўскага і працаваў на заводзе эндакрынных прэпаратаў. Сувязь нечакана абарвалася. Толькі напісала жанчына, з якой жыў на той час бацька. Я зразумела, што ўсе мае пісьмы ад яго хавалі. Прайшлі гады, я хачу ведаць, як склаўся лёс майго бацькі. Нягледзячы ні на што, я яго люблю і паважаю, ён часта сніцца мне. Ёсць яшчэ інфармацыя, што ад другога шлюбу майго бацькі ёсць дзеці, мае зводныя брат (прыкладна 1959 года нараджэння) і сястра (1963—1965 года нараджэння). Адгукніцеся. Буду вельмі рада сустрэцца з вамі. Ала Уладзіміраўна Малішэўская”.

ЛЁС ЗАНЁС У АРГЕНЦІНУ
“Дапамажыце адшукаць маіх стрыечных братоў і сясцёр або іх дзяцей, маіх пляменнікаў. Іх бацьку ці дзеда звалі Філіп Емяльянавіч АЛІПА, 1906 года нараджэння. Ён паехаў у 1928 годзе з вёскі Збураж Маларыцкага раёна разам з сябрамі ў Аргенціну. Там ажаніўся і дадому не вярнуўся. У сваім лісце, які даслаў у 1936 ці 1938 годзе свайму брату Антону, пісаў, што жыве добра і ў яго ёсць дочкі Ганна і Марыя. На жаль, адрас згубіўся. У 1952 годзе Філіп даслаў ліст другому брату Марку ў Маларыту, у якім паведаміў, што ў яго ўсё добра і ён мае пяцёра дзяцей: Ганну, Марыю, Івана, Максіма і яшчэ аднаго хлопчыка, імя якога Марк не запомніў. Адрас таксама не захаваўся, але ліст быў з Аргенціны. За такую радню за мяжой родных па прозвішчы Аліпы маглі адправіць у Сібір. Пад дыктоўку Марк напісаў ад імя суседа, што падчас Вялікай Айчыннай усе яго родныя загінулі. Прасіў прыехаць на Радзіму, што яго тут чакаюць. І адправіў пісьмо. Але з таго часу больш не было ніякіх звестак ні ад дзядзькі, ні ад яго дзяцей ці ўнукаў. Філіп мог змяніць імя і прозвішча, а таксама месца жыхарства. Вельмі хочацца знайсці каго-небудзь з родных па дзядзьку і расказаць ім праўду. У Беларусі ёсць іх родныя (каля сарака чалавек), мы будзем вельмі рады сустрэчы з імі. Дарафей Максімавіч Пракапук, Брэсцкая вобласць”.

У ВАЙНУ І ПАСЛЯ ЯЕ
“У 1944 годзе наша сям’я жыла на месцы былой панскай сядзібы Алтушкі. Мой брат пасвіў кароў. Я была тады яшчэ малая. Толькі памятаю, што ў балоце ляжаў паранены лейтэнант. Высокага росту, стройны, валасы русыя. Быў апрануты ў гімнасцёрку, падпяразаны вышываным рэменем. У яго былі нейкія партыйныя дакументы. Ён прасіў: “Калі я памру ў гэтым балоце, вазьміце мой рэмень на памяць”. Я насіла яму паесці. Ваенны знаходзіўся ў балоце, мабыць, больш за месяц. Крыху паправіўся. Аднойчы выйшаў у поле, дзе жалі жанчыны, і папрасіў паесці. Раптам убачыў немцаў і схаваўся ў авёс. Але адна са жней выдала яго ворагам. Немцы далі яму рыдлёўку і прыказалі капаць яму. Ён так і зрабіў. Фашысты прапанавалі яму закурыць, а пасля застрэлілі. У той яме яго і закапалі. На жаль, не захавалася пра гэтага чалавека ніякіх звестак. Магчыма, яго родныя нават і не ведаюць, што з ім здарылася. А я добра памятаю тое месца, дзе пахаваны чалавек. Калі зацікавіла каго-небудзь гэта гісторыя, хай звяртаюцца. І яшчэ. У 1953 годзе ў нашу вёску Багаткі прыехалі салдаты з в/ч 029481 на радыёстанцыю, якая стаяла ў нас каля года. Тады я пазнаёмілася з Лёнікам Нікуліным, прызываўся ў армію ваенкаматам з Мачулішчаў. Пасля таго, як яны паехалі, ніякіх лістоў ад яго не атрымлівала. Толькі ведаю, што ён ажаніўся, жыў у Калядзічах, потым быў у турме. Пра гэта мне паведаміў мой знаёмы, якому ён сказаў: “Ведаў бы, што Ядзя не замужам, адбыў бы тэрмін, паехаў бы да яе і жылі б разам”. На гэтым сувязь наша абарвалася. Хочацца ведаць, як склаўся лёс Леаніда Ільіча НІКУЛІНА. Сніцца ён мне часта. Няхай адгукнецца. Ядвіга Паўлаўна Навасельская”.

АДНАКЛАСНІКІ, СЯБРЫ

“У кожнага з нас ёсць свой куточак на зямлі, куды заўсёды хочацца вяртацца праз гады-дзесяцігоддзі, у снах, ва ўспамінах... Для мяне такім месцам стала Падсвілле, што на Віцебшчыне. За два кіламетры ад яго прайшло маё дзяцінства, незабыўная пара. І сёння, праз пяцьдзесят гадоў перад вачыма тыя маляўнічыя мясціны, дзе быў наш Пліскі дзіцячы дом. Колькі разоў у думках я вярталася туды, хадзіла па знаёмых сцежках у школу, купалася ў возеры. Зараз на месцы дзіцячага дома жылы квартал. Яго жыхары гавораць, што на гэта месца часта прыязджаюць людзі, мабыць, былыя выхаванцы. І доўга задуменна блукаюць у тых мясцінах. Можа, сярод прыезджых былі і мае аднакласнікі. Так хочацца з імі сустрэцца, мы былі адной вялікай сям’ёй, нават замянялі родных адзін аднаму. А як вылецелі з роднага гнязда, ужо шмат гадоў не можам туды вярнуцца. Спадзяюся сустрэцца з маімі сябрамі. Я памятаю іх усіх: Рудольф ХАРЭВІЧ, Іосіф АСТРОЎСКІ, Франц КНЯЖЭВІЧ, Саша СЫСОЕЎ, Вася МАЦКЕВІЧ, Станіслаў ЛОКЦІК, Ваня СОНЦАЎ, Ваня ШЫБАЕЎ, Вова ШАРПЕНКА, Віця і Жэня БРУЕВЫ, Юра СТЭЛЬМАХ, Толя СОБАЛЬ, Яфім НІКІФАРАЎ, Ігар ЛАЗАРЭНКА, Леанід КРАСНОЎ, Віктар КУЛІКОЎ, Уладзімір КАРАСЁЎ, Валера ГОРМАШ, Казімір МАЛІНОЎСКІ і іншыя. Прашу адгукнуцца ўсіх, хто выхоўваўся разам са мной у Пліскім дзіцячым доме. Валянціна Мікалаеўна Доўгая”.
“Шукаю сваю школьную сяброўку Ліду (дзявочае прозвішча Молчан ці Малчан), ураджэнку вёскі Вялікая Валаскоўня (назва можа быць недакладнай) Касцюковіцкага раёна. Мы разам вучыліся ў школе ў вёсцы Царкавішча, скончылі сем класаў у 1949 годзе. Ліда паехала да сваякоў у Мінск, хацела, каб і я за ёй паехала, аднак мне не было як. З таго часу я пра сяброўку нічога не ведаю. Зараз жыву ў дзяцей у Мінску, магчыма, Ліда таксама жыве ў сталіцы. Спадзяюся, што яна ці яе дзеці абавязкова адгукнуцца. Надзея Бяляева”.
Сваю сяброўку шукае Тамара Васільеўна Лагута (прозвішча дзявочае). “З Таццянай Ісакаўнай НІКІЦЕНКА (прозвішча дзявочае), 1937 года нараджэння, мы бачыліся апошні раз у 1957 годзе ў Гомелі. Я там вучылася ў гандлёва-кааператыўным вучылішчы, а Таня працавала на заводзе. У Гомелі жыў Танін брат Мікалай Ісакавіч Нікіценка, прыкладна 1940—1941 года нараджэння, а яшчэ ў іх была сястра Кацярына. Я з Таняй хадзіла ў Мурын-Борскую школу (у 8—10-ы класы) з вёскі Галачоўка Касцюковіцкага раёна. І з сонцам і ў непагадзь, у лютыя маразы пешшу мы ішлі па веды ў нашу школу за 9 кіламетраў ад вёскі”.
“Мы з каляжанкамі-прыяцелькамі вырашылі звярнуцца да вас вось па якой прычыне. У 2002—2003 годзе ў Маскву да дачкі паехала наша супрацоўніца Ніна Сцяпанаўна АДЗІНЕЦ. Яна нарадзілася ў Бабруйску, працавала ў СШ № 27. Пасля смерці мужа Анатоля Пяткевіча яна не змагла быць адна і вырашыла паехаць да дачкі Галі (дзявочае прозвішча Пяткевіч, аднак яна была замужам). У Маскве жыў і сын Ніны Сцяпанаўны Юрый. Ад’язджаючы, яна абяцала пісаць і тэлефанаваць, аднак ніводнага ліста не даслала. Ніна Сцяпанаўна вельмі добразычлівы чалавек, настаўніца з вялікай літары. Я працавала з ёй 20 гадоў, таму добра ведаю гэту жанчыну і неабыякавая да яе лёсу. Ведаю, што муж Ніны Сцяпанаўны пахаваны ў Стоўбцах, там жылі яго браты па прозвішчы Пяткевіч. Магчыма, гэтым людзям вядома, як склаўся лёс Ніны. Надзея Філімонаўна Сарокіна, Бабруйск”.
“У 1958 годзе мы скончылі Калінкавіцкі заатэхнічны тэхнікум і разляцеліся па белым свеце. З намі вучылася шмат дзяўчат і юнакоў з Калінкавіцкага дзіцячага дома. Сярод іх былі Марыя Васільеўна МАЗУР і Васіль (імя па бацьку не памятаю) НОВІК. Пасля заканчэння яны пажаніліся і паехалі ў Ленінградскую вобласць. Цікава, як склаўся лёс гэтай пары. Валянціна Якаўлеўна Ярашэвіч (Іваноўская)”.

ПРАВАДНІЦА
“Увосень 1955 года я ехаў з Глыбокага да Полацка на таварняку. Пазнаёміўся з дзяўчынай, правадніцай поезда “Полацк–Віцебск” (пра гэта яна расказала ў дарозе). Калі прыехалі ў Полацк, яна на развітанне запрасіла мяне ў госці. Аднак я спяшаўся дадому, ішоў цэлую ноч. На жаль, не памятаю, як завуць тую жанчыну, спадзяюся толькі, што яна ўспомніць мяне. Г.М.Іваноў, Полацк”.

Вярнуцца ў дзяцінства
“Я нарадзілася ў маленькай вёсачцы Скароды Мядзельскага раёна, вучылася ў васьмігадовай школе ў вёсцы Лук’янавічы. Сябравала з Фаінай Пятроўнай ЧАРНЯЎСКАЙ. Пасля апошняга званка аднакласнікі пайшлі па сваіх жыццёвых сцежках. Многіх не бачыла шмат гадоў. Пра Фаіну ведаю, што яна 1952 года нараджэння, ураджэнка вёскі Круці Мядзельскага раёна, жыла ў Мінску, працавала ў банку. Я на пенсіі, 38 гадоў настаўнічала ў пачатковых класах. Часу цяпер шмат, таму часта ўзгадваю школьныя гады, наша сяброўства. Хочацца хоць на хвілінку вярнуцца ў сваё дзяцінства. Чакаю сустрэчы з Фаінай. Валянціна Уладзіміраўна Півавар (Шаранговіч), Уздзенскі раён”.

ПОШУКІ І ЗНАХОДКІ

Ірына Аўсеенка (Чарнышова) шукала сваіх аднакласнікаў, выпускнікоў сумгаіцкай школы № 17 (Азербайджан). Яна ездзіла на праграму “Жди меня” на сустрэчу з імі (перадачу можна будзе ўбачыць у ліпеньскім эфіры). Амаль пра ўсіх аднакласнікаў вядома, дзе яны жывуць, як склаўся іх лёс пасля школы. Толькі пра адну, Валянціну, не было звестак з 1985 года. Чулі, што яна пераехала ў Беларусь, жыла ў Бабруйску, выйшла замуж і прозвішча па мужу Малчанская. Знайсці Валянціну Малчанскую было нялёгка. Але з дапамогай тэлефаністак “Белтэлекама” гэта ўдалося.
— Вядома, я памятаю аднакласнікаў, настаўнікаў, але не думала, што мяне будуць шукаць, — здзівілася і парадавалася Валянціна. — Пасля заканчэння школы мы пераехалі ў Беларусь, на бацькаву радзіму. Я закончыла механіка-матэматычны факультэт БДУ, працую настаўніцай у школе. Маю траіх дзяцей. У Азербайджане апошні раз была дзесьці ў 1985 годзе. Да мяне прыязджала сяброўка і аднакласніца Вікторыя Афанасьева. Буду рада ўбачыць аднакласнікаў. І прашу адшукаць маю куму Ірыну (прозвішча не памятаю), разам з якой пасля размеркавання працавалі ў школе ў вёсцы Сяліба Бярэзінскага раёна. Ірына павінна жыць у Беразіно.
Калегі перадалі Ірыне Аўсеенка адрас і нумар тэлефона Валянціны. А Ірына паведаміла, што ў ліпені—жніўні ў Мінск прыедуць аднакласнікі, пра гэта яны дамовіліся ў Маскве на праграме “Жди меня”. Яна абяцала расказаць пра сустрэчу праз дзесяцігоддзі.


Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11
e-mail:regina@ng-daily.by;
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача “Помнi iмя сваё...”; е-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter