ІІ Нацыянальная тэатральная прэмія распачалася неверагодным лазерным шоу

А таксама хвалюючым спектаклем паводле рамана Уладзіміра Караткевіча

А таксама хвалюючым спектаклем паводле рамана Уладзіміра Караткевіча.

На адкрыцці прэміі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага быў сапраўдны аншлаг. Хоць цырымоніі адкрыцця, па сутнасці, і не было. Затое было неверагодна прыгожае лазернае шоу — з яркімі фарбамі, зіхатлівымі промнямі і 3D-маскамі — сімваламі тэатра, якія луналі пад столлю і да якіх, здавалася, можна было нават дакрануцца рукамі. А пасля, амаль адразу — спектакль Віцебскага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа “Леаніды не вернуцца на зямлю” паводле рамана “Нельга забыць” Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы Міхася Краснабаева.

Дынамічна, рытмічна, напружана... Ігра віцебскіх акцёраў здзівіла і ўсхвалявала. Гэтак жа, як лаканічнае афармленне сцэны, дзе рухомая платформа станавілася то студэнцкай аўдыторыяй, то пакоем інтэрната, то паромам на бурнай рацэ. Як рэжысёрскае рашэнне спалучыць мінулае і сучаснасць і на адной сцэне паказаць жывых і продкаў, якіх даўно няма, але памяць пра якіх жыве і цяпер. А музыка! Здаецца, яна яшчэ доўга будзе стаяць у вушах, выклікаючы ў памяці чырвоны колер гранатаў, рассыпаных па сцэне, празрыстыя бруі дажджу і пяшчотныя шчырыя абдымкі галоўных герояў Ірыны Горавай і Андрэя Грынкевіча. Спектакль узрушыў гледача настолькі, што ў зале амаль усё прадстаўленне то тут, то там чулася ціхае ўсхліпванне. А пасля спектакля авацыі цягнуліся так доўга, што акцёрам давялося выходзіць на паклон разоў шэсць.

Яркі пачатак, нічога не скажаш. Адзіныя думкі пасля спектакля — хай бы і астатнія намінанты ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі парадавалі гэтак жа. Нагадаем, на перамогу ў 10 намінацыях прэміі сёлета прэтэндуюць 16 спектакляў. Усе іх можна ўбачыць на гэтым тыдні (з 12 па 18 лістапада) на тэатральных пляцоўках Мінска. Разам з гледачамі на кожным спектаклі ў зале прысутнічае адборачная камісія — аж 112 дзеячаў культуры і мастацтва!, — якая і павінна вызначыць пераможцаў. Каму дастануцца бронзавыя статуэткі “Купалінкі” і прэміі ў 60 і 250 базавых велічынь, а таксама спецыяльны прыз ад “Народнай газеты” — за народнасць і грамадзянскасць — стане вядома 19 лістапада на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter