" НОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Нашы калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё зачытвалi, а мы друкавалi лiст ад Валянцiны Пабягайлы-Варановiч з Ляхавiцкага раёна. Яна шукала сяброўку дзяцiнства Ларысу Уладзiмiраўну Гармановiч.
ПОШУКI ЗАВЯРШЫЛIСЯ

Былая супрацоўнiца Ларысы Уладзiмiраўны Гармановiч патэлефанавала i паведамiла, што яе шукае сяброўка.
— Я так узрадавалася, — расказвае жанчына, — мы ж 40 гадоў не бачылiся. Валечка, дарагая, дзякуй табе за тое, што мяне знайшла. У мяне дарослы сын, а з тваiмi дзецьмi я пазнаёмлюся. Мне вельмi прыемна, што ты назвала дачку Ларысай. Я цябе таксама памятаю. I мы абавязкова з табой сустрэнемся.
Прыемную вестку атрымае i Рэня Васiльеўна Кажамякiна-Лiсок. Яна адшуквала школьнага сябра Мiкалая Дзянiсавiча Канаваленку, з якiм жылi i вучылiся ў Буда-Кашалёўскiм раёне. Пасля школы Мiкалай пайшоў у армiю, а Рэню ўзяў да сябе дзядзька ў Свярдлоўск. Яны некаторы час перапiсвалiся. Апошнi лiст ад Мiкалая прыйшоў у 1955 годзе. Тады ён служыў у Прыморскiм краi: горад Уладзiвасток, бухта Вольга. На гэтым сувязь абарвалася. I вось з дапамогай сумеснага праекта “Помнi iмя сваё...” яна зноў можа аднавiцца.
— Мы разам хадзiлi ў школу, — расказаў Мiкалай Дзянiсавiч. — Потым яна ў Свярдлоўск паехала, а я ў армiю пайшоў, пiсаў ёй. Затым шляхi разышлiся. Я яе часта ўспамiнаю: гэта ж маё, лiчы, першае каханне.
Вольга Iванаўна Ролева (Зайка) з Мастоў прасiла дапамагчы  ў вышуку зводных сясцёр Нэлi, Тонi i Тамары Ролевых.  Жанчына нiколi не бачыла бацькаву другую сям’ю. Толькi ведае, што яны жылi ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна (а  яна з мацi ў Вiлейцы). “Мне зараз 70 гадоў i так хочацца сустрэцца з сёстрамi, якiх я нiколi не бачыла, мы ж адна кроў”, — пiсала Вольга Iванаўна. I недарэмна. Адгукнулася Антанiна Iванаўна Ролева i папрасiла даслаць адрас сястры. Што мы з вялiкiм задавальненнем i зробiм. Спадзяёмся, што зводныя сёстры нарэшце сустрэнуцца i пазнаёмяцца.


ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I

“Да вайны мы жылi ўсе разам: чатыры хлопчыкi, мацi Еўдакiя Васiльеўна Сакалова i бацька Мiхаiл Монтавiч Балыкiн. Пачалася вайна. Бацька пайшоў ваяваць. Мяне i брата Яўгена Мiхайлавiча Балыкiна, 1925 года нараджэння, эвакуiравалi ў тыл, а мацi з двума малодшымi сынамi Варленам i Алiкам засталася ў Вiцебску. Пасля вайны я пачаў шукаць родных. Даведаўся, што бацька загiнуў у Румынii, там i пахаваны ў брацкай магiле. Мацi i старэйшага брата знайшоў у Вiцебску. А вось дзе мае малодшыя браты, не ведаю дагэтуль. Мацi расказвала, што пасля вайны яе пасадзiлi ў турму, а дзяцей адправiлi ў дзiцячы дом, у якi — не ведала. Я шукаў iх, але безвынiкова. Зараз спадзяюся толькi на ваш праект. Мае браты Варлен Мiхайлавiч БАЛЫКIН, 1933 года нараджэння, i Алiк Мiхайлавiч БАЛЫКIН, 1938 года нараджэння. Браточкi, калi вы жывыя, адгукнiцеся. Вас шукае брат Анатоль Мiхайлавiч Балыкiн з Вiцебска”.

ПРАСIЎ ЯГО ЧАКАЦЬ

Жанчына з Рэчыцкага раёна сваё прозвiшча прасiла не называць. “Я з 1929 года нараджэння i памятаю вайну. Як вызвалiлi нашы Васiлевiчы, мы прыйшлi з лесу i ўбачылi, што ў нашым доме шмат салдат i афiцэраў. Гэта былi сувязiсты, якiя выконвалi заданне i спынiлiся, каб адпачыць. Каля печкi завiхаўся повар, гатаваў абед. Гэта быў малады хлопец, 1926 года нараджэння (як я потым даведалася), звалi яго Фёдар Ягоравiч КУЛIК. Гатаваў ён хутка, смачна, асаблiва запяканку з макаронаў, пра якую я тады яшчэ нiчога не ведала. Бульбу для супу чысцiлi я з сяброўкамi i мая мама. Пабылi яны ў нас тры тыднi i пайшлi далей, на захад. Фёдар мне прыслаў пiсьмо i прасiў чакаць яго. Мiнуў амаль год, i адзiн з сяброў-сувязiстаў напiсаў мне, што Фёдар загiнуў у Балгарыi на яго руках. Шкада было вельмi, мы ўсе плакалi. А потым Фёдар прыслаў пiсьмо, у якiм паведамляў, што быў цяжка паранены i кантужаны, ляжаў у шпiталях, а калi вярнуўся на радзiму, то вырашыў прыслаць мне лiст. Я напiсала яму, што выйшла замуж, i перапiска наша на гэтым спынiлася. 63 гады мiнула, а мне не дае спакою тая гiсторыя, хочацца даведацца, як склаўся лёс Фёдара. Калi раны не далi яму доўга жыць, то, можа, хто-небудзь з яго родных, дзяцей, унукаў прышле пiсьмо, а ў мяне з душы звалiцца камень. Асаблiва буду рада, калi адгукнецца сам Фёдар Ягоравiч. Думаю, што нам будзе што сказаць адно аднаму”.

Мы зноЎ знайшлiся! Свайго стрыечнага брата Пятра Якаўлевiча Мiкулевiча вiляйчанка Таццяна Фёдараўна Русiновiч знаходзiла двойчы. Першы раз, адразу пасля вайны, родныя людзi сустрэлiся дзякуючы... бежанцам, а зараз — звярнуўшыся да нашага пошукавага праекта “Помнi iмя сваё...”.

Пiсьмо на адрас праекта даслаў Пётр Якаўлевiч Мiкулевiч з вёскi Слабада Шумiлiнскага раёна. Прасiў дапамагчы ў пошуку стрыечных сясцёр Таццяны Фёдараўны Мiкулiч i Зiнаiды Фёдараўны Мамай. Апошнi раз яны бачылiся ў 1965 годзе. Жылi сёстры тады ў Вiлейцы, але потым сувязь з iмi перарвалася. Петр Якаўлевiч памятае стары адрас, па якiм жыла Таццяна з бацькам. Але за сорак гадоў яна магла выйсцi замуж, змянiць прозвiшча i ўвогуле выехаць куды-небудзь.
Карэспандэнту “Народнай газеты” ўдалося знайсцi абедзвюх сясцёр Пятра Якаўлевiча. На жаль, старэйшая, Зiнаiда Фёдараўна, вельмi хворая, а вось Таццяна Фёдараўна Русiновiч (у дзявоцтве Мiкулiч) памятае ўсё. На запытанне, цi можа хто яе адшукваць, адрэагавала адразу. Толькi падумала, што шукаюць яе маскоўскiя знаёмыя, з якiмi страцiла сувязь. Таццяна Фёдараўна i расказала нам такую цiкавую гiсторыю.
— У майго бацькi, звалi яго Фёдарам, быў родны брат Якаў. Прозвiшча абодвух было Мiкулiч, але пасля вайны Якаў чамусьцi стаў Мiкулевiчам, напэўна, пераблыталi ў сельсавеце. Падчас вайны браты разлучылiся — Якаў партызанiў дзесьцi на Вiцебшчыне, а потым след яго згубiўся. Аднойчы ў наш дом зайшоў бежанец, якi вяртаўся на радзiму, у Вялiкiя Лукi. Мае бацькi абагрэлi, накармiлi яго, прапанавалi пераначаваць — ужо бралася на восень, i надвор’е было халаднаватае. Вечарам разгаварылiся за сталом, i бацька паскардзiўся, што вайна разлучыла яго з братам. Удзячны за дапамогу вандроўнiк сказаў, што абавязкова знойдзе брата. I, ведаеце, слова сваё стрымаў.
Памятаю, як першы раз я ехала ў госцi да дзядзькi. Ён жыў тады ў вёсцы Заронава Вiцебскага раёна. Прыехала ў Вiцебск, а цягнiк прыйшоў надвячоркам. Не ведала, як дабрацца да таго Заронава. Дзякуй, добрыя людзi падказалi, дапамаглi. У дзядзькi Якава было трое дзяцей — сыны Пётр i Андрэй i дачка Таццяна. Андрэй жыў у Вiцебску, Пеця — у Заронаве, а Таня — у Шумiлiне.
Са стрыечнымi братамi мы бачылiся нярэдка. Адна з нас, чатырох сясцёр, жыве ў Мурманску, а яе сын — у Санкт-Пецярбургу. Каб даехаць туды, раней трэба было рабiць перасадку ў Вiцебску. I мы спынялiся ў Андрэя, гасцявалi ў яго, ён нас праводзiў на цягнiк. Памятаю, што скончыў ён iнстытут, працаваў недзе “па электрычнасцi”, а жонка — у магазiне.
Калi ж даехаць да Мурманска стала магчымым з Мiнска, мы перасталi ездзiць да Андрэя. Дзесьцi ў 1965 годзе гэта i было. Даўжэй за ўсiх наша перапiска працягвалася са стрыечнай сястрой Таццянай, у мяне нават адрас яе захаваўся — жыла яна ў Шумiлiне i працавала паштальёнам. Ведаю, што яна моцна хварэла, можа, памерла, таму i перапiска перарвалася.
А на гэтым тыднi мне нейкi дзiўны сон прыснiўся. Снiла, што ў хаце ў нас шмат мужчын, усе мае сваякi — i тата, i дзядзька Якаў, i браты стрыечныя. Прачнулася — цiха, бо жыву я пасля смерцi мужа адна. А тут такая навiна! Вялiкi дзякуй брату Пецю, што адшукаў нас. Абавязкова напiшу яму пiсьмо. Не ведаю, цi зможам мы сустрэцца, усе ўжо старыя.
Вялiкi дзякуй Вам, журналiсты, што робiце такую важную справу — дапамагаеце людзям знайсцi адзiн аднаго.

Наталiя ВАЛЫНЕЦ, “НГ” НIХТО НЕ ЗАБЫТЫ

“На магiлёўскiх могiлках я даглядаю за магiлай, якая пяць гадоў таму была забытая: зарасла травой i лазой. На помнiку ёсць медальён з фотаздымкам чалавека з ордэнамi i медалямi i надпiс: “Iваноў Тарас Якаўлевiч, 1892 года нараджэння, памёр 22.12.1961 года. Дарагому мужу ад жонкi”. Па ўсiм бачна, што дзяцей у гэтай сям’i не было. Ды i родных, напэўна, таксама, бо магiлка была запушчана. Многа сiлы я патрацiла, пакуль прывяла пахаванне ў належны выгляд. Зараз думаю: калi не ў Магiлёве, то, можа, у iншых населеных пунктах Беларусi ёсць хоць далёкiя сваякi Тараса Якаўлевiча IВАНОВА. Можа, яны прыедуць наведаць магiлу роднага чалавека. Буду рада iх сустрэць. Нiна Андрэеўна Голубева, горад Магiлёў”.

ФРАНТАВОЕ КАХАННЕ

Сваю маладосць успамiнае мiнчанка Чайкiна-Мiхайлоўская. “Я служыла ў лётнай часцi дзеючай армii 3-га Украiнскага фронту. Мне тады было 17 гадоў, i я пазнаёмiлася з маладым капiтанам Вiктарам ЦЯЛЬБIЗАВЫМ. Мы пакахалi адзiн аднаго. Вiктар прапанаваў выйсцi за яго замуж, але мяне ў хуткiм часе перавялi служыць у Бахарэст, дзе я працавала з высокачастотнай сувяззю. А вось сувязь з сябрам была страчана. Вельмi прашу знайсцi яго. У гэтым, напэўна, можа дапамагчы Мiкалай ГАРБУЗЕНКА, якi працаваў са мной побач на станцыi. Мiкалай, вельмi прашу, адгукнiся. Паведамi мне нумар часцi, дзе мы служылi. Я яго забылася. Памятаю, калi я прыехала ў часць, там служыла маладая жанчына Вера. Яна была цяжарная, i яе перавялi туды, дзе служыў муж. Яго прозвiшча было Калеснiкаў. Вера, адгукнiся. Буду вам вельмi ўдзячная, сябры”.

АдгукнІцесЯ, МАСЛОЎСКIЯ!

Анфiса Iванаўна Маслоўская з Жодзiна хоча знайсцi сваю пляменнiцу Галiну, 1950 года нараджэння. “Мой брат Леанiд Iванавiч Маслоўскi, 1932 года нараджэння, да службы ў войску ажанiўся з Марыяй Мiкалаеўнай Астапковiч, 1932 года нараджэння. У iх нарадзiлася дачка Галя. Марыя не дачакалася мужа з армii, паехала з другiм мужчынам. Забрала з сабой i Галю. У 1961-м мой брат трагiчна загiнуў. Аднойчы я атрымала фотаздымак Галi, тады першакласнiцы. Адрас на канверце быў невыразны, здаецца, пiсьмо прыйшло з Пермскай вобласцi. Я хачу, каб Галя ведала, што ў Беларусi ў яе ёсць стрыечныя браты i сёстры, дзве цёткi — сёстры бацькi. А раптам пашанцуе знайсцi нашу Галю МАСЛОЎСКУЮ! Добрыя людзi, дапамажыце мне. Вельмi прашу вас усiх, спадзяюся i буду чакаць вестачку”.
Дзiўна, але i аўтар наступнага лiста хоча знайсцi людзей з такiм жа прозвiшчам, а дакладней, Уладзiмiра Канстанцiнавiча i Генадзя Канстанцiнавiча МАСЛОЎСКIХ. “Уладзiмiр прыблiзна 1934 года нараджэння, а Генадзь крышачку маладзейшы. Iх бацькi жылi ў мястэчку Быцень Iвацэвiцкага раёна. Уладзiмiр працаваў пчаляром у Лунiнцы. Апошнi раз мы з iм сустракалiся ў 1959 годзе. Цяпер, як разумееце, не маладыя, а вельмi б хацелася ўбачыцца яшчэ на гэтым свеце. Елiзавета Iванаўна (цяпер Выдумчык), Магiлёўская вобласць”.

ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК

“Хачу даведацца пра лёс бацькi Анатоля Адамавiча БАРАНАВА, 1916 года нараджэння, ураджэнца Магiлёўскай вобласцi. Я звярталася ў архiў Мiнiстэрства абароны ў Падольску. Атрымала адказ — у картатэцы ўлiку незваротных страт афiцэрскага складу значыцца: лейтэнант Баранаў Анатоль Адамавiч, намеснiк камандзiра роты 184-га стралковага палка 56-й стралковай дывiзii, прапаў без вестак у 1941 годзе. Мы звярталiся ў Чырвоны Крыж у Мiнску, пiсалi на праграму “Жди меня” — пакуль безвынiкова. У мяне ёсць фотаздымак бацькi i яго сяброў, на якiм напiсана: горад Мядзвежагорск 8.03.39 года. Можа, гэта дапаможа ў пошуку. Усё жыццё мне не хапала бацькi. Вельмi балюча думаць, што нi я, нi мае дзецi i ўнукi не змогуць даведацца пра яго лёс. Людмiла Анатольеўна Куваева, горад Мiнск”.
Нiна Пахомаўна Кульга з Бешанковiч шукае iнфармацыю пра брата Уладзiмiра Пахомавiча МАРОЗА, 1923 года нараджэння, якi прапаў без вестак у першыя днi Вялiкай Айчыннай. “У 1940 годзе Уладзiмiр закончыў Бешанковiцкую школу i паехаў вучыцца ў школу ФЗН № 7 у Данбас. Зiмой 1941-га брат уцёк са школы, за што Бешанковiцкi раённы суд прыгаварыў яго да шасцi месяцаў пазбаўлення волi. Пакаранне адбываў у вiцебскай турме. Калi пачалася вайна, у чэрвенi 1941 года, ён яшчэ знаходзiўся ў турме. I вось з таго часу пра яго нiякiх вестак няма. Пасля вайны бацькi шукалi яго, але безвынiкова”.
“Мой брат Пётр Сямёнавiч САДОЎНIКАЎ, 1919 года нараджэння, ураджэнец Добруша. У 1939 годзе вучыўся ў Мiнскiм ваенным вучылiшчы. Служыў у Выбаргу ў пагранiчнай часцi. Быў лейтэнантам. У 1941-м служыў на гранiцы. Родныя атрымалi паведамленне, што Пётр прапаў без вестак. Наш бацька, мацi, сёстры памерлi, так i не ведаючы, дзе знайшоў спачын iх сын i брат. Зараз адказ на гэта пытанне шукаю я, малодшая сястра Пятра Еўдакiя Сямёнаўна Гуцэва”.

IХ НАЗЫВАЛI  ФРАНЦУЗАМI

“Шукаю каго-небудзь з сям’i ШЫМАНАЎ, якiя паехалi з Данбаса, з горада, што зараз называецца Данецк. Яны былi маiмi суседзямi. Жылi мы ў адным трохпавярховым доме на вугальнай шахце 10“бiс”. Суседа звалi Iван, а яшчэ вельмi часта Жан. Суседку — Вольга. Былi яшчэ, здаецца, Андрэй, iх брат, i малодшая сястрычка, iмя яе, на жаль, не памятаю. Бацькоў iх, канешне, даўно ўжо няма сярод жывых. Iвану, Вользе i Андрэю, напэўна, больш за 70. Яны ўсе  прыехалi з Францыi пасля Другой сусветнай вайны, а з Данбаса перасялiлiся на бацькаўшчыну, куды дакладна — не ведаю. У 1965 годзе я пачуў, як па Беларускiм радыё расказвалi пра нейкi шклозавод i называлi сям’ю Шыманаў, што там працавала. Я паслаў пiсьмы на шклозаводы ў Слонiме i Бярозе, але адказу не атрымаў. Можа, вы дапаможаце знайсцi маiх былых суседзяў. Магчыма, на тым шклозаводзе, дзе яны працавалi, iх называлi французамi, як i на Данбасе. Думаю, што Францыя, дзе яны нарадзiлiся, i Данбас, дзе пражылi цяжкiя пасляваенныя гады, запомнiлiся iм на ўсё жыццё. Таму, магчыма, успомняць i мяне, хлопца-суседа, якога яны звалi Шурыкам. Аляксандр Аляксандравiч Салагуб, горад Маладзечна”.


ДРУЖБА ПРАЗ ГАДЫ

“Да вас звяртаецца Венера Францаўна Салавей з Баранавiч. Дапамажыце знайсцi двух братоў ЦЯРЭШКАЎ: Аляксандра Iванавiча, 1958 года нараджэння, i Iвана Iванавiча, якi нарадзiўся ў 1961-м. Калi бацькi памерлi, братоў уладкавалi ў дзiцячы дом. У якiм годзе гэта было, не памятаю. Зараз, канешне, яны дарослыя, i ў iх, напэўна, ёсць свае дзецi, а можа, i ўнукi. Вельмi хочацца iх знайсцi”.
Нiна Аляксандраўна Апанашчык (Шкалiкава) з Ганцавiч хоча знайсцi сваю сяброўку Марыю КУРАТНIК. “Родам яна, здаецца, з Целяхан. У 1966 годзе мы з ёй працавалi на швейнай фабрыцы ў Баранавiчах i разам жылi ў iнтэрнаце. У 1969-м я выйшла замуж за Аркадзя Апанашчыка, i мы з iм паехалi жыць у Ганцавiчы. Туды мужа накiравалi на працу па размеркаваннi. З таго часу з Марыяй мы больш не бачылiся, а так хочацца даведацца пра яе лёс”.

РОДНЫЯ ЛЮДЗI

Жыхарка Жлобiна, пенсiянерка Iрына Прохараўна Шаўцова шукае дачку Жанну Аляксандраўну КРУЛIК (дзявочае прозвiшча Французава), 1967 года нараджэння. “З 1993 года яна жыла ў Польшчы, у Чанстахове. Да 2004-га мы падтрымлiвалi сувязь, але раптам яна абарвалася. У дачкi двое дзяцей: Надзея Крулiк, 1975-га, i Тамаш Крулiк, 1992 года нараджэння”.
“Хачу знайсцi свайго бацьку МАМЕДАВА Алiка (iмя па бацьку не памятаю). Мае мацi i бацька пазнаёмiлiся ў Светлагорску, пажанiлiся i жылi добра, пакуль не прыехаў бацькаў брат. Ён перавёз iх у Магiлёўскую вобласць, дзе мае бацькi разам пражылi нядоўга, скасавалi свой шлюб. Гэтага хацела мацi, потым шкадавала, праўда, але было позна. Так яны i рассталiся. У бацькi ёсць сястра. Яе завуць Рада Джадарова (Мамедава), жыве ў Бабруйскiм раёне. Я жыву ў Магiлёве. У мяне дзве дачкi: Марына (19 гадоў) i Iра (17 гадоў). Старэйшая працуе, а малодшая яшчэ вучыцца. Мама з той вёскi пераехала, жыве цяпер пад Мiнскам. Татачка, вельмi прашу цябе, адгукнiся! Святлана Адалятаўна Мамедава”.

НЕЗАБЫЎНАЕ
“Дапамажыце знайсцi майго каханага чалавека Леанiда НIКУЛIНА. У 1951—1952 гадах ён служыў у войску. Iх часць была непадалёку ад нашай вёскi. Мы пакахалi адзiн аднаго, але Леанiда перавялi на службу пад Мiнск, у Калядзiчы, i мы рассталiся. Вельмi хочацца даведацца, як склаўся яго лёс. Ядвiга Паўлаўна Навасельская (Яхiмовiч), Лiдскi раён”.
Тамара Iванаўна Лушчына з Магiлёва шукае сябра сваёй маладосцi Георгiя Мяфодзьевiча ШЫБЕКУ. “У 1955 годзе мы разам закончылi Смальянскi сельскагаспадарчы тэхнiкум. Па размеркаваннi я паехала працаваць у Магiлёўскае абласное ўпраўленне сельскай гаспадаркi, а ён — у Вiцебскае. У 1963 годзе я закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмiю. Ён змянiў месца жыхарства, стаў працаваць у Бераставiцкiм раёне. Наколькi я ведаю, ажанiўся з дзяўчынай, якая закончыла Гродзенскi сельскагаспадарчы iнстытут. Цiкава, як склаўся далейшы лёс Георгiя”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей, хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
 з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by  
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter