Руководитель Института микробиологии Эмилия Коломиец: часто научные идеи приходят во сне

«Наша навука зараз апярэджвае фантазію»

Выказванне слыннага рускага вучонага Мікалая Пірагова: «Дзе гаспадарыць навука, там вялікае творыцца малымі сродкамі» — трапна апісвае дзейнасць Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі. За няпоўныя два дзесяцігоддзі кіравання ім доктар біялагічных навук, прафесар, акадэмік НАН Эмілія КАЛАМІЕЦ вывела ўстанову на сусветны ўзровень. Распрацоўкі вучоных запатрабаваны як у рэспубліцы, так і за мяжою.

Эмілія Іванаўна таксама ўзначальвае ДНПА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне мікрабіёлагаў, удзельнічае ў фарміраванні стратэгіі развіцця мікрабіялагічнай галіны Беларусі, кіруе міждзяржаўнымі біятэхналагічнымі праграмамі, задзейнічана ў іншых важных справах.

За плённую працу адзначана ордэнам Пашаны, ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу, Мінсельгасхарча, Міністэрства аховы здароўя, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук, еўразійскай прэміяй «За асаблівыя дасягненні», ордэнам Дружбы кітайскай правінцыі Шаньдун, уганаравана званнямі «Заслужаны дзеяч навукі» і «Вучоны года НАН».


З вокнаў дырэктарскага кабінета праз ажыўленую вуліцу відаць шматпавярховы будынак Парка высокіх тэхналогій. Гэту сталічную мясціну называюць беларускай «сіліконавай далінай». У размешчаных тут установах генерыруюць і даследуюць навуковыя ідэі. У калектыве ДНПА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», якім кіруе Эмілія Іванаўна, высокія паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Невыпадкова яна першай сярод навукоўцаў уганаравана званнем «Вучоны года».

— Як пачынаўся ваш шлях да навуковага Алімпа?

— З навядзення элементарнага парадку ў будынку Інстытута мікрабіялогіі. У той час прадпрымальнікі арандавалі тут памяшканні, захламілі іх і падворак. Заўзята ўзяліся чысціць так званыя аўгіевы стайні. Пачалі з цокальнага паверха. У адрамантаваных пакоях размясцілі цэнтр генна-інжынерных даследаванняў. І так кожны паверх даводзілі да ладу. Намеснік старшыні прэзідыума НАН здзівіўся, як нам удалося справіцца. А сакрэт просты: з дзяцінства мяне прывучылі да парадку, і ад падначаленых яго патрабую.

У нашым вясковым доме і сядзібе панавала чысціня. Да бацькі ў калгасную кузню з раніцы стаяла чарга. Ён спрытна каваў коней, вырабляў сялянскія прылады: сярпы, капачкі, вілы. Некаторыя з іх захоўваюцца ў музеі. Аднавяскоўцы абіралі бацьку дэпутатам сельсавета.

Побач з нашай свіслацкай вёскай Заполічы пралегла дзяржаўная мяжа, і брат бацькі Адольф апынуўся ў Польшчы. У сярэдзіне мінулага стагоддзя, падчас чарговай хвалі перасялення, нам прапаноўвалі пераезд, але бацька катэгарычна адмовіўся. Два старэйшыя сыны тады вучыліся ў інстытутах. Мы з сястрой Янінай хадзілі ў школу. Падрастала малодшая за мяне на дзесяць гадоў Ядзя. Бацька разважаў: усе пяцёра дзяцей вучацца, а хто ў Польшчы дасьць ім бясплатную адукацыю? Дзядзька Адольф скончыў гімназію і працаваў настаўнікам. У ваенныя гады яго прызвалі ў польскае войска, а потым ён стаў польскім афіцэрам. У Катыні яго расстралялі. Трагедыя боллю адгукнулася ў сэрцах родных. Усё трэба перажыць. Гісторыю не памяняеш. Факты не варта перакручваць, як і звяргаць помнікі савецкім воінам, якія аддалі свае жыцці, змагаючыся з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Усё развіваецца па спіралі. На плошчы ў маім свіслацкім мястэчку Поразава, дзе прайшло дзяцінства, стаіць помнік Леніну. Гэта наша гісторыя. Маё пакаленне вырасла ў савецкі час, і гэта многае вызначае. Усяго дабіваліся самі, ні на каго не спадзяваліся. Лічу, што любую падзею трэба ўспрымаць узважана і не рабіць паспешных вывадаў. Прыйдуць новыя пакаленні, і для іх абавязаны зберагчы праўду. У Год гістарычнай памяці ў кожнай сям'і ёсць што ўзгадаць.

— Вы раслі ў вялікай сялянскай сям'і. Атрымалі ў сталіцы вышэйшую адукацыю, абаранілі кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, лёс узняў вас да вяршынь навукі. А ў сэрцы засталася малая радзіма?

— Бацькоўскі дом незабыўны. Столькі з ім звязана. Як гісторыя з маці. Яна збірала вішні, упала з лесвіцы і зламала нагу. Нікога побач не было. Самастойна паўзла да парога і занесла інфекцыю ў рану. Пайшло заражэнне, нагу ампутавалі. Амаль 20 гадоў пражыла інвалідам. Калі ў бацькі здарыўся інсульт, даглядала яго.

Як маці аўдавела, прыехала наведаць яе. Матуля загарэлася ідэяй перакрыць дах нашага доўгага, метраў на дваццаць, хлява. Як ні ўгаворвала, што няма ў гэтым патрэбы, не пераканала маці. Яна малілася, каб задуманае здзейсніць. Так і выйшла. На падворак нам прывезлі шыфер, бэлькі, цвікі. Мне засталося толькі наняць рабочых, каб абнавілі дах. Зараз у бацькоўскай сядзібе гаспадарыць малодшая сястра Ядзя.

Для мяне на родным падворку паветра звініць і нібыта маці абдымае (плача. — Аўт.). Кожны ад'езд ад бацькоўскага парога быў цяжкі, быццам еду ў жорны. Праца ў мяне надта адказная.

Угаварылі матулю пераехаць у горад. Тады ж адзінокім застаўся і айчым мужа. Яго таксама забралі да сябе. Размясцілі іх у розных пакоях. Каля ложка кожнага штораніцы ставілі ежу, ваду, сродкі гігіены і адпраўляліся з мужам на працу. Не ведаю, адкуль чэрпалі сілы на ўсё. У той час стала дырэктарам Інстытута мікрабіялогіі. Разлічвала рыхтавацца да заслужанага адпачынку, але лёс распарадзіўся па-свойму: мяне прызначылі генеральным дырэктарам дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі».

— Спалучаеце адміністрацыйную працу з навуковай. А якія вынікі сваёй дзейнасці лічыце найбольш значнымі?

— У розныя перыяды вызначаліся прыярытэты. Наша навука зараз апярэджвае фантазію. Нам удалося стварыць калекцыю прамыслова каштоўных мікраарганізмаў, прызначаных для павышэння эфектыўнасці раслінаводства і жывёлагадоўлі. Гэтыя распрацоўкі запатрабаваныя. З праблемамі, якія раней вырашаліся толькі з дапамогай хіміі і не без шкоды для наваколля, дапамагаюць справіцца мікробныя біятэхналогіі.

Сярод мікрабіялагічных сродкаў — унікальныя па эфектыўнасці біяпестыцыды, комплексны набор, здольны абагачаць глебу і змагацца з патагеннымі мікраарганізмамі. Выпрацоўваем мікрабіялагічныя сродкі для выкарыстання ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Асобна вырабляем прэпараты для глебы, якія актывізуюць распад цэлюлозных рэшткаў і іншых элементаў. Для рэгістрацыі іх як сродку арганічнага земляробства неабходна спецыяльная служба, пакуль у Беларусі яе няма.

— Вы часта выступаеце на міжнародных навуковых форумах. Што адчуваеце, калі прадстаўляеце там краіну?

— Гонар за сваю радзіму. У інстытут прыязджалі замежныя калегі і здзіўляліся нашым навуковым вынікам. Прыемна было за сваіх падначаленых. Мы за тры гады стварылі грунтоўную навукова-вытворчую базу. На аснашчэнне яе тэхнічнымі сродкамі патрачана 8 мільёнаў долараў. Праводзім распрацоўкі і даследаванні, вырабляем прэпараты для рэалізацыі. Праца ў нас напружаная і патрабуе каласальных намаганняў.

— Існуе легенда, што Дзмітрый Мендзялееў некаторыя хімічныя элементы ўбачыў у сне. А з вамі такое здаралася?

— Часта навуковыя ідэі прыходзяць у сне. Толькі паспявай занатоўваць. Задумваюся, што гэтая інфармацыя дыктуецца зверху.

— У вас ёсць кантакт з беларускімі вучонымі-аграрыямі, якія распрацоў­ваюць дозы ўнясення мінеральных угнаенняў у глебу?

— На жаль, нашы аграрыі пакуль мала ўвагі надаюць біялагічным угнаенням як альтэрнатыве. На доследах даказваем: калі ў цёплы час года ўнесці мікраарганізм у глебу, то ён заменіць тукі. Распрацаваныя намі фасфат- і азотфіксатары паляпшаюць гумус, раскладаюць цэлюлозу. Некаторыя цяплічныя гаспадаркі выкарыстоўваюць толькі нашы прэпараты і атрымліваюць пэўны вынік.

— Зараз у свеце модны кірунак — вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі. У нас ён развіваецца?

— Над гэтым працуем. Рэгулюем тое, што парушана. Ніякія хімпрэпараты з гэтым не спраўляюцца. З кожным годам попыт на нашу прадукцыю расце. Кампаніі, які займаліся рэалізацыяй хімпрэпаратаў, пачынаюць спецыялізавацца на біялагічных сродках.

У нашых дзяржаўных цяпліцах забаронены хімпрэпараты. Мне неаднойчы даводзілася бываць у Кітаі. Там у цяпліцах выкарыстоўваюць іх шмат. Мы дэманстравалі кітайскім калегам свае эксперыменты. Кіраўнікі правінцыі Шаньдун прыязджалі і частаваліся нашымі экалагічна чыстымі таматамі. За гэта мяне адзначылі ордэнам Дружбы гэтай правінцыі.

— У вас цесныя кантакты не толькі з Кітаем, але і з краінамі, якія падтрымалі санкцыі супраць нас. Як плануеце дзейнічаць?

— Наш інстытут самадастатковы, не ўступаем замежным калегам ні па якіх параметрах. З-за пандэміі два гады не бывалі ў Кітаі. Спадзяюся, што хутка адновім кантакты. Трывалая сувязь з расійскімі навукоўцамі. Абменьваемся з імі ідэямі, планамі.

— У вашым калектыве шмат моладзі. Сярод іх вы адчуваеце сябе настаўнікам ці калегай?

— Напэўна, нешта сярэдняе. Патрабавальная, бо без дысцыпліны нічога не атрымаецца. Калі неабходна, дапамагаю маладым у даследаваннях, падрыхтоўцы дысертацый. Мікрабіёлаг — значная фігура ў навуцы. Усе нашы функцыі заснаваны на дзеянні мікраарганізмаў. Вялікая ўвага надаецца мікрабіёму. Даследуем на рубцы буйной рагатай жывёлы, што трэба адрэгуляваць для ўтварэння кіслаты, якая садзейнічае лепшаму засваенню корму.

— З падначаленымі вы дыктатар ці дэмакрат?

— Напэўна, больш дыктатар. Але адна­асобных рашэнняў не прымаю. Для мяне важна абмеркаваць праблему з кампетэнтнымі суразмоўцамі. Пачынаючых навукоўцаў папярэджваю: калі пасля завяршэння эксперыменту ён табе нецікавы, значыць, гэта не тваё. З адной лічбы можна зрабіць каласальныя вывады. Даводзілася з некаторымі развітвацца.

— А дома якая ў вас місія?

— Гаспадыня. Па гараскопе з мужам адзін аднаму падыходзім. Гараскоп — той самы Бог. Там прадказваецца лёс. У Госпада абсалютна веру. Але не разумею, чаму царква не прызнае знахароў. Сярод іх ёсць людзі ад Бога. Святар можа выгнаць злы дух з чалавека, а чаму знахар не мае такога права. Ёсць унікальныя народныя лекары. Ім зверху дадзены дар.

— Калі ў вас узнікаюць складанасці, з кім дзеліцеся?

— Звычайна з сястрою Ядзяй. Сястра Яніна жыве ў Маскве. Братоў Станіслава і Чэслава ўжо няма. Мама за нас заўжды малілася. Яна пражыла 93 гады. Яе малітвы нам дапамагалі. Мой зяць Дзмітрый духоўна багаты чалавек. Калі збіраўся на экзамен, то прасіў бабулю памаліцца за яго. Словы ў яго самі сыпаліся з вуснаў, і ён атрымліваў добрыя адзнакі.

— Жыццё вам падаравала больш салодкага ці горкага?

— Усяго было ў разліку на пэўную энергію. З прыемнага — ніколі не заседжвалася на адной пасадзе, але не рвалася да кар'еры. Імкнуся працаваць старанна. Выкройваю час на цырульню ці салон прыгажосці. І дома мяне чакаюць. Такі рытм трымае на плаву, дае зарад. Раней маміны малітвы адорвалі мяне шчаслівымі момантамі. Ад бацькоў у мяне генетычная адказнасць перад людзьмі. Калі што паабяцала, выканаю. Пераводжу гэта і на ўнучку. Кажу ёй: «Калі б ты такой не была, то лягчэй жыла б». У мяне з ёй абсалютна аднолькавы гараскоп. Па жыцці мы актыўныя і суперадказныя.

— Эмілія Іванаўна, якая вясна вам больш усяго запомнілася?

— Далёкая студэнцкая. Жылі ў інтэрнаце па 10 чалавек у пакоі. Займацца там было немагчыма. У летнюю сесію з канспектамі ў скверы Акадэміі навук рыхтаваліся да экзаменаў. Каля нас крочылі важныя асобы. Багамі ўяўляла іх і зайздросціла. Пэўна, на нябёсах маё жаданне пачулі…

— Вашы пажаданні чытачам газеты?

— Важна, каб быў спакой у душы і шмат светлага ў жыцці. Некалі акадэмік Анатоль Георгіевіч Лабанок, ганаровы дырэктар нашага інстытута, сказаў мне: «Спакой — гэта калі нічым не заняты». На маю думку, калі на душы спакойна, можаш значна большага дабіцца. Усім зычу спакою і міру.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter